Пошук


Фота: planetabelarus.by
Адрас:
в. Параф'янава (касцёл)
вул. Касцёльная, 1
Докшыцкі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211710

Тэл.: +375 2157 349 66 (плябанія).

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю — 10.00, 12.00 (Кіякова — 15.00)
  • Св. Імша ў будні — 18.00, 17.00; субота — 09.00

Адпусты: успамін Імя Марыі – 12 верасня; успамін св. Антонія Падуанскага – 13 чэрвеня; свята Узвышэння Святога Крыжа – 14 верасня (Кіякова)

З гісторыі парафіі

У вялікай колькасці ранейшых манаграфій касцёл у Параф’янаве мае тытул св. Яна Хрысціцеля. Парафія і касцёл у цяперашні час маюць тытул Імя Марыі.

Сучасны касцёл быў пабудаваны ў 1903 г. пад кіраўніцтвам кс. Баляслава Корна (на кожнай цагліне маюцца яго ініцыялы). Гэта помнік архітэктуры ў стылі неабарока: базыліка з дзвюма закрыстыямі і дзвюма вежамі, паміж якімі знаходзіўся шчыт. Унутры знаходзіліся 8 калонаў, якія падзялялі прастору на тры часткі. Калоны і сцены былі дэкараваныя арнаментамі і разьбою. Стацыі Крыжовага шляху ў выглядзе гіпсавых барэльефаў былі выкананы ў 1927 г. У галоўным алтары знаходзіліся фігуры святых.

Пасля І Сусветнай вайны рэлігійнае жыццё развівалася даволі дынамічна, пра што сведчаць рэлігійныя супольнасці на тэрыторыі парафіі. У той час пры касцёле з дзяцінства атрымліваў рэлігійную фармацыю будучы святар Мечыслаў Багаткевіч, пазней аб’яўлены благаслаўлёным. Яго бацькі жылі непадалёк, у фальварку Ямны, бацька пахаваны на мясцовых могілках. 30 ліпеня 1933 г. у параф’янаўскай святыні кс. Мечыслаў адправіў сваю першую святую Імшу. Праз дзевяць гадоў ён склаў крывавую ахвяру ў Беразвеччы. Падчас вайны ў касцёле працаваў іншы святар і мучанік кс. Вячорак, які пацвердзіў вернасць Богу сваёю крывёю, але ўратаваў ад немцаў званы. Яго пасадзілі на фурманку і вывезлі ў невядомым кірунку, след яго згінуў.

Пасля ІІ Сусветнай вайны апошнім святаром, які працаваў у мясцовай парафіі, быў кс. Ян Завістоўскі, вывезены савецкімі ўладамі ў Сібір. Пасля вяртання ён працаваў у Браславе, дзе і памёр.

У 1962 г. касцёл зачынілі і ператварылі ў склад прадпрыемства па вытворчасці гарэлкі, па ім ездзілі трактары, грузавікі. Так было да 1989 года. Праз 26 гадоў вялікімі намаганнямі парафіянаў пад кіраўніцтвам пані Малішэўскай касцёл быў зноў адданы вернікам. На свята Маці Божай Грамнічнай а. Пётр Ясевіч першы раз адправіў у ім святую Імшу.

Далей рамонтам касцёла кіраваў а. Пётр Ясевіч. Да працы далучыліся асабіста парафіяне не толькі гэтай, але і іншых парафій, а таксама праваслаўныя вернікі са сваім душпастырам. Дапамагалі і мясцовыя ўлады.

Цяпер у парафіі налічваецца каля 2000 вернікаў, пераважна асобаў старэйшага ўзросту. Катэхезай ахоплены дзеці і моладзь. У парафіі ёсць некалькі колаў Жывога Ружанца, малітоўныя групы.

Ёсць парафіяльны дом, дзе жывуць законніцы, якія дапамагаюць у парафіі. Ён патрабуе капітальнага рамонту. На тэрыторыі парафіі знаходзяцца дзве капліцы – у Кіякове і на станцыі Параф’янава.

Абноўлена 27.07.2017 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця