Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Эрдо выказаўся ў абарону паслядэбатнай справаздачы
Дзяржава Ватыкан
15.10.2014 16:36

Кардынал Петэр Эрдо, галоўны дакладчык ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, выказаўся ў падтрымку паслядэбатнай справаздачы, якую ён прадставіў на Сінодзе ў панядзелак.

Як паведамляе нямецкая служба Ватыканскага радыё, удзельнікі Сінода наракаюць на тэкст даклада, бо, на іх думку, там недастаткова прадстаўлена спасылка на касцёльнае вучэнне аб шлюбе і сям’і, а на пярэдні план пастаўлена сітуацыя недасканалых адносін і замала сказана пра прыгажосць жыцця ў вернасці.

Кардынал Эрдо зазначыў, што агучаны ім дакумент — толькі прамежкавая справаздача і тут не ідзе гаворка пра тое, што гэты дакумент канчатковы. Іерарх падкрэсліў, што ў дакуменце даваліся абагульненыя думкі і прапановы больш чым трохсот дакладчыкаў, некаторыя з якіх выступалі спантанна.

«Магчыма, СМІ ўбачылі ў дакуменце больш, чым там было»

«Паслядэбатная справаздача — плён доўгай працы. Айцоў Сінода прасілі дасылаць свае прамовы ў пісьмовым выглядзе загадзя. Больш за палову такіх дакладаў былі прадстаўлены ў сакратарыят Сінода, таму мы маглі выбраць адтуль галоўныя тэмы. Пазней дайшлі і астатнія тэксты. З іх прынамсі 150 дакладаў былі агучаныя і мелі пасля сябе гарачыя дэбаты», — сказаў іерарх.



Кардынал Эрдо як «галоўны рэлятар» (дакладчык) адказвае за тэксты Сінода. Ён звязвае тэмы і абагульняе іх у паслядэбатную справаздачу.

«Найвялікшым выклікам было чытаць думкі, якія паўтараліся ў 30 або 40 тэкстах дакладаў. Кожны з біскупаў фармуляваў той жа самы змест па-іншаму. Якую тэрміналогію мы павінны былі выбраць? Які акцэнт расставіць? Як выразіць гэта стылістычна, калі адна тэма закраналася ў чатырох дакладах, а іншыя тэмы ў 40 дакладах?», — распавядае іерарх.

Паводле слоў кардынала, галоўныя тэмы дакладаў у прамежкавую справаздачу ўвайшлі ўсе. Аднак галоўны дакладчык не выключае, што хтосьці зверне ўвагу на адчутнасць ў справаздачы «таго ці іншага». Цікавасць з боку СМІ вялікая, таму, як лічыць кардынал Эрдо, магчыма, «у некаторых сітуацыях у тэксце было ўбачана больш, чым там было сказана насамрэч».

У наступныя дні працы Сінода біскупы працуюць у моўных групах, каб распрацаваць свае прапановы адносна тэкста справаздачы.

«Гэты тэкст — прамежкавая стадыя працы Сінода, але не заключная яго форма. Мы спадзяёмся, што ў канцы гэтага тыдня нам удасца атрымаць выніковую версію тэкста, якая будзе прынята большасцю. Таму варта ўспрымаць паслядэбатную справаздачу толькі як выбарку, толькі як працоўны тэкст», — паведаміў галоўны дакладчык.

Прысутнасць Пантыфіка падбадзёрвала

Кардынал Эрдо звярнуў увагу на тое, што ўдзельнікам Сінода было рэкамендавана ў выніковым тэксце «звярнуць увагу на дакладнасць дакумента і ліквідаваць у ім непаразуменні». Таксама і вернікі патрабуюць «дакладнага голасу, абадрэння і кірунку». У любым выпадку, «у задачу гэтага Сінода не ўваходзілі канкрэтныя адказы» на выклікі сужэнстваў і сям’і. Гаворка вялася пра тое, каб «прадставіць пытанні, а таксама сабраць аргументы і прапановы», якія будуць служыць дапамогай у працы Сінода наступнай восенню.

«І калі наступны Сінод прызнае гэты тэкст, гэта яшчэ не будзе тэкстам вучэння Касцёла. Ён можа стаць такім тэкстам, калі яго прызнае Святы Айцец або калі ім будзе напісаны новы тэкст на аснове выніковага тэксту гэтага Сінода. Паглядзім, як Пантыфік выкарыстае вынікі працы», — адзначыў кардынал Эрдо.

Як дадаў іерарх, прысутнасць Папы Францішка падчас усіх пленарных пасяджэнняў была «вельмі падбадзёрваючай». Пантыфік праслухаў усе даклады і «ўспрыняў настрой дэбатаў як паважлівы». У цэлым уражанне было, «што ўсе хочуць кіравацца воляй Касцёла». Кардынал прызнаўся, штто не пабачыў у аўле Сінода барацьбу за ўладу.

«Розныя пазіцыі мелі месца, чаму не. Гэта не забаронена. Без іх не было б дыялога. Аднак стварэнне пэўных «лагераў» у палітычным сэнсе, дзе вялася б барацьба за ўладу — гэтага я не пабачыў», — заключыў кардынал.

Пераклад з нямецкай І.Лапато

фота Ватыканскага радыё 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.