Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ХХХ Звычайную нядзелю, Год С

23 кастрычніка 2016 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Распавядаюць, што прускі кароль Фрыдрых Вялікі аднойчы наведаў вязніцу і сустрэўся з асуджанымі за розныя злачынствы. Яны ўсе як адзін сцвярджалі, што ні ў чым не вінаватыя, што іх абвінавацілі несправядліва і яны павінны быць вызвалены.

У рэшце рэшт ён падыйшоў да чарговага вязня, які маўчаў, і сказаў яму: “Мяркую, што і ты таксама невінаватая ахвяра”. На што вязень адказаў: “Не, я вінаваты і пакорна прымаю справядлівае пакаранне”. Тады, звяртаючыся да наглядчыка, кароль сказаў: “Адпусці гэтага ашуканца, перш чым ён сапсуе іншых нявінных”. Гэтым самым кароль як быццам паўтарыў словы св. апостала Пятра, што Бог ганарыстым працівіцца, але благаслаўляе пакорных.

2. Сённяшні евангельскі аповед прадстаўляе гісторыю двух яўрэйскіх вернікаў: фарысея і мытніка. Варта падкрэсліць той факт, што абодва вераць у Бога, абодва належаць да адной рэлігіі і абодва прыйшлі памаліцца ў адну сінагогу. Аднак выйшлі з яе рознымі. Мытнік, якога людзі не любілі, пайшоў дадому апраўданым. Фарысей жа, які быў духоўным настаўнікам, не атрымаў такой ласкі.

Мы, як веруючыя людзі, павінны звярнуць пільную ўвагу на гэтую гісторыю. Не толькі для таго, каб памятаць аб малітве, прымаць удзел у святочнай Імшы, але і таму, каб жыць такім жыццём, якое вядзе да апраўдання.

Для гэтага найперш неабходна спыніцца над тым, кім з’яўляліся фарысеі і мытнікі. Фарысеі былі вельмі добра адукаванымі людзмі, яны рыгарыстычна выконвалі прадпісанні Божага закону, пасціліся два разы на тыдзень, аддавалі дзесяціну са сваіх даходаў на сінагогу, рэгулярна маліліся. Словам, гледзячы звонку, яны выглядалі людзьмі, якія імкнуцца да святасці. Напэўна, нямногія сучасныя хрысціяне могуць пахваліцца падобным стылем жыцця.

Мытнікі, ці зборшчыкі падаткаў, разглядаліся як людзі вельмі нізкага маральнага ўзроўню. Іх лічылі жулікамі і грэшнікамі, зямны шлях якіх вядзе ў пекла. Аднак евангельскі мытнік спадзяваўся на выратаванне не паводле сваіх маральных заслуг ці рэлігійных практык, але па бязмежнай Божай міласэрнасці.

Хаця без веры няма збаўлення, аднак яна павінна быць жывой, такой, якая нас змяняе. Мы павінны быць яе сведкамі ў штодзённым жыцці. Святы апостал Якуб кажа, што нават д’ябал верыць у Бога, аднак трымціць ад страху.

Езус даволі катэгарычна выказваўся пра фарысеяў, крытыкаваў іх, нават называў пабеленымі грабамі. Ён папярэджваў аб тым, што яны абцяжарваюць людзей новымі трактаваннямі Божага закону. З ацэнкі Езусам фарысеяў можна зрабіць выснову, што яны верылі ў неміласэрнага, можа, нават дыскрымінуючага Бога, які любіць толькі добрых людзей і ненавідзіць злых. Таму фарысеі былі ўпэўнены ў сваёй праведнасці, паважалі толькі добрых і падобных да сябе людзей і з пагардай глядзелі на грэшнікаў і мытнікаў. Менавіта таму ў сінагозе фарысей практычна не маліўся, але толькі хваліўся перад Богам: “Паглядзі, Божа, які я прыкладны …”

Мытнік жа не спадзяваўся на сябе і свае сілы, але сваю надзею пакладаў у Богу. Стоячы далёка, ён нават не асмельваўся падняць вочы да неба, толькі біў сябе ў грудзі і казаў: “Божа, будзь міласэрны да мяне, грэшнага”.

У выніку ўсяго не самазадаволены фарысей, але мытнік пайшоў дадому апраўданы.

3. Сёння мы сабраліся на нядзельную святую Імшу, каб памаліцца, прасіць прабачэння нашых правінаў і прасіць благаслаўлення. Спытаймася ў сябе: кім мы з’яўляемся, да каго падобныя — да фарысеяў ці мытнікаў?  Можа, мы ганарліва кажам пра сябе саміх: “Паглядзі, Божа, я кожную нядзелю хаджу ў касцёл, складаю ахвяры на ўтрыманне Божага дому, кожны дзень малюся, у Адвэнт і Вялікі пост спавядаюся, з жонкай не ругаюся, пашчуся, не п’ю, не палю, не прымаю наркотыкаў. Словам, я прыкладны католік. Не такі, як мой сусед, які не моліцца, не ходзіць у касцёл, з жонкай ругаецца, часта выпівае і г.д”. Або, можа, інакш: “Паглядзі, сёння на Вялікдзень і ён прыйшоў у касцёл, але гэта яму не дапаможа. Я, напэўна, буду збаўлены, але ён наўрад ці”.

Ці такія і падобныя думкі не валодаюць у нашым сэрцы? Калі так, то мы падобныя да евангельскіх фарысеяў.

Святое Пісанне кажа: не судзіце і не будзеце судзімыя. Мы не маем права нікога судзіць. Гэта можа толькі Бог. Мы не ведаем унутранага стану душы іншага чалавека і не ведаем яго намераў і інтэнцый.

У любым выпадку неабходна прымаць паставу евангельскага мытніка, які даверыўся бязмежнай Божай міласэрнасці, якая большая за самы вялікі грэх і якая абдымае кожнага. Святы Айцец Францішак вучыць, што ніхто не выключаны з яе дзеяння, акрамя таго, хто сам адмаўляецца ад яе. Трэба памятаць, што Бог не дыскрымінуе нікога, а наадварот, аднолькава любіць усіх і жадае іх навяртання і асабліва аказвае сваю ласку пакорным.

4. Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Па-першае, нам небходна прызнаць сваю грахоўнасць і недасканаласць, падобна як гэта ўчыніў мытнік. Прызнанне сваёй памылкі з’яўляецца першым крокам да вырашэнне праблемы, якая ўзнікла з-за яе. У той жа час абвінавачванне іншага ў нашых праблемах, асабліва духоўных, нічога не дасць, бо не вядзе да вырашэння праблемы. Старая хрысціянская прыказка кажа, што зграшыць – гэта па-чалавечы, бо з-за першароднага граху мы схільныя да зла, але трываць у граху – гэта ўжо д’ябальская справа.

Па-другое, прыярытэтам нашага жыцця неабходна выбіраць пакору, а не ганарлівасць. Паглядзім, як часта славутыя баксёры перад рашучым боем ганарліва заяўляюць, што знішчаць свайго суперніка. Часам нават непрыемна слухаць. Але ў выніку нярэдка бывае, што такі ганарлівец сорамна праігрывае.

Гонар – гэта стаўленне, якое прымушае нас як быццам крэдытаваць сябе саміх. Вось, маўляў, я здольнейшы, разумнейшы, спраўнейшы, прыгажэйшы, мацнейшы за іншых і г.д. Але трэба памятаць аб тым, што Бог, а не чалавек, мае апошняе слова і што час усё расставіць па сваіх месцах. Гісторыя гэта пацвердзіла неаднойчы. Успомнім, напрыклад, з якой упэўненасцю атэісты казалі аб перамозе над верай. А што выйшла? Не яны, але Бог выйграў.

У нас няма кантролю над часам. Кожны з нас мае абмежаваную, вызначаную Богам, колькасць сардэчных скарачэнняў, і таму не ганарлівасць, але пакора, па прыкладу Езуса Хрыста, будзе лічыцца ў канчатковым выніку.

Па-трэцяе, неабходна ставіць Бога вышэй за ўсё. Калі мы выбіраем залежнасць ад Бога, то становімся на шлях пакоры. Многія з нас чулі аб вынаходніку тэлеграфа Сэмюэлю Морзе. Аднойчы ў яго спыталіся, што ён робіць у складанай сітуацыі, калі не ведае, як трэба паступіць. Ён адказаў, што тады становіцца на калені і моліцца, каб атрымаць ад Бога святло і разуменне. Сусветна вядомы навуковец пакорна схіляецца перад Богам.

Па-чацвёртае, неабходна заўсёды маліцца і прасіць у Бога дапамогі перамагчы ганарлівасць, каб быць пакорнымі, бо пакора дапамагае належным чынам ацаніць саміх сябе, каб мы не ганарыліся сваім паходжаннем, прыгажосцю, пазіцыяй, якую займаем, і атрыманай ласкай, бо ўсё ад Бога, а Ён супярэчыць ганарлівым і ўзвышае пакорных, як учыніў Марыі. Амэн.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі