Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прыёр супольнасці Тэзэ брат Алоіз Лазэр: я вельмі ўражаны сустрэчамі з беларускай моладдзю
Інтэрв'ю
17.11.2011 17:19

«Канферэнцыя, у якой я прымаў удзел, была вельмі ўдалай. Было прыемна бачыць, як хрысціянскія Цэрквы адкрываюцца адна перад адной. І вельмі важна, што людзі з іншых краін змаглі больш даведацца пра Беларусь», — падзяліўся сваімі ўражаннямі прыёр экуменічнай супольнасці з Тэзэ брат Алоіз Лазэр пасля ўдзелу ў канферэнцыі па каталіцка-праваслаўным дыялогу.

У інтэрв’ю для Сatholic.by брат Лазэр распавёў пра місію супольнасці, узгадаў пра свой шлях у Тэзэ і расказаў аб тым, якой яму запомніцца беларуская моладзь.

— Беларусь я наведаў упершыню. Увогуле, браты з Тэзэ вельмі шмат часу знаходзяцца ў дарозе і наведваюць розныя краіны. Адна з нашых ідэй палягае на тым, каб браты з Тэзэ жылі не толькі ў Францыі, але таксама на іншых кантынентах.

Частка братоў працуе ў такіх краінах, як Бангладэш, Карэя, Кенія, Сенегал, Бразілія. Вельмі важна, каб мы, еўрапейцы, маглі разумець тую сітуацыю, якая ёсць у гэтых краінах. Ужо трыццаць гадоў, як браты з Тэзэ жывуць і працуюць у гэтых краінах, у прыватнасці ў бедных раёнах. Бангладэш — адна з бяднейшых сёння краін, Карэя ўсё яшчэ падзелена на паўночную і паўднёвую, паўночна-усходняя Бразілія патанае ў беднасці…

З нядаўняга часу мы ладзім рэгіянальныя сустрэчы моладзі на розных кантынентах. У нас была сустрэча на Манілах, на Філіпінах, у Калькуце, летась — у Чылі. Паўсюль моладзь шукае сёння Касцёл — месца сяброўства і яднання. Месца, дзе Хрыстус збірае нас разам з усіх бакоў свету. Гэты вопыт еднасці, сяброўства адкрывае сэрцы і дазваляе больш глыбока пазнаць Евангелле.

— Колькі братоў налічвае сёння супольнасць у Тэзэ?


— Сёння ў супольнасці Тэзэ каля 100 братоў. Каля 70 братоў жывуць непасрэдна ў Тэзэ, астатнія — на іншых кантынентах. У нас ёсць браты з Афрыкі, Азіі, Паўднёвай Амерыкі — усяго каля 25 нацыянальнасцяў.

Калі ў 1940 годзе брат Ражэ ўпершыню прыбыў у Тэзэ, гэта была маленькая вёска ў Бургундзіі, у якой жыло каля 50 чалавек. У той час разам з яшчэ адным братам ён пачаў займацца сельскай гаспадаркай і працаваць на гэтай мясцовасці. Паступова ў Тэзэ прыбывала ўсё больш і больш людзей... Але і сёння, што вельмі важна, мы — браты з Тэзэ — жывём з гэтай працы. У нас ёсць керамічная майстэрня. І тыя тавары, якія там вырабляюць, пасля прадаюцца. З гэтага мы жывём — супольнасць Тэзэ.

Праўда, моладзь, якая да нас прыязджае, таксама складае невялікае ахвяраванне на сустрэчу моладзі. Але гэта ўжо зусім іншая каса, якая ідзе непасрэдна на падрыхтоўку і правядзенне еўрапейскай моладзевай сустрэчы. Увогуле, на працягу года да нас прыязджае вельмі шмат моладзі, пачынаючы са студзеня і заканчваючы лістападам. Кожны тыдзень. Асабліва летам у нас вельмі вялікі намётавы гарадок — да пяці тысяч чалавек.

— Як ставяцца да такога суседства жыхары вёскі Тэзэ?

— Добра (усміхаецца). На сёння засталіся нават сем’і, якія жывуць там цэлымі пакаленнямі. Але жыхароў вельмі мала. Два гады таму ў Тэзэ пасялілася сям’я бежанцаў: маці з Ірака, тата з Егіпта і маленькае 2-гадовае дзіця.

— Узгадайце, калі ласка, пра Ваш першы візіт у Тэзэ.

— У Тэзэ першы раз я прыехаў у 1970 годзе разам з сябрамі, якія мяне ўзялі з сабою. Мне было тады 16 гадоў, зусім малады. Што мяне тады здзівіла, — гэта малітва ў цішыні і нават адмысловыя хвіліны цішыні — тры разы на дзень. І я быў уражаны перажытым. Я упершыню размаўляў там з людзьмі з Афрыкі. Памятаю размову з хлопцам з В’етнама, дзе ў той час была вайна. Я і сёння ўзгадваю яго…

Я вельмі глыбока адчуў тады ў сваіх перажываннях, што азначае Касцёл. І зразумеў, што Хрыстус вядзе усіх нас — прадстаўнікоў розных канфесій — разам. У розных Цэрквах — Каталіцкім Касцёле, Праваслаўнай Царкве, Евангелічнай — ёсць людзі, якія любяць Хрыста. І таму мы павінны быць разам. Гэта быў мой вопыт у Тэзэ. З таго часу я пачаў прыязджаць у Тэзэ штогод. І ў 1973-м застаўся там ужо на цэлы год. У Тэзэ ёсць магчымасць застацца не толькі на тыдзень, але і на ўвесь год — тады ты становішся валанцёрам. Я так і зрабіў, а ўжо ў 1974-м годзе я ўступіў у супольнасць і стаў манахам.

— Раскажыце пра заснавальніка супольнасці Тэзэ брата Ражэ, якога Вы ведалі асабіста. Якім ён быў?

— Брат Ражэ вельмі часта гаварыў пра давер. Пра давер Богу і давер людзям. Але не столькі гаварыў, колькі жыў гэтым. Я бачыў, як ён дзеліцца сваім даверам Богу з моладдзю, якая прыязджала ў Тэзэ. Ён не мог зразумець: «калі Бог — гэта любоў, то чаму мы — хрысціяне — да сёння раздзеленыя?» І ён расказваў пра тое, як 25-гадовым хлопцам прыйшоў у Тэзэ, купіў дом, і як пасля завяршэння вайны павінен быў вярнуцца ў Швейцарыю. Але ён вырашыў застацца тут. У яго было вялікае імкненне да міру паміж людзьмі. І ён лічыў, што найбольш важнымі ў свеце з’яўляюцца асабістыя адносіны паміж людзьмі, адносіны без межаў.

— Распавядзіце больш падрабязна пра тое, як маладыя людзі становяцца братамі Тэзэ.

— Калі хтосьці пачынае задумвацца над тым, ці не стаць яму братам у Тэзэ, ён павінен проста прыйсці да нас, каб паразмаўляць. Юнак можа застацца разам з намі ў супольнасці на ўвесь год, г. зн. будзе жыць у статусе добраахвотніка-валанцёра. У гэты час ён мае магчымасць асабіста пазнаць нашу супольнасць. І ўжо пасля прымае рашэнне адносна таго, хоча ён быць манахам ці не. Калі чалавек уступае ў нашу супольнасць, то спачатку прабывае ў навіцыяце. Навіцыят — гэта мінімум чатыры гады падрыхтоўкі, пасля якіх малады чалавек складае вечныя шлюбы — манаскія абяцанні на ўсё жыццё. Часовых шлюбаў у нас няма.

— Ці ёсць сёння сярод братоў Тэзэ юнакі са славянскіх краін?

— Ёсць браты з Польшчы і Чэхіі. Але братоў з Беларусі, Украіны і Расіі пакуль няма.

— Наколькі вялікае жаданне ў юнакоў уступіць у супольнасць?

— О, штогод у нас з’яўляецца адзін-два новыя браты. Так што паступова прырастаем колькасна (усміхаецца). Маладыя браты актыўна задзейнічаны ў падрыхтоўцы да еўрапейскай сустрэчы. Сёлета такая сустрэча адбудзецца ў Берліне — пяць братоў ужо там і 12 валанцёраў з моладзі таксама.

— Якой Вам запомніцца беларуская моладзь?

— Я вельмі ўражаны сустрэчамі з беларускай моладдзю, якія меў у Беларусі. Спачатку была сустрэча ў каталіцкім касцёле ў Мінску, пасля таксама ў праваслаўным прыходзе…

Мы сустрэлі тут, натуральна, не ўсю моладзь, а пераважна веруючую. Я быў здзіўлены, наколькі асабістай была гэтая вера, якой дзяліліся хлопцы і дзяўчаты. Не толькі традыцыя веры — паўтарэнне і захаванне гэтай традыцыі, але і асабістыя перакананні маладых людзей. Для будучыні гэта вельмі важна.

Гутарыў Ілья Лапато


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.