Пошук

11.01.2018 13:25   Іларыя Салаіні (Ilaria Solaini) / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Па ініцыятыве Нацыянальнай службы моладзевага душпастырства пры Канферэнцыі Біскупаў у Італіі ў межах падрыхтоўкі да Сіноду Біскупаў, прысвечанаму моладзі, распачаў працу сайт www.velodicoio.it (з італ.: «Я кажу вам»).

Наколькі важная, на тваю думку, узаемапавага паміж людзьмі? Як ты лічыш, ад чаго залежыць твая будучыня? Ці быць разам з іншым чалавекам азначае падзяліць з ім планы на жыццё? Ці можа віртуальнае сяброўства ператварыцца ў трывалую сувязь? Як табе здаецца: ці сёння для самарэалізацыі важна мець дом?

Гэта толькі некаторыя з пытанняў, якія Касцёл у Італіі жадае задаць моладзі ва ўзросце з 16 да 29 гадоў з дапамогаю сайта velodicoio.it. Гаворка ідзе не пра звычайнае апытанне, што складаецца з лічбаў і статыстычных даных, але пра прыладу для «выслухоўвання» патрэбаў, чаканняў і занепакоенасці, дзякуючы якой юнакі і дзяўчаты могуць выказацца як найбольш асабіста і без мітусні. Адказаўшы на некалькі пытанняў, магчыма спыніцца, падумаць, заняцца чымсьці іншым і потым працягваць адказваць на пытанні онлайн.

Усё гэта прымеркавана да Сіноду Біскупаў, які пройдзе з 3 па 28 кастрычніка 2018 года на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Паколькі Папа неаднаразова казаў пра сваё жаданне «пачуць» моладзь — усю, таксама і тую, якая далёка, — таму са студзеня да мая будзе дзейнічаць гэты новы сайт.

Апытанне прызначана для таго, каб выявіць думкі, чаканні, меркаванні і нават крытыку моладзі па 10 жыццёва важных тэмах: сувязі, клопат, давер, планы, накірунак, бескарыслівасць, разнастайнасць, сустрэчы, дом, пошук.

У чэрвені ў паасобных дыяцэзіях разгледзяць увесь сабраны матэрыял, каб зрабіць яго падагульненне, што адкрые новыя перспектывы для моладзевага душпастырства. З 3 па 10 жніўня з усіх дыяцэзій Італіі выйдуць пілігрымкі, якія 11 і 12 жніўня аб’яднаюцца ў вялікай сустрэчы з папам Францішкам у Рыме.

«Мы ўсе згодныя з тым, што неабходна пачаць слухаць моладзь, — кажа кс. Мікэле Фалабрэцці, прадстаўнік Нацыянальнай службы моладзевага душпастырства, — але як гэта зрабіць? Гэты партал усім дае магчымасць знайсці ў жыццёвым вопыце кожнай асобы зыходны пункт для дыскусіі нароўні, супольную пляцоўку, якую ўтвараюць не меркаванні, але найбольш глыбокія з’явы жыцця».

Каб далучыцца да праекту і адказаць на пытанні, не трэба рэгістравацца: дастаткова распачаць з любой тэматычнай падборкі пытанняў. Адказы — ананімныя, і толькі пры першым уваходзе неабходна ўказаць узрост, пол, месца жыхарства, а таксама род заняткаў: вучоба або праца, — толькі для таго, каб даць магчымасць скласці ўяўленне пра ўдзельнікаў.

Пры жаданні адказы на пытанні можна захаваць, каб зноў да іх вярнуцца праз нейкі час. Захаванне — таксама ананімнае, пры ўвядзенні асабістага адрасу электроннай пошты сістэма высылае толькі лінк, які накіроўвае да той часткі апытання, якую трэба завяршыць. Ніякая інфармацыя, уключна з адказамі, дадзенымі на гэтым сайце, не будзе перададзена трэцім асобам і абнародавана, акрамя аб’яднаных высноваў, якія будуць змешчаныя на гэтым жа сайце. Сабраныя даныя — гэта зыходныя вынікі, не апрацаваныя статыстычна, каб размеркаваць удзельнікаў і адказы па больш прадстаўнічым прынцыпе.

Абноўлена 13.11.2018 20:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .