Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас Імшы на распачацце пілігрымкі «Баранавічы-Будслаў» 23 чэрвеня 2016 г.

Вітаю ўсіх удзельнікаў, арганізатараў сёлетняй пілігрымкі на будслаўскі фэст з нагоды 25-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Як вядома, Папа Францішак вызначыў свайго Пасланніка — легата, якім з’яўляецца кардынал Вены з Аўстрыі Крыштаф Шонбарн. Пачатак пілігрымкі нашай дыяцэзіі — гэта добрая нагода паразважаць аб значэнні пілігрымавання, якое аднавілася таксама і ў нас пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага пераследу, калі пілігрымкі былі забаронены. Бог, які стварыў чалавека, заклікае, каб па дарогах зямнога жыцця стварэнне шукала свайго Створцу, Стварыцеля слухала. Прыклады знаходзім у Бібліі.

Бог уходзіць у гісторыю збаўлення чалавека-пілігрыма па дарогах веры. Гэта зыход Абрагама, вандроўкі наступных патрыярхаў, выхад з Егіпта, пераход праз Чырвонае мора, пераход праз пустыню, спакусы і грахі, уваход у Святую Зямлю. Гэта прыгнечанне і цярпенні ў бабілонскім рабстве і вяртанне ў Айчыну, у зямлю поўнай лучнасці з Богам. Таму чалавек, верны Старому Запавету, прадстаўляецца Богу — госцем я у Цябе, падарожнікам (Ps 39, 13; 119,19).

А потым у сваёй Айчыне пілігрымка ў Ерузалем, на Святую гару Сіён, пад гукі радасных пілігрымкавых спеваў. Тры разы на год у свята Пэсах, Шэвут і Суккот. І яшчэ эсхаталагічная запаведзь, калі ўсе народы прыйдуць на Сіён. (por. Iz 2,2-4; 56,6-8; 66,18-23; Mi 4,1-4; Za 8,20-23). Гэта пілігрымка народаў на апошнія часы. (Iz 25,6).

І затым надыходзяць часы Езуса. Часы таго, хто сам прадстаўляецца як дарога. Ён праз уцелаўленне ідзе дарогай свайго народа і ўсяго чалавецтва, становячыся падобным да кожнага чалавека. Ён не толькі паказвае дарогу, якой трэба крочыць да Бога, але сам крочыць па ёй. Ён сам дарога да Бога. Ужо ў дзіцячым узросце пілігрымуе з бацькамі у Ерузалем, у святыню. Яго публічная дзейнасць фармуецца як пастаяннае пілігрымаванне па Галілеі, Самарыі, Юдэі да Ерузалема, дзе быў укрыжаваны.

Евангеліст Лука апісвае дзейнасць Пана Езуса як адно вялікае падарожжа, мэта якога — унебаўшэсце. Евангеліст паказвае смерць Езуса, як перамяненне, як выйсце экзодус з гэтага свету. Ён прызывае вучняў, каб пашлі за ім — «калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Mц 16б, 24).

Вучні Езуса, наследуючы Яго, разыходзяцца ва ўсе бакі свету. Ідуць да розных народаў ад Ерузалема да Рыма, усюды абвяшчаючы Евангелле Хрыстовае. Яны, як сведчаць Дзеі Апосталаў, акрэсліваюць жыццё хрысціяніна як дарогу да Нябеснага Ерузалема.

Хрысціянін свядомы таго, што на зямлі ён падарожнік, чужаземец і пілігрым, а яго Айчына — на небе. Вучні Езуса прайшлі ўсе важныя рымскія шляхі і марскія, сустракаліся з рознымі мовамі і культурамі, ад Азіі да Італіі, Афрыкі, Іспаніі, Францыі, Германіі, Англіі, былі ў славянскіх краінах, Кітаі і Індыі. Пазней скіраваліся ў новаадкрытыя кантыненты і землі да новых народаў — у Амерыку, Афрыку, Акіянію, рыхтуючы там дарогу Хрысту.

Па слядах вучняў Хрыста ідуць хрысціяне да святых месцаў. Дзе аб’явіўся Бог або ў месцы, звязаныя з жыццём, мукай, смерцю і змёртвыхпаўстаннем Хрыста і яго святых. У IV і V ст. з’яўляюцца манаскія рухі, асцэтычная міграцыя, рэлігійны зыход. Пабожныя людзі ідуць у пустыню і там разважаюць гісторыю збаўлення.

Геранім і яго вучаніцы Паўліна і Еўстахія ідуць у Святую Зямлю. Селяцца ў пячэры недалёка ад Бэтлеема, дзе нарадзіўся Хрыстус. Будуюць пустэльню на Юдэйскай пустыні, а таксама ў Сірыі, Кападокіі і ў Егіпце. Прызываюць хрысціян, каб пілігрымаваць у Святую Зямлю, але адначасова звяртаюць увагу на неразуменне сэнсу пілігрымавання. Грыгорый з Нісу звяртае ўвагу пілігрымам на тое, што сапраўдная пілігрымка вядзе чалавека ад рэалій матэрыяльных да духоўных, ад жыцця цялеснага да жыцця ў Пану, а гэта не проста выезд з Кападокіі ў Палесціну. Святы Аўгусцін раіць: «увайду ў самога сябе — праўда пражывае ў сэрцы чалавека, адшукаю сябе самога».

Калі мусульмане заваяваі Святую Зямлю ў 638 годзе, пілігрымкі хрысціян сталі шмат цяжэйшымі. Тады адкрыліся новыя шляхі пілігрымам на Захадзе. Рым, шлях св. Якуба ў Кампастэлу, марыйны санктуарый у Ларэта, Тур, Кантэрбуры, Падва і іншыя.

Сярэднявечча нясе вялікую хвалю пілігрымаў у розных накірунках Еўропы. Пілігрымы даюць пачатак розным манаскім супольнасцям, якія прыпамінаюць аб шляху пілігрыма па жыцці.

У XIII ст. з’яўляецца св. Францішак, які разам з сваімі братамі францішканамі ідзе ў Святую Зямлю. Там да сённяшняга дня яны вартуюць святыя месцы у Ізраілі і на Блізкім Усходзе...

У 1300 годзе ў Рыме ўпершыню абвешчаны Юбілейны Год, які сабраў у Вечным Горадзе тысячы пілігрымаў. І пілігрымкі працягваюцца мноства разоў у юбілейныя гады. Рым становіцца цэнтрам культурнага і рэлігійнага жыцця на многія стагоддзі ў Еўропе.

У I-XVII стагоддзі, дзякуючы адкрыццям, разрываецца і заканчваецца бачанне свету толькі эўрацэнтрычным, а падзелены сваркамі хрысціянскі Захад губляе адзінства са сваім цэнтрам у Рыме. З’яўляюцца альтэрнатыўныя пілігрымкі, якімі становяцца вялікія марыйныя санктуарыі. У XVIII і XIX стст. працягваецца пілігрымаванне да санктуарый у Гвадэлюпу, Лурд, Апарэціда.

Адноўленая свядомасць таго, што Божы Народ — гэта пастаянны пілігрым — зноў ажыўлена абмяркоўвалася на Другім Ватыкаскім Саборы. У сваім навучанні Сабор падкрэсліў пілігрымуючы характар Касцёла.

Жыццё хрысціяніна можна акрэсліць як пілігрымку веры. І такі характар Касцёла быў падтрыманы пілігрымкамі Папаў – Яна XXIII ў 1962 годзе да Ларэта, Паўла VI у Святую Зямлю ў 1964 годзе. Потым былі пілігрымкі Паўла VI, Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка.

Святкуючы 25 – годдзе адраджэння структур Касцёла ў нашай краіне, з удзячнасцю ўспамінаем і розныя пілігрымкі дыяцэзіі з касцёлаў да святых месцаў — у Вільню ў Вострую Браму, у Лагішын з Бярозы, Баранавіч, у Будслаў з Баранавіч, Брэста. У Юравічы да Маці Божай Юравіцкай, у Навагрудак да Фарнага касцёла і месца служэння і мучаніцтва — да рэліквій 11-ці благаслаўлёных сясцёр мучаніц назарэтанак. Пілігрымкі ў Святую Зямлю і на сустрэчы са Святым Айцом.

Пілігрымкі адрозніваюцца ад турыстыкі. Турыстыка з’яўляецца уцёкам ад штодзённасці да чагосьці іншага, забаўнага, а пілігрымка — гэта акрэсленая мэта. Адной з першых мэтаў, якія акрэслівае Касцёл, заахвочваючы да пілігрымак, — гэта паглыбленне веры і духоўнага жыцця.

Пілігрымка — гэта наша падарожжа да Бога. «Божа, Ты Бог мой, Цябе я шукаю; Цябе прагне душа мая, за Табою тужыць маё цела, як высушаная зямля, сасмяглая, без вады. У святыні так углядаюся на Цябе, каб убачыць Тваю магутнасць і хвалу» (Пс 63,2-3).

Сабраныя ў касцёле Маці Божай Фацімскай вернікі маюць намер прайсці пілігрымкай да Бога з дапамогай Марыі. Чаму ідзяце ў Будслаў?

Бо ідзяце туды, каб вучыцца міласэрнасці ад Марыі. Прызываем Яе ў нашых патрэбах словамі «Святая Марыя, міласэрная да грэшнікаў, брама нашага збаўлення, крыніца салодкай любові, Маці міласэрнасці, надзея тых, хто на Яе спадзяецца, суцяшэнне нешчаслівых, радасць засмучаных, дапамога бедных, да Якой мы прыходзім з нашымі малітвамі, да Якой тулімся, калі нас прыніжаюць, да Якой звяртаемся з дапамогай, якую з пабожнасцю просім, Якую з пакорай просім,  Якую ў цярпеннях прызываем». Святы Альфонс так звяртаўся да Марыі: «О Найсвяцейшая Дзева – Ты мела большую і мацнейшую веру чым усе людзі і ўсе анёлы».

Маці Божая, навучы нас міласэрнасці і трываласці ў малітве. Няхай перажытая пілігрымка прынясе ў нашым жыцці трывалы плён міласэрнай любові: жыццё, згоднае з воляй Бога ў сям’і святога Касцёла, у грамадскіх супольнасцях і ва ўсім свеце.

Адноўлена 22.06.2016 18:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі