Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Божая банда былых бандытаў»: наша праца на поўную стаўку
Інтэрв'ю
26.07.2015 09:00

Спецыяльным госцем "музычнай майстэрні" і моладзевай сустрэчы ў Івянцы стаў гурт з Польшчы “Божая банда былых бандытаў”, альбо “4В”. Удзельнікі гурта – былыя наркаманы і злачынцы.

Расповеды Пятра, Элі, Госі і Лукаша вельмі ўразілі слухачоў. Іх гісторыі навяртання – гэта гісторыі людзей, якія знаходзіліся “на самым дне”, але з дапамогай Божай ласкі здолелі падняцца з граху. Зараз яны ездзяць па ўсёй Польшчы і даюць сведчанне свайго навяртання. У перапынках паміж канферэнцыямі ўдзельнікі “4В” адказалі на пытанні Catholic.by.


Адразу ўзнікае пытанне: хто прыдумаў назву вашага гурта?

Гося: Ідэя назвы належыць Пятру.

А чаму вы менавіта “Бандыты...”?

Пётр: Чаму такая назва? Бо гэты гурт складаецца з бандытаў. Кожны чалавек, калі грашыць, з’яўляецца бандытам у вачах Бога. Але ўсе людзі, якія навяртаюцца, становяцца асвечанымі ласкай, ці былымі бандытамі: грашылі раней, а зараз не.

Якім чынам кожны з вас далучыўся да гурта?

Гося: У гурце не было рэпера, бо ўсе яны ўжо былі занятыя. І тады адзін з хлопцаў распавёў Пётрыку пра тое, што ёсць такая Гося, якая чытае рэп. Тады Пётр патэлефанаваў і запытаўся, ці я б магла, ці маю час. На той момант я не мела працы, таму згадзілася, прыехала да іх, і дагэтуль езджу з імі.

Эля, жонка Пятра: На працягу дзесяці гадоў мой муж угаворваў мяне, каб я ездзіла разам з ім. Зусім нядаўна я працавала на службовай пасадзе ў аддзеле фінансаў. Толькі два месяцы назад я пакінула сваю працу, якой прысвяціла дваццаць гадоў свайго жыцця, каб ездзіць з гуртом разам.

Рэната: Пётр сказаў, што маліўся аб тым, каб Бог паслаў яму тых людзей, з якімі ён мог бы абвяшчаць Евангелле. Асабіста я сустрэла Пётрыка на пікніку для сем’яў, дзе яны распавядалі гісторыю свайго жыцця. Прыкладна праз год я таксама далучылася да іх.

Якое месца ў вашым жыцці займае гэты гурт?

Эля: Можна сказаць, што нашая дзейнасць – гэта праца на поўную стаўку. Нічым іншым мы больш не займаемся. Увесь час мы ездзім па Польшчы і абвяшчаем Евангелле (хтосьці з дзяўчат). (Эля дадае, што зараз яе не хвалюе, адкуль яна атрымае сродкі для пражывання, бо цалкам давяраецца Богу. Заўсёды знаходзяцца людзі, праз якіх дапамагае Бог.)

Як выглядае ваша евангелізацыйная дзейнасць у школах і касцёлах?

Гося: Падчас нашых сведчанняў мы спяваем. Я – хіп-хоп, а Лукаш грае на гітары. Настаўнікі здзіўляюцца, што вучні пасля паўтара гадзінаў нашых выступаў сядзяць нерухома, уважліва слухаючы. Важны момант у тым, што мы звяртаемся да вучняў іх мовай. Не так, як кажа міліцыянер, настаўнік. Мы не кажам цытатамі з кніг, але сведчым сваім жыццём.

Петр: Найперш мы кажам пра дрэнны выбар, які можа зрабіць чалавек. Мы кажам пра падман і пра праўду. Падман, які д’ябал змяшчае ў галовы маладых людзей наконт алкаголю, наркотыкаў, парнаграфіі. Мы кажам ім, што, калі чалавек выбірае праўду без гэтага ўсяго, то адчувае сябе шчаслівым. Дзелячыся сваім сведчаннем, мы кажам, што нас перад вамі б не было, каб не Хрыстус. Кожны з нас меў столькі спробаў самагубстваў, што, каб не Бог, мы б не засталіся жыць.

У якія школы вы ездзіце?

Эля: У асноўным гэта дзяржаўныя школы, куды мы папярэдне тэлефануем альбо дасылаем прапановы. Таксама настаўнікі з адных школ паведамляюць іншым пра нас. І мы маем складзены план наведванняў ужо на некалькі гадоў. Напрыклад, у 2014 годзе ў нас было 350 сустрэч. Каля 150 тысяч людзей пачула Евангелле.     

Як змянілася вашае жыццё пасля навяртання?

Гося: Я адразу вырашыла, што скончу сярэднюю школу, палову вучобы якой аплаціла сама школа. Пасля я пайшла вучыцца ў біблійную школу, у якой адкрыла шматлікія таленты. І ўжо тады я патрапіла ў гурт «4В», разам з якім пачала ездзіць па школах Польшчы. Таксама я стала вучыцца на настаўніцу, але праз некаторы час зразумела, што мне вельмі складана сядзець на адным месцы. І я вырашыла, што буду ездзіць увесь час па Польшчы і абвяшчаць Евангелле.

Эля: Я зразумела, што не павінна лічыць сябе непрыгожай, і пачала верыць у сваю каштоўнасць. Я разышлася з маім мужам, які быў алкаголікам, і засталася адна з двума дзецьмі. На пачатку было вельмі цяжка, але праз тры гады пасля майго навяртання Бог паставіў на маім шляху Пятра. Ён прыйшоў у мой касцёл, дзе мы і пазнаёміліся, а ўжо праз некалькі месяцаў вырашылі ажаніцца і разам жыць для Езуса. У яго нарадзілася такая думка служыць іншым людзям, і ён пачаў рабіць гэта адразу, а я далучылася толькі праз дзесяць гадоў. Я зразумела, што таксама магу ўпоўню ісці да Езуса, хоць спачатку баялася, на што мы будзем жыць, калі я кіну працу. Я доўга прыглядалася, што робіць мой муж, і заўважыла, што гэта патрэбна для іншых людзей, якім ён дае надзею. Я заўважала, як Бог клапоціцца пра яго. Напрыклад, Пётрэк не меў цёплых зімовых ботаў, і так здарылася, што ў аднаго чалавека знайшліся боты спецыяльна для майго мужа. І такога кшталту цуды адбываліся заўсёды. Я зразумела, што я таксама так хачу жыць. Я пакінула сваю працу, а зараз мы прадаем мой вялікі дом з надзелам зямлі, каб замяніць яго на меншы. Мы шмат ездзім па краіне, таму не маем часу, каб даглядаць яго. Мы хочам перасяліцца ў меншы дом.

Рэната: “Зараз я больш не думаю пра самагубства, бо спадзяюся на Езуса Хрыста. Бог мне паказаў, што часам мы не ўплываем на нашае жыццё, але мы маем уплыў тады, калі пройдзем праз цяжкасці. Мы можам альбо шкадаваць самі сябе, альбо ўхапіцца за Езуса і разам з Ім перажыць іх. Я магу сказаць, што мне ўсяго хапае ў жыцці. Я не павінна шукаць любові ў іншых людзях, перадусім у мужчынах, бо гэтую любоў дае мне Езус Хрыстус. Дае тую любоў, якая можа закрыць нас ад грахоў. А яшчэ я магу дадаць, што маю сапраўдную сям’ю. Пётр, Эля, Гося і Лукаш з’яўляюцца для мяне вельмі блізкімі людзьмі.

Пётр: Зараз я шчаслівы, радасны, я толькі магу сказаць, што калі хтосьці яшчэ не ведае Езуса, абавязкова павінен Яго пазнаць.

Размаўляла Марына Валасар
Фота Марыны Валасар і Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.