Пошук

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Адрас:
вул. Леніна, 22
в. Відзы

Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211990

Тэл.: +375 2153 28 695

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю — 11.00, 13.00
  • Св. Імша ў будні — 10.00, 18.00
  • Св. Імшы ў капліцах — 09.00 (Падрукша), 15.00 (Бучаны), 16.00 (Казяны)

Адпусты: Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – 8 верасня; Маці Божай Ружанцовай – 7 кастрычніка.

З гісторыі парафіі

Першы касцёл у Відзах быў пабудаваны ў ХV стагоддзі, калі ў 1481 г. уладальнікі Відзаў Цвертак і Гануш Даўгірдавічы фундавалі драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі для айцоў бэрнардынаў, якія прыбылі з Вільні. У 1498 г. касцёл шчодра забяспечыў віленскі біскуп Войцех Табар. Са звестак 1517 г. вядома, што парафія, якая ўваходзіла ў склад Віленскай дыяцэзіі, была часткай пасагу віленскіх біскупаў, так званыя «dobra stołowe». У 1524 г. мястэчка было прададзена Гаштольдам. У 1601 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Павел Малішэўскі, там служылі таксама ксёндз Ян Вярцінскі і ксёндз Пётр Чэрнік. Вядома, што ў ХVIII стагоддзі ў відзаўскім касцёле служылі ксяндзы Нарбутовіч і Данат.

У 1744 годзе відзаўская парафія ўваходзіла ў склад Браслаўскага дэканату.

Вядомы і імёны святароў, што служылі тут у другой палове ХІХ стагоддзя. Відзаўскі пробашч ксёндз Антоні Юзумовіч пацярпеў у студзеньскім паўстанні — з 29 ліпеня 1863 г. ён знаходзіўся пад строгім наглядам паліцыі, а затым быў арыштаваны і высланы. У 1865–1889 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Францішак Ландсберг, пры якім у 1872 г. адбылося ўзбуйненне святыні намаганнямі парафіян, бо тады парафія налічвала каля 12 тысяч вернікаў.

Час надзеі і выпрабаванняў

Сённяшні касцёл у Відзах быў пабудаваны ў 1904–1914 гг. з чырвонай цэглы ў цэнтры мястэчка паводле праекту архітэктара Л. Вітан-Дубейкаўскага. Аднак у год заканчэння будаўніцтва пачалася Першая сусветная вайна. У выніку ваенных дзеянняў у 1916 годзе касцёл моцна пацярпеў: былі пашкоджаны дах, вокны, сцены, падлога, адна з вежаў. Намаганнямі вернікаў касцёл быў цалкам адрамантаваны толькі да 1932 года.

У 1925 г. відзаўская парафія ўвайшла ў склад Віленскай архідыяцэзіі. У міжваенны перыяд пробашчамі былі ксёндз Слапшыс, з 1926 г. ксёндз Дамінік Аманковіч, а вікарыямі — у 1927–1928 гг. ксёндз Уладзіслаў Пачкоўскі, у 1928–1929 гг. ксёндз Вітольд Нелюбовіч,  у 1929–1934 гг. ксёндз Гедымін Пілецкі, у 1933–1934 гг. ксёндз Мечыслаў Кміта, у 1934–1936 гг. ксёндз Баляслаў Заблудоўскі, у 1936–1937 гг. ксёндз Пётр Падэйка, у 1939–1940 гг. ксёндз Казімір Пукенан, у 1939–1941 гг. ксёндз Адам Шабуня. Па некаторых звестках ксёндз Адам Шабуня, датыхчасовы вікарый, 24 снежня 1940 г. быў прызначаны пробашчам і быў ім да лістапада 1941 г. У 1936–1938 гг. у парафіі ў якасці школьнага катэхета працаваў ксёндз Станіслаў Багаткевіч.            

У 1930 г. парафія налічвала 9825 вернікаў, у 1939 г.  — 12062.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю парафіі і яе святароў пасля 1939 года. У 1939 годзе ў парафіі была забрана плябанія, дзе жылі святары.

У чэрвені 1938 г. вікарыем сюды быў прызначаны ксёндз Станіслаў Матышчык. Пасля 17 верасня 1939 г. ён здабыў прызнанне вернікаў дзякуючы самаахвярнай і адважнай працы. Аднак новая ўлада пераследавала святара. У 1940 г. райфінаддзел у Відзаўскім раёне Вілейскай вобласці без усялякага разліку налічыў яму падаходны падатак і культзбор у памеры 106 тысяч рублёў і абавязаў заплаціць да 15 жніўня, а калі святар адмовіўся плаціць, яго маёмасць была канфіскавана. У чэрвені 1941 г. святар быў арыштаваны НКУС і вывезены ў вязніцу ў Вілейку. З пачаткам вайны 22 чэрвеня пачалася эвакуацыя вязняў, якім прыйшлося прайсці праз так званы «прыспешаны» марш, калі вязняў гналі без адпачынку на працягу многіх гадзін. Тыя, хто вытрымаў яго, былі перавезены грузавікамі да Барысава, пасля чаго вязняў пагналі на станцыю. Няздольных ісці забілі, сярод іх быў і ксёндз Матышчык. Гэта адбылося 26 чэрвеня 1941 г.

У 1943 г. пробашчам парафіі стаў ксёндз Станіслаў Шчамірскі, а вікарыем з сакавіка таго ж года ксёндз Альберт Навіцкі. 1944 год прынёс не толькі доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і новыя выпрабаванні для касцёла і вернікаў. Падчас наступлення савецкіх войскаў у 1944 годзе, калі мястэчка гарэла, касцёл быў зноў моцна пашкоджаны.

Акрамя гарачага жадання адбудаваць святыню, больш у мясцовых вернікаў нічога не было. У 1945 г. ксёндз Станіслаў Шчамірскі выехаў у Польшчу, пробашчам стаў ранейшы вікарый ксёндз Альберт Навіцкі. Ён разам з вернікамі ў неспрыяльных умовах і пачаў адбудоўваць касцёл, але працу скончыць не паспеў: у снежні 1949 г. быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў лагеры. У 1950 г. касцёл быў зачынены, а ў 1952 г. частка маёмасці відзаўскай святыні была перададзена ў дрысвяцкі касцёл. Тым часам касцёл выкарыстоўваўся пад склад ільну. Тады будынак найбольш нішчыўся: былі разбіты не толькі вокны і вітражы, але нават сцены і дах. У маі 1953 г. парафіяне даслалі заяву ўпаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў з просьбай вярнуць ім касцёл, аднак у гэтым было адмоўлена. У 1959 г. вернікі зноў дабіваліся вяртання ім касцёла, для чаго ездзілі нават у Маскву і Мінск, шмат разоў у Маладзечна. Аднак вернікі нічога не дабіліся. У 1961 г. касцёл быў зняты з дзяржаўнай рэгістрацыі, што азначала і зняцце з дзяржаўнага ўліку як сакральнага будынку, які вернікі ніколі больш не атрымаюць у сваё распараджэнне. Будынак касцёла перадалі браслаўскаму вучылішчу механізацыі пад спартыўную залу. 

Адраджэнне

У 1989 г. касцёл вярнулі вернікам. Першым яго пробашчам стаў ксёндз Пётр Урліцкі з Літвы, затым на працягу дзесяці гадоў (1990–2000 гг.) ксёндз Казімір Гваздовіч, які адбудоўваў святыню. У 1994 годзе касцёл рэкансэкраваў арцыбіскуп Казімір Свёнтэк, які ў міжваенны час прыняў там Першую святую Камунію.

З верасня 2000 г. і па сёння пробашчам касцёла з’яўляецца ксёндз Альфрэд Пяхота MS, які працягваў рамонт вежаў, вялікага акна-ружы над галоўным уваходам і агароджы касцёла.

27 чэрвеня 2004 г. у Відзах адбыліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння і 65-й гадавіне прэзбітэрскага пасвячэння кардынала Казіміра Свёнтка. За час адраджэння ў парафіі двойчы — у 2000 і ў 2014 гг. — адбыліся парафіяльныя місіі.

Цуд адбыўся: храм наш уваскрос.

З абразоў глядзіць Хрыстос.
Продкаў памяць, продкаў дух жыве.
Меладычны ў небе спеў плыве.

Падрыхтавала Кацярына Лаўрыненка

Агульная гісторыя:

Наступнік Свідрыгайлы Жыгімонт Кейстутавіч (1432–1440) перадаў відзаўскую маёмасць тром братам: Даўгірту, Даукшу і Нарушу. Апошні заснаваў тут мястэчка. У 1481 г. нядаўна прыбылыя з Вільні айцы бэрнардынцы пабудавалі ў Відзах касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1498 г. гэты касцёл шчодра забяспечыў віленскі біскуп Войцех Табар. Са звестак 1517 г. вядома пра тое, што Відзы належалі да біскупскай маёмасці. Пад датамі 1717, 1729, 1744 гг. прыводзяцца звесткі пра парафіяльны касцёл у Відзах, шпіталь пры касцёле і пра відзаўскіх пробашчаў Нарбутовіча і Даната.

У 1754 г. Антоній Вавжэцкі склаў фундуш для відзскіх езуітаў, якія заснавалі касцёл, рэзідэнцыю і школу, але сын фундатара Аляксандр усё гэта знішчыў, абрабаваў, а пра разбураны езуіцкі касцёл напісана ў інвентары відзаўскай плябаніі 1818 года; гэтая святыня была канчаткова разабраная ў 1867 г.

У 1832 г. як вынік лістападаўскага паўстання з’явіўся загад ад 6 жніўня, які скасоўваў, сярод іншых, і відзаўскі кляштар канонікаў рэгулярных, а таксама павятовую школу. Нерухомую маёмасць забралі ў дзяржаўную казну. Пачаўся стогадовы перыяд расійскіх пераменаў. 24 жніўня 1835 г. страшэнны пажар вынішчыў большую частку мястэчка. У студзеньскім паўстанні пацярпелі, між іншым, відзаўскі ксёндз пробашч Юзумовіч і Юстын Загорскі, рэгістратар відзскай ратушы.

У 1914 г. ў цэнтры мястэчка Відзы архітэктарам Л. Вітанам-Дубейкаўскім быў пабудаваны касцёл з чырвонай цэглы. Фундатаркай святыні была шляхцянка з Наўлянаў Мітаслаўская. У 1915 г. у выніку падзеяў Першай сусветнай вайны касцёл зноў быў разбураны. У такім стане ён праіснаваў да Другой сусветнай вайны, падчас якой быў адчынены, але пробашчы часта змяняліся.

З 1950 г. у касцёле зрабілі склад ільну, пасля – збожжа, а пазней у ім была спартыўная зала для моладзі, дзе часта гулялі нават у футбол. Тады будынак найбольш нішчыўся: былі разбітыя не толькі вокны і вітражы, але нават сцены і дах. У выніку перабудовы ў 1989 г. касцёл перадалі вернікам. Першым яго пробашчам стаў кс. Пётр Урліцкі з Літвы, пасля – кс. Казімір Гваздовіч, які пачаў адбудоўваць святыню.

У верасні 2000 г. пробашчам касцёла стаў ксёндз Альфрэд Пяхота MS. Працягваўся рамонт вежаў, вялізнага акна-ружы над галоўным уваходам і агароджы касцёла.

27 чэрвеня 2004 г. у Відзах адбыліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння і 65-й гадавіне святарскіх пасвячэнняў Яго Эмінэнцыі ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

На тэрыторыі парафіі знаходзіцца в. Бучаны, дзе ёсць будынак, прыстасаваны длянабажэнстваў.

На захад ад вёскі на старых могілках захаваліся руіны капліцы 19 ст., на поўнач ад вёскі пабудавана новая прыдарожная капліца.

Абноўлена 27.06.2017 21:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа