Cвяты Ружанец
У старажытнасці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысціяне ўшаноўвалі Хрыста, Маці Божую і святых, складаючы ружавыя вянкі на алтар.
Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш, адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.
Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста.
Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш, якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя, якою віталі Марыю Божы пасланец арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля.
Ружанцам завецца таксама нізка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва.
Звычайна Ружанец пачынаецца ўступнымі малітвамі, якія гаворацца на крыжыку і пяці першых пацерках. Зрабіўшы знак крыжа і кажучы У імя Айца, гавораць, трымаючы крыжык, Веру ў Бога Айца, затым на першай пацерцы – Ойча наш, на трох наступных – тры Вітай, Марыя і на пятай – Хвала Айцу.
Ружанец складаецца з чатырох частак, у кожную з якіх уваходзяць пяць таямніцаў. У кожнай таямніцы на першай асобнай пацерцы гаворыцца Ойча наш, на дзесяці змацаваных разам пацерках – дзесяць Вітай, Марыя, і на наступнай, асобнай пацерцы – Хвала Айцу і Сыну, а таксама:
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!
На гэтай жа пацерцы гаворыцца і малітва, якую прасіла дадаваць пасля кожнае дзесяткі Маці Божая падчас свайго аб’яўлення ў Фаціме:
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
На гэтай жа пацерцы гаворыцца таксама і Ойча наш наступнай таямніцы.
Пацеркі, якімі мы карыстаемся, маюць пяць дзесяткаў, падзеленых між сабою пяццю асобнымі пацеркамі. Таму, перабраўшы іх адзін раз, мы можам памаліцца толькі адну частку Ружанца. Каб згаварыць яго цалкам, неабходна перабраць пацеркі чатыры разы.
На пачатку кожнай таямніцы звычайна прыгадваем яе сэнс і разважаем аб жыцці Езуса і Марыі. Разважанне – найважнейшы сэнс Ружанца. Без яго Ружанец падобны да цела без душы.
Адгаворваючы Ружанец без разважанняў, мы часта ператвараем яго ў паўтарэнне слоў. Ёсць розныя спосабы разважання таямніцаў Ружанца.
Напачатку можна разважаць, дапамагаючы сабе тэкстамі, пададзенымі ніжэй. Пазней, глыбей спасцігшы Ружанец, можна абапірацца на ўласныя разважанні.
Гэты вянок малітваў і разважанняў называюць яшчэ «малым Евангеллем», «лесвіцаю ў неба».
1 «Веру ў Бога...» 1 раз
2 «Ойча наш...» 1 раз
3 «Вітай, Марыя...» 3 разы
4 «Хвала Айцу...» 1 раз
4 Назваць таямніцу Ружанца
4 «Ойча наш...» 1 раз
5 «Вітай, Марыя...» 10 разоў
6 «Хвала Айцу...» 1 раз
6 Назваць наступную таямніцу Ружанца
6 «Ойча наш...» 1 раз
7 «Вітай, Марыя...» 10 разоў
- Радасныя таямніцы
- Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
- Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
- Нараджэнне Езуса Хрыста
- Ахвяраванне Хрыста ў святыні
- Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
- Таямніцы святла
- Хрост Езуса ў Ярдане
- Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане
- Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
- Перамяненне Езуса на гары Табор
- Устанаўленне Эўхарыстыі
- Балесныя таямніцы
- Малітва Езуса ў садзе Аліўным
- Бічаванне Езуса
- Укаранаванне Езуса цернем
- Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
- Укрыжаванне і смерць Езуса
- Хвалебныя таямніцы
- Уваскрасенне Хрыста
- Унебаўшэсце Хрыста
- Спасланне Духа Святога
- Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
- Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
(молімся ў панядзелак і суботу)
І. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
(пар. Лк 1, 26–38)
У шосты ж месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя.
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».
І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус».
Тады Марыя сказала: «Вось я, Слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова».
ІІ. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
(пар. Лк 1, 39–47)
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшалася ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. Напоўнілася Альжбета Духам Святым.
І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго!»
І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Маім Збаўцы».
ІІІ. Нараджэнне Езуса Хрыста
(пар. Лк 2, 6–11)
Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго, і паклала ў яслі, но не было ім месца ў заездзе.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан».
ІV. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
(пар. Лк 2, 22– 35)
Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам.
Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў: «Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў».
І сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось Гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлi, і на знак, якому супраціўляцца будуць. І праз тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
V. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
(пар. Лк 2, 43–49)
Засталося Дзіця Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі. Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
І сказала Яму Маці Ягоная: «Сыне, чаму Ты зрабіў нам гэтак? Вось айцец Твой і Я ў вялікім смутку шукалі Цябе».
І сказаў ім: «Чаго вы Мяне шукалі? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
(молімся ў чацвер)
І. Хрост Езуса ў Ярдане
(пар. Мц 3, 16-17)
Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго.
І голас з неба прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».
ІІ. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
(пар. Ян 2, 1. 3. 7-9. 11)
У Кане Галілейскай было вяселле.
І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна».
Езус сказаў: «Напоўніце збаны вадою».
І кажа ім: «Цяпер зачарпніце і занясіце кіраўніку вяселля».
Кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном.
Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай.
ІІІ. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
(пар. Мк 1, 14-15; Лк 8, 1)
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Пасля праходзіў Ён па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну аб Валадарстве Божым.
ІV. Перамяненне Езуса на гары Табор
(пар. Лк 9, 28-29. 35)
Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзышоў на гару памаліцца.
І калі Ён маліўся, выгляд твару Яго перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай.
А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».
V. Устанаўленне Эўхарыстыі
(пар. Мц 26, 26-28)
І калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў і даваў вучням, кажучы: «Бярыце і ешце; гэта Цела Маё».
Потым узяў келіх і, падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе; бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў».
(молімся ў аўторак і пятніцу)
І. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
(пар. Лк 22, 41–45)
Езус адышоў ад іх на адлегласць, што камень можна дакінуць, укленчыў і маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты хочаш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».
І з’явіўся Яму Анёл з неба, суцяшаючы Яго.
І, страшэнна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. І быў пот Ягоны, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, Ён убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою.
ІІ. Бічаванне Езуса
(пар. Мц 27, 22–25, Ян 19,1)
Кажа ім Пілат: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Кажуць усе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а хваляванне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад людзьмі, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі».
І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых!»
Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго.
ІІІ. Укаранаванне Езуса цернем
(пар. Мц 27, 27–30)
Тады жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту.
Распранулі Яго і накінулі на Яго чырвоны плашч, сплялі вянок з церня і ўсклалі Яму на галаву, і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, Кароль Юдэйскі!»
І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве.
ІV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
(пар. Мц 27, 31; Лк 23, 26–28)
А калі высмеялі, знялі з Яго плашч і апранулі ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаванне.
Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
А Езус звярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых».
V. Укрыжаванне і смерць Езуса
(пар. Ян 19, 17–27; Лк 23, 44–46)
І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота.
Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса.
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.
Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: «Жанчына, вось сын Твой».
Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая!» І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
І было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны.
Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне.
І Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
(молімся ў сераду і нядзелю)
І. Уваскрасенне Хрыста
(пар. Мц 28, 1–9)
На світанні першага дня тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.
Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя.
Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў».
І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце!» Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
ІІ. Унебаўшэсце Хрыста
(пар. Лк 24, 46–51; Дз 1, 10–11)
Езус сказаў сваім вучням: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы сведкі гэтага».
Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.
І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.
І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: «Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба».
ІІІ. Спасланне Духа Святога
(пар. Лк 24, 49; Дз 2, 1–4)
«А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».
Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам на адным месцы.
І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны.
І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх.
І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
ІV. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
(пар. Лк 1, 46–52)
І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы, Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны, а імя Яго Святое. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам, скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных».
V. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
(пар. Ап 12, 1.10)
І вялікі знак з’явіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног Яе, і на галаве Яе вянок з дванаццаці зорак.
І пачуў я голас моцны, які казаў у небе: «Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым».