Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі падчас святой Імшы з нагоды святкавання пятай гадавіны дзейнасці Дома Міласэрнасці ў Лагішыне

«Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, дарагія браты і сёстры!

Год Міласэрнасці афіцыйна завяршыўся. Святы Айцец Францішак 20 лістапада закрыў Брамы Міласэрнасці, праз якія прайшлі дзясяткі мільёнаў вернікаў. Гэты год дапамог нам убачыць Бога, які хоць і з’яўляецца неабмежаваным, усемагутным Валадаром стварэння, Пантакратарам, схіляецца, аднак, над чалавекам. Чалавекам, які з аднаго боку выступае як вяршыня стварэння, а з другога — як істота, параненая першародным грахом і патрабуючая міласэрнасці.

Бог чакае таксама нашага адказу, таму што любоў прагне быць узаемнай. Нашым адказам Пану павінна быць удзячнасць за Яго бясконцую міласэрнасць і наследванне Айца Нябеснага ў Яго любові да чалавека. Чалавек, такім чынам, становіцца цэнтрам Божай Міласэрнасці і нашага адказу на яе. Чалавек не ананімны, не наш канкурэнт або вораг, а чалавек як наш Брат, сын таго ж самага Айца ў небе.

Святы Айцец Францішак падкрэслівае, што заканчэнне мерапрыемстваў, звязаных з Годам Міласэрнасці, не азначае заканчэння часу Божай Міласэрнасці. Не скончыўся час нашай удзячнасці Пану Богу і сведчання міласэрнасці адносна бліжняга.

Наша зычлівая пастава павінна праяўляцца ў адносінах да кожнага чалавека, да яго матэрыяльных і духоўных патрэбаў. Нам пра гэта нагадваюць учынкі міласэрнасці для душы і для цела бліжняга. Сапраўдная любоў павінна ахопліваць усяго чалавека, бо інакш, калі яна забудзе пра духоўныя патрэбы, рызыкуе стаць прымітыўнай філантропіяй, а калі забудзе пра матэрыяльныя, пра тое, што брат і сястра не маюць адзення, не маюць хлеба, стане бясплённай і таннай пабожнасцю. Нас перасцерагае святы апостал Якуб, кажучы: «Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: “Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся”, але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць?» (Якуб 2, 15-16).

Ад самага пачатку існавання Касцёл дбаў пра ўсе патрэбы чалавека. Абвяшчаў Евангелле і клапаціўся пра ўбогіх. Святы апостал Павел у лісце да Галатаў піша, што апосталы, пасылаючы яго абвяшчаць Добрую Навіну язычнікам, далі яму наказ памятаць пра ўбогіх (пар. Гал 2, 10).

Нават у часы самых жорсткіх пераследаў хрысціяне не занядбалі гэта заданне. З жыццярысу святога дыякана Лаўрэнція мы даведваемся, што ён быў распарадчыкам маёмасці рымскага Касцёла. Калі яго арыштавалі, улады прасілі выдаць ім скарбы, якімі Касцёл нібыта валодаў. Святы Лаўрэнцій папрасіў пару дзён часу. У акрэслены дзень ён сабраў перад суддзёю ўсіх беднякоў, якім дапамагалі хрысціяне і сказаў: «Вось сапраўдны скарб Касцёла». Разгневаны суддзя загадаў аддаць яго на жудасныя катаванні.

Пасля заканчэння выпрабавальных часоў служэнне міласэрнасці не спынілася, а наадварот — яшчэ больш развівалася. Так, Нікейскі Сабор 325 г. сярод сваіх рашэнняў меў і такія, якія заклікалі свецкіх і духоўных асобаў да стварэння прытулкаў для ўбогіх.

Вялікую ролю адыгралі манахі, якія неслі суцяшэнне і дапамогу хворым і бедным людзям. У якасці класічнага прыкладу можна прыгадаць постаць святога Марціна Турскага, легіянера з часоў Рымскай імперыі, які падзяліўся з ўбогім сваім плашчом, калі ўбачыў, як той пакутуе ад холаду. З навейшага часу ўспомнім гераічную любоў да бліжняга сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія ў часы Другой Сусветнай вайны ахвяравалі сваім жыццём дзеля вызвалення арыштаваных фашыстамі вязняў. Дзеля вызвалення незнаёмага чалавека, бацькі і галавы сям’і, у гітлераўскім канцлагеры прыняў пакутніцкую смерць святы Максімільян Марыя Кольбэ. У нашы дні яшчэ зусім нядаўна свет захапляўся гераічнай дзейнасцю Маці Тэрэзы з Калькуты, якая апекавалася тымі, каго ўсе пакінулі, пра каго забылі і вымусілі паміраць на вуліцы.

Такая дзейнасць важная, аднак нельга справы міласэрнасці звесці выключна да яе. Сучаснаму чалавеку хочацца скіраваць позірк толькі на тое, што можна ўбачыць, намацаць і падлічыць. Мы, на жаль, прызвычаіліся да пошуку знешняга эфекту. Сучаснага чалавека хтосьці параўнаў да грыбніка, які пайшоў у лес у грыбы. Так, ён ідзе назбіраць грыбоў, але мудры грыбнік будзе заўважаць не толькі тое, што пад нагамі, а ўбачыць неба і сонца, каб не страціць арыенцір.

У адваротным выпадку, калі загледзецца сабе пад ногі і стане хціва збіраць грыбы, абавязкова заблукае. Тады ён гатовы будзе аддаць усё, абы толькі вярнуцца дадому. Сучасны чалавек можа быць так прывязаны позіркам да зямлі, што не паглядзіць у вышыню, каб навязаць адносіны з Богам, які праз свае запаведзі хоча накіраваць яго на жыццёвай дарозе. Чалавек можа не заўважыць нават братоў і сясцёр вакол сябе, якіх калісьці давядзецца пакінуць, таму што Пан пакліча ў вечнасць.

У нашы дні сродкі масавай інфармацыі і фальшывая рэклама часта адводзяць людзей ад важнейшай мэты —вечнага жыцця. Трэба заўсёды памятаць пра вечнае жыццё — сваё і іншых людзей. Важна здзяйсняць ўчынкі міласэрнасці для цела бліжняга, але пры гэтым не забываць, што найбольшае значэнне сведчанне міласэрнай любові набывае тады, калі мы робім добрыя ўчынкі для душы другога чалавека. Думаю, мы ўсе ведаем пералік гэтых учынкаў, які пададзены ў агульным катэхізісе. Найважнейшае — умець заўважыць другога чалавека і быць да яго міласэрным, як Нябесны Айцец.

Калі-некалі даводзіцца чуць, што мы жывём у «час пустых твараў». Што гэта значыць? Людзі жывуць адзін насупраць другога, у адным доме, на адной лесвічнай пляцоўцы, але не маюць узаемных кантактаў. Не хочуць іх мець. Яны замкнёныя ў чатырох сценах, у сваіх праблемах, калі-небудзь мімаходам сустрэнуцца. Фізічна яны блізка, а так насамрэч вельмі далёка. Іншы чалавек тут становіцца знаёмым з выгляду, яму нават час ад часу кінуць «Дзень добры», але ў істоце гэта вельмі далёкі чалавек. Кажуць: «Не хапае часу, каб затрымацца і паразмаўляць». Правільна будзе казаць, што не хапае ўважлівасці на іншага, на яго праблемы. Ні часу не хапае, а любові.

Бацькі спачатку не маюць часу на дзяцей, а дзеці, пасля таго, як вырастуць, не жадаюць знайсці час на размову з пажылымі бацькамі. Месца другога чалавека займае тэлесерыял або камп’ютар з захапляльнай гульнёю. У ХХІ стагоддзі гэта вялікі выклік для нас. Гэту праблему важна прааналізаваць і адпаведным чынам вырашыць у сваім доме, у сям’і. Гэта сапраўднае поле для ажыццяўлення ўчынкаў міласэрнасці адносна цела і душы, з дапамогаю якіх можна вылечыць адзіноту — найстрашнейшую хваробу сучаснасці.

Добра, што тут, у Лагішыне, з’явілася месца, дзе людзі могуць правесці астатак часу, які ім вызначыў Божы Провід. Часта гэта людзі, якім жыццё не шкадавала працы і болю. І добра, што ёсць тыя, хто сёння апякуецца імі. Няхай у гэтым доме будзе заўсёды цёпла. Цёпла ў фізічным і духоўным сэнсе. Няхай цеплыня любові разаграе змучаныя сэрцы. Няхай тут ніколі не заканчваецца час Божай Міласэрнасці!

Адзначаючы пятую гадавіну дзейнасці Дома Міласэрнасці, я хачу падзякаваць усім тым, хто спрычыніўся да яго ўзнікнення. Асобна дзякую кіраўніцтву і персаналу гэтай установы, бо вы робіце магчымым, каб людзі, якія тут жывуць, мелі добрыя варункі існавання і магчымасць спакойнага памірання. Дзякую кусташу санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся ксяндзу Тадэвушу Шэшка за пастырскі клопат аб людзях. Дзякую ахвярадаўцам, часта ананімным, намаганнямі якіх гэта справа трывае. Але па-сапраўднаму аддзячыць можа толькі Бог, які адзін ведае глыбіню чалавечага сэрца і ўзнагароджвае спаўна. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Няхай жа Божая Любоў дапоўніць нашу людскую падзяку. Амэн.

Адноўлена 25.11.2016 08:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі