Пошук

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Адрас:
вул. Ленінградская, 27
г. Віцебск
Рэспубліка Беларусь
210001

Тэл. + 375 212 35 32 61

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)

(інфармацыя на 09.10.16)

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 09.00, 10.30 (толькі падчас навучальнага году), 12.00, 15.00 (у экстраардынарным абрадзе), 18.00
  • Св. Імша ў будні — 09.00, 18.00

Адпусты: урачыстасць св. Барбары – 4 снежня; св. Дамініка – 8 жніўня

З гісторыі парафіі

Першыя звесткі пра гэты касцёл паходзяць з 2-й паловы XVIII стагоддзя, калі маршалак гарадзецкага павета Антоні Косаў у 1783 г. фундаваў каля каталіцкіх могілак маленькі касцёл. У 1785 г. магілёўскі арцыбіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч асвяціў яго ў гонар св. Барбары, апякункі добрай смерці. Могілкі знаходзіліся каля дарогі, якая вяла ў Гарадок, але былі за межамі горада, і таму касцёл меў назву «падвіцебскі», а яго невялікія памеры адпавядалі колькасці насельніцтва ў бліжэйшых вёсках. Ужо ў тыя часы касцёл быў парафіяльным, з гарадзецкім паветам тут налічвалася больш за 2000 парафіянаў. Невялікія памеры святыні выклікалі неабходнасць яе павелічэння ў адпаведнасці з колькасцю парафіянаў. Таму неўзабаве дзякуючы шчырым намаганням ксяндза Мотуза на месцы ранейшага касцёла пабудавалі новы плошчай каля 100 м2, апрача прэзбітэрыя, паводле плана і каштарысу, падрыхтаванага будаўніком Віктарам Пятроўскім. Пры касцёле св. Барбары былі 3 дзесяціны зямлі, драўляныя плябанія і шпіталь.

У тыя часы ў горадзе быў вялікі фарны касцёл над Дзвіною, каля Благавешчанскай царквы, а таксама іншыя касцёлы законнікаў: дамініканаў, бэрнардынцаў, езуітаў, піяраў і трынітарыяў. Але сітуацыя змянілася, і царскія ўлады пачалі знішчаць святыні законнікаў. Касцёлы езуітаў і трынітарыяў былі перададзены праваслаўным вернікам, піяраў – лютэранам, адамініканскі згарэў у пажары ў 60-я гады ХІХ стагоддзя. Дзейнічаў толькі бэрнардынскі касцёл св. Антонія, які знаходзіўся насупраць мясцовай ратушы і які стаў парафіяльным, бо ў 1858 г. фарны касцёл быў перабудаваны пад Цэнтральны архіў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Каталіцкае жыццё гуртуецца вакол дзвюх святыняў – св. Антонія і св. Барбары; апошні на той час ужо знаходзіўся ў гарадской мяжы.

На пачатку 80-х гг. ХІХ ст. у парафіі св. Барбары налічвалася 2000 вернікаў, але малы касцёл мог змясціць толькі 150 чалавек. Таму быў пабудаваны і 4 снежня 1884 г. асвечаны новы касцёл св. Барбары і св. Юзафа, які па сваёй унутранай архітэктуры нагадваў ранейшых  мясцовыя святыні, але звонку меў рысы модных у тыя часы неараманскага і неагатычнага стыляў.

У ХХ ст. горад увайшоў з двума касцёламі. Але пасля кастрычніцкай рэвалюцыі савецкія ўлады распачалі барацьбу з рэлігіяй і касцёлы зачынілі. Быў разбураны найпрыгажэйшы касцёл горада – св. Антонія – і толькі касцёл св. Барбары застаўся на ўскраіне, узносячы да неба дзве зруйнаваныя вежы, быццам параненыя рукі, узнесеныя ў малітве. Некаторы час ён быў нават складам штучных угнаенняў, аднак з цягам часу са святыні вырашылі зрабіць залу арганнай музыкі. У 1988 г. пачалі адбудоўваць капліцу Святога Крыжа, якая мела столькі ж гадоў, колькі і першы касцёл, аднак пасля была ўшчэнт зруйнаваная.

Пасля прыезду ў 1990 г. айца дамініканіна Януша Скенчака адрадзілася парафія св. Барбары, афіцыйна зарэгістраваная 7 лютага 1992 г. У 1993 г. арцыбіскуп Казімір Свёнтэк асвяціў адбудаваную святыню. Дзякуючы 10 гадам ахвярнай працы айца Януша Скенчака касцёл набыў прыгожы выгляд. Пачалі дзейнічаць рух Жывога Ружанца, Легіён Марыі і хатні Касцёл. Пры касцёле існуе хор «Гасанна». Зараз душпастырства ў парафіі вядуць айцы дамінікане.

Абноўлена 26.07.2017 14:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа