Пошук


Фота Аляксандры Шчыглінскай

Адрас (кармэліты босыя):
вул. Міра, 6/1
222397 г. Мядзел
Мядзельскі р-н
Мінская вобл.
Рэспубліка Беларусь

Тэл.:+375 17 975 91 55

email: pawellelito@gmail.com

Разліковы рахунак: 3015061902513
ЦБУ №619 у г. Мядзел філіяла № 601 ААТ “АСБ Беларусбанка” ў г. Маладзечна,
УНП: 600187654
Рыма-каталіцкая парафія Маці Божай Шкаплернай
222397 Мядзел, вул. Міра, 6/1, Рэспубліка Беларусь

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)

  • Святая Імша ў нядзелю — 09.00 (на польскай мове); 11.00 (на беларускай мове); 13.00 — на беларускай мове з удзелам дзяцей і моладзі
  • Святая Імша ва ўрачыстасці — 12.00 і 18.30
  • Святая Імша ў будні — 09.30, 18.30; субота — 12.00 і 18.30 (вігілійная на нядзелю)

Адпуст:

16 ліпеня — Маці Божай Шкаплернай (напярэдадні адбываецца Крыжовы шлях па Кальварыі), 14 верасня — Узвышэння святога Крыжа на Мядзельскай Кальварыі (Кальварыйскі фэст).

Вялікая пятніца — штогод адбываецца Крыжовы шлях па Кальварыі ў 15.00.

Заснавальнік касцёла і прыбыццё кармэлітаў

Новы і Стары Мядзел, мястэчка ў прыгожым геаграфічным становішчы, знаходзіцца над берагамі азёраў Мястра і Нарач, у мінулым Віленскай губерніі, Пастаўскага павета. Гэтыя мястэчкі існавалі ўжо ў XV ст. У Новым Мядзелі, які называўся каралеўскім, каля 1454 г. каштэлян Андрэй Саковіч заснаваў касцёл пад тытулам святога Станіслава.

Стары Мядзел быў уласнасцю князёў Радзівілаў, ад якіх перайшоў роду Франкевічаў. У 1621 г. Ян Франкевіч прадаў гэтую мясцовасць Яну Райскаму. Каля 1680 г. Стары Мядзел перайшоў у рукі Грабкоўскіх. Затым Ян Бонавэнтура Грабкоўскі з жонкай Зоф’яй прадалі яго ў 1687 г. Міхалу Кошчыцу, віцебскаму земскаму пісару за 95 тысяч злотых.

Міхал Кошчыц памёр бяздзетным. Мядзельскія ўладанні перайшлі да Станіслава Кошчыца, пляменніка Міхала, зарэцкага старасты, які ажаніўся з Соф’яй Дамінаўнай. У іх нарадзіліся 4 дачкі і 4 сыны. Мядзел перайшоў ва ўласнасць аднаму з іх — Антонію Кошчыцу, зарэцкаму старасце, які ажаніўся з Барбарай Вайнянка, дачкой Юзафа і Людвікі Сулістроўскіх.

У Антонія і Барбары нарадзіліся 6 дачок. Антоні памёр у канцы XVIII ст. як апошні прадстаўнік гэтага роду. Пасля яго смерці Стары Мядзел перайшоў да роду Дварэцкіх і Козелаў-Раклеўскіх. Узгаданы Антоні Кошчыц, стараста зарэцкі, запрасіў у Мядзел кармэлітаў босых. Для іх пабудаваў кляштар і касцёл пад тытулам Маці Божай Шкаплернай. Прыбыццё законнікаў у новы дом адбылося 24 красавіка 1754 г. З прычыны недастатковых звестак сёння цяжка вызначыць дату прыбыцця кармэлітаў ва ўрочышча. Калі яны прыбылі ўжо ў пабудаваны мураваны касцёл, то можна сцвярджаць, што 1754 год з’яўляецца годам іх прыбыцця і асвячэння касцёла (15 жніўня). Ян Карчэўскі ўспамінае, што ў 1744 г. на гэтым месцы знаходзіўся драўляны касцёл. Гэты касцёл — даўняя алтарыя св. Яна Хрысціцеля з пастаяннай фундацыяй, з прычыны якой Міхал Зянковіч, брыгадзір віленскі, не хацеў зацвердзіць фундацыю кармэлітаў. Доказам факту, што кармэліты раней прыбылі ў Стары Мядзел, з’яўляецца дазвол Апостальскай Сталіцы ад 4 верасня 1752 г. аб заснаванні Брацтва Маці Божай Шкаплернай і Брацтва Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пры касцёле кармэлітаў.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Апісанне касцёла і кляштара

Касцёл і кляштар знаходзяцца на невысокім узгорку, недалёка ад парка і возера. Касцёл мураваны, у стылі ракако, спраектаваны ў форме квадрата, у які ўпісаны васьмівугольнік, увянчаны купалам з васьмівугольным ліхтаром. Унутраныя бакі квадрата маюць па 24 локці даўжыні, па 28 лакцёў вышыні. Архітэктура святыні багатая. Сцены падзеленыя карынфскімі пілястрамі. На сценах касцёла і ўнутры купала поліхромны жывапіс, які адлюстроўвае страшны Божы суд. Касцёл добра асветлены дзякуючы 12 вокнам і ліхтару. Вокны ў чатырох сценах квадратныя ў 3 рады, у ніжнім ярусе паўкруглыя, у другім ярусе і мансардзе ў купале прастакутныя. Унутры з трох бакоў касцёл мае калоны. Сцены квадрата з рамамі па баках маюць дзве пары калон з карынфскімі капітэліямі, на якіх ёсць рэгулярная пабелка, пакрытая гіпсам слановай косці, перарванымі плітамі і прастакутнымі вокнамі ў сярэдзіне цімпаноў. Паміж калонамі на высокіх месцах доўгія нішы. Васьмібаковы купал пакрыты меднай бляхай, умацаваны гіпсам. У чатырох баках купала на аднолькавай адлегласці ад сцен квадрата касцёла ўмураваны ваконныя праёмы, злучаныя прафіліруючымі трохкутнікамі. На шчыце ліхтара металічны крыж. Галоўны партал у плыціне звязаны архівольтам.

Абсталяванне касцёла выканана ў стылі ракако. Галоўны алтар мураваны. У верхняй частцы ў фрамузе вылажаны аксамітам вялікі круцыфікс разьбы ракако. Ля ног Хрыста змешчаны крыштальная рака ў сярэбранай аправе з парэшткамі св. Юстына, мучаніка, у рыцарскай вопратцы. Над ракай — безліч рэліквій святых Юстына, Юстыны і Пляцыды, прывезеных фундатарам з Рыма. У касцёле апрача галоўнага алтара знаходзілася яшчэ 6 бакавых з абразамі святых, намаляваных на дошцы. У пахавальнай крыпце пад вялікім алтаром спачываюць парэшткі Антонія Кошчыца, яго брата і сына, які памёр у дзяцінстве. А цела яго жонкі Барбары Валынянкі Кошчыцавай (памерлай каля 1794 г.) пахавана разам з сёстрамі-візіткамі ў Вільні. Муміфіцыраванае цела фундатара ў багатым убранні, падперазанае слуцкім поясам, на пераломе ХІХ–ХХ стст. было абрабавана і перакладзена ў звычайную драўляную труну. У нарэзніках квадратнага ўзору святыні размясціліся склады касцёла. Па левым боку — сакрыстыя, аздобленая срэбраным посудам. Посуду і срэбраных рэчаў налічвалася 134 прадметы, вагой у 34 фунты і 24 луты.

Вакол касцёла — могілкі, агароджаныя плотам з падмуркам і слупамі, вырабленымі з камня. На тэрыторыі могілак з левага боку касцёльнай брамы — мураваная званіца. Асаблівасцю кляштара была арыгінальная Кальварыя або крыжовы шлях. Складалася яна з 21 капліцы і 8 брамаў, размешчаных на палях паблізу касцёла і на рынку мястэчка. Кальварыя задумана і пабудавана паводле плану Крыжовага шляху ў Іерусаліме. Капліцы рознага кшталту, збудаваныя з дрэва на каменных падмурках, былі з густам размешчаны. У іх змяшчаліся маляваныя абразы і драўляныя скульптуры. Асвяціў Кальварыю біскуп Фелікс Тавянскі, суфраган беларускі, 8 жніўня 1772 года. Цырымонія гэта доўжылася 4 дні. Праз увесь час запрошаных гасцей частавалі Кошчыцы. Важнейшымі ўрачыстасцямі, якія прыцягвалі ў касцёл мядзяльчан, былі святы: Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — 15 жніўня, адначасова гадавіна пасвячэння касцёла, св. Яна Хрысціцеля, св. Юстына, свв. Сымона і Юды, Маці Божай Грамнічнай і Маці Божай Шкаплернай.

Пры касцёле былі брацтвы: Маці Божай Шкаплернай і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (з 1752 г.), брацтва св. Юзафа (з 1767 г.), брацтва шчаслівай смерці (з 1773 г.). Апекунамі гэтых брацтваў былі айцы кармэліты. Непадалёку ад заходняга боку касцёла фундатар збудаваў аднапавярховы кляштар. Гэты дом у асноўным належаў законнікам, але там таксама размяшчалася кухня, бібліятэка, прыбіральня і шатня. Бібліятэка на пачатку ХІХ ст. налічвала 423 тамы, а каля 1830 г. — ужо 500 тамоў літаратуры, у асноўным духоўнай.

Парафія кармэлітаў

Кармэліты ў Мядзелі мелі парафію. У 1779 г. адбыўся падзел парафіі на Нова-Мядзельскую і Стара-Мядзельскую. Стара-Мядзельская атрымала наступныя вёскі: Стары Мядзел, Раткі, Труханкі, Кулікі, Шымкі, Качаргі, Волак, Няверы, Маўчаны, Бялаўшчызна, Народаўшчызна, Радаўшчызна.

У 1781 г. налічвалася 616 парафіянаў рыма-каталіцкага веравызнання, а ў 1830 г. — 865. Доўгі час кляштар быў рэзідэнцыяй (да 1775 г.), а потым так званым вікарыятам (да канца XVIII ст.), а ў канцы прыёратам. На аснове парафіяльных кніг можна ўстанавіць спіс першых кармэлітаў, якія працавалі як душпастыры ў парафіі: а. Бэрнард (1779–99), а. Ксавэрн (1778–91), а. Эдвард (1781–83), а. Феліцыян (1781–88), а. Анёл (1781–83), а. Спірыдыён (1786–87), а. Бэнігнус (1784), а. Балтазар, а. Фрыдэрык (1788), а. Бруно (1789–90), а. Якуб (1790–1802), а. Эўзэбіюш (1795–1802), а. Валяр’ян (1795), а. Уладзіслаў (1795–1801), а. Габрыэль (1797), а. Фортунат (1798), а. Паўлін (1801–1810), а. Вінцэнт (1803–1804), а. Бэнігнус (1807–1813), а. Нікадзім (1802, 1818–1820), а. Якуб (1805–1809), а. Бянон (1805–1812), а. Дамінік (1805–1813), а. Андрэй (1807), а. Геранім (1810), а. Караль (1810, 1823), а. Леон (1811), а. Ігнат (1811), а. Баніфацый (1812–1814), а. Мацей (1813–1815), а. Цырыя (1814–1816, 1820), а. Вацлаў (1816–1823), а. Фабіян (1817–1820), а. Стэфан (1817), а. Геранім (1818), а. Маўрыцый (1819), а. Дыянізій (1820–1823), а. Ілля (1820–1826), а. Аляксандр (1821), а. Пётр (1826), а. Аўгустын (1823–27), а. Марцін (1823–24), а. Мельхіёр (1824–25).

Вышэйназваныя асобы працавалі парафіяльнымі душпастырамі. Некаторыя з іх шмат гадоў працавалі адміністратарамі або куратарамі парафіі. Паколькі кляштар быў малым, арганізацыя была ў асноўным грамадская. У 1826 г. кляштар налічваў 4 асобы. Аб выніках працы духоўных пастыраў сведчыць пераход у Каталіцкі Касцёл з кальвінізму, лютэранства і праваслаўя.

У мядзельскім касцёле а. Францішак Ксавэрый ад св. Нікадзіма благаславіў сужэнствы трох дачок фундатара: Ганну (1788), Еву (1788) і Станіславу (1790).

Пры кляштары кармэліты мелі сваю парафіяльную школу. Настаўнікам быў прызначаны адзін з айцоў. Доўгі час вучыў тут а. Бэрнард Нядзведзкі. У гэтай школе ў 1796 г. вучылася 8 хлопцаў, у 1830 г. было 5 вучняў. Часам іх колькасць дасягала 20.

Фундацыя кляштара

Антоні Кошчыц, стараста Зарэцкі, не толькі пабудаваў кармэлітам кляштар, але таксама зацвердзіў ім пастаяннае ўтрыманне. Запісам ад 24 красавіка 1754 г. аддаў ім 2 свае фальваркі — Юстынава і Белаўшчызна, да якіх (паводле перапісу 1830 г.) належала 4 вёскі, 15 дамоў, таксама 13 валок і 4 моргі зямлі. Юстынава знаходзілася ў Вілейскім павеце Мядзельскай гміны. Пасля скасавання кляштара фальварак быў прададзены. Кармэлітам належалі таксама фальваркі Белявіна і Некасецк, якія налічвалі 121 га 8750 м2 зямлі, а таксама маёнтак Юшкавічы. Фундатарам была дадзена датацыя 5640 сярэбраных рублёў. У той час з розных аблігацый набягала сума 5516 сярэбраных рублёў. У склад апошняй сумы ўваходзіла 20000 злотых, ахвяраваных кляштару 4 ліпеня 1761 г. сястрой фундатара Ганнай.

Каб запэўніць правамоцтва і непарушнасць вышэй пералічанага фонду, Антоні Кошчыц звярнуўся да Яна Міхала Зянковіча, біскупа Вілейскага, просячы зацвердзіць яго для мядзельскага кляштара. Біскуп адмовіў у зацвярджэнні, таму што гэтая фундацыя належала Мядзельскай альтарыі св. Яна Хрысціцеля. У сувязі з гэтым 28 красавіка 1757 г. стараста звярнуўся да Правінцыяльнай Капітулы, просячы аб зацвярджэнні фундацыі і аб хадайніцтве перад біскупам. Усе запісы (разам з фундацыяй) Антоні Кошчыц зацвердзіў на вечныя часы з боку грамадзянскага права праз дазвол Варшаўскага сейма пры Станіславе Аўгусце ў 1775 г. З вызначаных фундатарскіх сродкаў кляштару належалі наступныя аблігацыі:

  1. За фундатара Антонія Кошчыца — у кожны панядзелак, сераду, пятніцу і суботу па адной Імшы чытанай. Кожны месяц — адна Імша спяваная за памерлых.
  2. За Гераніма Астроўскага — адна Імша ў месяц.
  3. За Тадэвуша Насоўскага — 4 Імшы ў год.
  4. За Яна і Юзэфу Мотыкаў — у кожны месяц 10 Імшаў чытаных.
  5. За Казіміра Даманскага — 5 чытаных Імшаў у месяц.
  6. За двух Міхалаў Кошчыцаў — 5 Імшаў у месяц.

 Ліквідацыя кляштара

Пасля разгрому лістападаўскага паўстання ўлады прыступілі да бяздумнага знішчэння культуры і польскасці. У першую чаргу былі ліквідаваны кляштары. У 1832 г. царскім указам быў ліквідаваны цэлы шэраг дамоў законных. У той трагічны спіс трапілі таксама аб’яднанні кармэлітаў босых у Старым Мядзелі, Пінску, Вільні, Анталептах, Гудагаі, Пашуменю і Вішневе. Некаторыя з іх падвергліся суду ў тым самым годзе. Кляштар у Мядзелі заставаўся ў руках кармэлітаў яшчэ да 1833 г. У гэты час у кляштары быў а. Уладзіслаў ад св. Іллі (Казакевіч). У наступным годзе кармэлітаў ужо не было ў Мядзелі. Іх парафія была падзелена і далучана да суседніх парафій. Касцёл і кляштар быў аддадзены сёстрам базыльянкам з Мінска, якія верна трымаліся уніі.

Некаторыя памятныя рэчы і рэліквіі св. Юстына з мядзельскага касцёла ўнучка фундатара Барбара з сям’і Стрэбніцкіх, па мужу Бжастоўская, перанесла ў касцёл у Мосары да сваіх родзічаў.

У мядзельскім касцёле базыльянкі прабылі да 1860 г. Пасля іх касцёл забрала праваслаўнае духавенства і ўтварыла ў 1866 г. сваю парафію.

Кармэліцкі касцёл перароблены на царкву базыльянак, а пазней у праваслаўную. Алтары вынесены. Фарбу ў стылі ракако замалявалі вапнай. Парафіяльныя кнігі, цудоўны абраз Маці Божай, таксама фігуры, якія стаялі ў нішах святыні, былі перанесены ў касцёл у Новым Мядзелі. Усё спалена разам з касцёлам 2 лістапада 1942 г. Кляштар аддадзены праваслаўнаму духавенству, быў цалкам знішчаны. Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, разабрана і знішчана. У 1942 г. праваслаўны адміністратар касцёла прадаў даўні кляштар габрэям з Кабыльніка на цэглу для пабудовы дамоў. На месцы, дзе стаяў законны дом, застаўся адкрыты склеп. За атрыманыя ад ксяндза грошы, праваслаўныя збудавалі драўляныя домікі каля святыні. Знялі і прадалі медную бляху з касцёла, а пакрылі яго звычайнай. З даходу царкоўнай маёмасці атрымалі ад улады кляштарныя фальваркі: Белявіна, Юшкавічы і Некасецк. Фальварак Юстынава прадалі.

Іск маёмасці касцёла і вяртанне кармэлітаў

У 1920 г. пры кіраўніцтве генерала Зелігоўскага касцёл і маёмасць кляштара былі вернуты праз Мітрапалітальную курыю ў Вільні і часова аддадзены ва ўладу ксяндза пробашча з Новага Мядзела. Ксёндз Рамуальд Ялбтыкоўскі, арцыбіскуп Віленскі, лістом ад 8 верасня 1927 г. (Вільня) за нумарам 2506, накіраваным да айца правінцыяла Антонія Фашчынскага, аддаў кармэлітам босым кляштар кармэлітаў чаравічковых з парафіі Засвір. Ужо 9 ліпеня 1927 г. на агляд той пляцоўкі выехалі а. Браніслаў ад Св. Тройцы (Ярасінскі), брат Бернардын ад св. Юзафа (Піглоўскі), бр. Серафім ад св. Тэрэзы (Кухэрка) і бр. Якуб ад Сэрца Езуса (Мацяшак).

Аднак кармэліты чаравічковыя аб’явілі права на сваю ўласнасць, але гэта аказалася вельмі складана і тады босыя кармэліты адмовіліся ад той рэзідэнцыі. Лістом ад 26 верасня 1927 г. айцец Антоні Фашчынскі, правінцыял, звярнуўся да Мітрапаліта Віленскага з просьбай аб вяртанні кляштара ў Старым Мядзелі. Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі далучыўся да просьбы і актам ад 6 кастрычніка 1927 г. за нумарам 3488 законам зацвердзіў касцёл у Мядзелі з прыналежнымі да яго забудовамі, а святаром быў прызначаны Баляслаў Тэжук, дэкан Надвіленскі. 6 кастрычніка Правінцыяльны Дэфініторыум прыняў фундацыю ў Мядзелі. Генеральны Дэфініторыум адобрыў яе 9 лютага 1928 г. Па ўладкаванні ўрадавых фармальнасцей 11 лістапада 1927 г. аб’яднанне пераехала з Засвіра ў Мядзел. Кананічны прыход кармэлітаў з прызнаннем розных правоў уласнасці пры ўдзеле кс. Баляслава Тэжука, дэкана Надвіленскага, адбыўся 7 снежня 1927 г.

Першым заданнем прыбыўшых законнікаў была адаптацыя касцёла да Божага культу, таксама дома — даўняй праваслаўнай плябаніі — на пражыванне законнікаў. Касцёлу была патрэбна грунтоўная рэстаўрацыя. Ад даўніх кармэлітаў застаўся ў святыні адзін цудоўны крыж з фігуркай Пана Езуса, манстранцыя і абраз Хрыста, які даваў ключы святому Пятру. Цудоўны крыж спачатку пастаўлены ў традыцыйным месцы — у цэнтральным алтары. Пад кіраўніцтвам а. Ігнацыя ад св. Тэрэзы (Быліцы) (1933–1938), пасля грунтоўнага абнаўлення ў галоўным алтары быў змешчаны абраз Маці Божай Шкаплернай, закрыты другім абразом Маці Божай Бердычоўскай. Па баках навы — два алтары. Да левага перанесены цудоўны крыж у стылі ракако. Алтар справа прысвечаны св. Юзафу, а пад яго плітой змешчана фігура св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, прывезеная з Лізье (Францыя). Новы амбон выканаў майстар з Любліна.

Айцец Браніслаў Ярасінскі быў ініцыятарам адбудовы мядзельскай Кальварыі са стацыямі Пана Езуса і Маці Божай. Даўнюю тэрыторыю Кальварыі займаў Генрых Козел-Паклеўскі, жыхар Старога Мядзела. Пад капліцу ён вызначыў плошчу 7 м у шырыню (якую потымі пашырыў да 9 м) на іншым месцы — пад назвай «Гуркі». З дапамогай мясцовых жыхароў а. Браніслаў устанавіў месца для капліцы, гледзячы на план Кальварыі Зэбжыдоўскай. У адзначаных месцах паставіў крыжы. Стацыю Крыжовага шляху адкрыў і асвяціў кс. біскуп Уладзіслаў Бандурскі на Зялёныя святкі (урачыстасць Спаслання Святога Духа) 27 мая 1928 г. Пасля смерці Генрыха Козела-Паклеўскага кармэліты купілі ад спадкаемцы Валатковіча 50 га зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварку Некасецк. У 1933–1938 гг. намаганнямі а. Ігнацыя Быліцы пабудавана 15 капліц з цэглы, каменя і блокаў, пакрытых бляхай.

Кальварыя стала вельмі папулярнай. Яна прыцягвала натоўпы пілігрымаў. У 1935–1936 гг. айцец Ігнацый Быліца зрабіў капітальны рамонт старога мураванага дома, у якім раней размяшчалася парафіяльная школа. Будынак узаконены пад кляштар. На другім паверсе зроблена 5 жылых келляў і зала, у якой размешчана бібліятэка, а на першым паверсе адна вялікая зала для наведвальнікаў, кухня і гасціная.

Законнікам вярнулі 3 фальваркі: Белявіна, Некасецк і Юшкавічы. Белявіна і Некасецк знаходзяцца ў Мядзельскім сельсавеце, 121 га 8750 м2 зямлі аддадзена ва ўласнасць канвенту кармэлітаў босых у Мядзелі 1–5 жніўня 1931 г. у сілу дэкларацыі 22 снежня 1930 г. арцыбіскупа віленскага Рамуальда Ялбжыкоўскага, дэлегата ўрада ў Вільні, 3 лютага 1931 г. Пры кляштары знаходзіўся агарод у 1,5 га і ля возера ў 1 га зямлі. У агародзе быў домік для шлюбу, свіран і пуня.

Кармэліты ў Мядзелі разгарнулі шырокую апостальскую і душпастырскую прапаганду. У летні час Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай законнікаў. На споведзі з рэкалекцыямі і казаннямі айцы выязджалі ў суседнія парафіі. Праводзілі катэхізацыю ў 16 школах, якія знаходзіліся на адлегласці некалькіх кіламетраў. Апрача гэтага, у нядзелю і святы абслугоўвалі тры капліцы: Сясцёр Імя Езуса ў Некасецку, у Чучаліцах у маёнтку Сарокаў і ў Юшкавічах.

Ад часу перадачы кляштара ў Мядзелі працавалі:

  1. айцец Браніслаў Ярасінскі (1927–1929)
  2. айцец Ірэнэуш Оскварэк (1929–1932)
  3. айцец Антоні Фашчынскі (1931)
  4. айцец Ігнацый ад св. Тэрэзы (Быліца) (1932–1938)
  5. айцец Яцэк Комэндэра
  6. айцец Норбэрт ад св. Станіслава
  7. айцец Ян ад Крыжа (Ясіцкі)
  8. айцец Гадрыян Гут.

Апошнім кіраўніком у кляштары быў а. Якобін ад св. Герарда (Філек) з 1938 па 1949 г. Разам з Рыгорам Казерам і бр. Эдуардам Палюхам перажылі тут Другую сусветную вайну.

Айцец Якобін Філек стаў кіраўніком у кляштары 4 ліпеня 1934 г. У час свайго служэння зрабіў грунтоўную рэстаўрацыю святыні. Купал і страху касцёла пакрыў жалезнай бляхай, ацынкаванай з двух бакоў, верхні пласт пакрыў меддзю. Ліхтар над купалам пакрыў меднай бляхай, уставіў у яго 8 новых жалезных акон. Рамонт даху і вадасцёкавых трубаў каштаваў 4 тысячы злотых. Таксама зроблены мулярскія работы. Адрамантаваны карнізы і адноўлены тынк. Умацаваны ганак касцёла, папраўлены муры, пашкоджаныя вадой, якая сцякала са страхі. Мулярскімі работамі кіраваў майстар Барташэвіч. Гэта работа каштавала 1500 злотых.

Далейшую працу па рамонту касцёла і Кальварыі перарвала Другая сусветная вайна. У час нямецкай акупацыі канвент быў пазбаўлены рознага інвентару і 11 верасня 1943 г. спалены. Засталіся толькі касцёл і гумно, у якім сталі жыць законнікі аж да пабудовы драўлянага дома. Кармэліты заставаліся ў Мядзелі да 1949 г., а потым былі высланы ў Польшчу.

У 1989 г. на вігілію Божага Нараджэння ў касцёле адбылася першая святая Імша пасля яго вяртання. З гэтага моманту душпастырскую апеку ў парафіі зноў прынялі на сябе законнікі з ордэну кармэлітаў босых. На сённяшні дзень зроблены знешні рамонт касцёла і званіцы. Плануецца таксама рамонт унутры касцёла, рэстаўрацыя старога будынка на тэрыторыі касцёла, вядуцца працы па рэстаўрацыі і аднаўленню мядзельскай Кальварыі, па будаўніцтву новага будынка плябаніі. Аднак жа асноўнай працай і надалей застаецца праца над духоўным аднаўленнем парафіі, бо вернікі доўгі час не мелі святара на месцы. Толькі 10 гадоў душпастыры жывуць у раённым цэнтры.

Абноўлена 24.07.2017 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа