Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аб заснаванні катэдральнага капітула
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2017 12:38

14 студзеня 2017 года Кангрэгацыя па справах Духавенства, адказваючы на просьбу Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, разгледзеўшы ўсе прадстаўленыя дакументы, заснавала катэдральны капітул у Мінску ў гонар cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай.

Галоўнымі функцыямі капітула з’яўляецца ўдзел у найбольш урачыстых цэлебрацыях у катэдральным касцёле ў Мінску і ў іншых месцах архідыяцэзіі, арганізацыя ў катэдральным касцёле канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных дакументам Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, дапамога Арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, калі ён аб гэтым папросіць, а таксама забеспячэнне вернікам магчымасці прыступаць да сакрамэнту пакаяння праз дзейнасць каноніка пенітэнцыярыя.

Згодна са статутам, капітул складаецца з 8 грэміяльных канонікаў, якімі могуць быць толькі святары, інкардынаваныя ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, і ганаровых канонікаў, колькасць якіх акрэсліваецца Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Усіх членаў капітула прызначае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Грэміяльныя канонікі выконваюць наступныя функцыі:

Канонік дэкан. Яго заданнем з’яўляецца скліканне паседжанняў капітула і ўстанаўленне парадку дня пасяджэнняў, у выпадку неабходнасці на моцы дэлегацыі дыяцэзіяльнага біскупа ўвядзенне новапрызначаных канонікаў у іх функцыі; выкананне функцый старшыні на пасяджэннях капітула; абвяшчэнне рашэнняў, прынятых на пасяджэнні, а таксама падпісванне пратаколаў пасяджэнняў, карэспандэнцыі і актаў капітула, інфармаванне Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага аб рашэннях, прынятых на пасяджэннях, падтрыманне адносін паміж капітулам і катэдральнай парафіяй; першынство ў прадстаўленні капітула ў іншых касцёльных установах.

Канонік тэолаг. Яго заданнем з’яўляецца адказнасць за арганізацыю ў катэдральным касцёле сімпозіумаў і канферэнцый, прысвечаных дакументам Рымскага Пантыфіка і Апостальскай Сталіцы; паглыбленне культу св. Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай — галоўнай апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Канонік кусташ. Яго заданнем з’яўляецца чуванне над рухомай і нерухомай маёмасцю капітула і кіраванне гэтай маёмасцю згодна з прадпісаннямі права і рашэннямі капітула, а таксама прадстаўленне штогадовай фінансавай справаздачы аб дзейнасці капітула; адказнасць за адзнакі кананіцкай годнасці, якія перадаюцца яму пасля смерці грэміяльнага каноніка на пакоі або ганаровага каноніка для далейшага захавання ў архіве капітула, інфармаванне членаў капітула аб матэрыяльнай сітуацыі канонікаў старэйшых, хворых або тых, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы; арганізацыя пахавання памерлага каноніка.

Канонік пенітэнцыярый. Згодна з кан. 508 § 1 ККП, пенітэнцыярый катэдральнага капітула з моцы сваёй пасады мае звычайную ўладу, якую, аднак, не можа дэлегаваць, здымання пакарання ва ўнутраных межах ад цэнзур latae sententiae, не задэклараваных і не захаваных за Апостальскай Сталіцай. Гэтай уладай пенітэнцыярый можа карыстацца таксама ў адносінах да асоб, якія не маюць сталага або часовага месца жыхарства на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама можа ажыццяўляць сваю ўладу па-за дыяцэзіяй у адносінах да жыхароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Канонік цырымоніймайстар. Яго заданнем з’яўляецца размеркаванне літургічных функцый падчас цэлебрацый, якія ўзначальвае Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі і на якіх прысутнічае капітул; праца над упрыгожваннем святой літургіі ў катэдры ў цесным супрацоўніцтве з пробашчам катэдральнай парафіі ў г. Мінску; узначальванне спеву і рэцытацыя Літургіі гадзінаў.

Канонік сакратар. Яго заданнем з’яўляецца вядзенне пратакола пасяджэнняў капітула, рэгістрацыя пратакола ў адпаведнай кнізе і падпісанне пратакола разам з дэканам; чытанне падчас пасяджэнняў капітула пратакола мінулага пасяджэння; вядзенне звычайнай карэспандэнцыі капітула; чуванне над архівам капітула, які павінен знаходзіцца ў дыяцэзіяльнай курыі; напісанне біяграфіі памерлага члена капітула.

Сярод іншых абавязкаў усе члены капітула, апрача выпадкаў сур’ёзных перашкод, звязаных таксама з выкананнем душпастырскіх абавязкаў, павінны браць удзел, апрануўшыся у спецыяльны харальны строй, у дыяцэзіяльных урачыстасцях, якія ўзначальвае Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, удзельнічаць у святых Імшах, цэлебраваных у мінскай архікатэдры з нагоды гадавіны выбару Святога Айца, гадавіны заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, гадавіны інгрэса Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, ва ўрачыстасць св. Міхала Арханёла, а таксама ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай у Будслаўскім санктуарыі. Канонікі таксама маюць абавязак служыць ў катэдры канцэлебраваную святую Імшу падчас пахавання Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, дапаможных біскупаў і канонікаў у дзень пахавання або ў іншы ўстаноўлены дзень. У сераду пасля Дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў канонікі павінны канцэлебраваць у катэдральным касцёле святую Імшу за памерлых біскупаў, членаў капітулы і святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Канонікі маюць абавязак супольна цэлебраваць Літургію Гадзінаў у катэдры — Першыя Нешпары ўрачыстасцяў, а таксама ютрань ва ўрачыстасць св. Міхала Арханёла, Папяльцовую сераду і ў Пасхальны Трыдуум.

Усе канонікі павінны збірацца на звычайныя і надзвычайныя пасяджэнні. Звычайныя пасяджэнні павінны адбывацца ў тыдні, які папярэднічае ўрачыстасці св. Міхала Арханёла — апекуна Мінска-Магілёўскай Мітраполіі; надзвычайныя пасяджэнні адбываюцца згодна з рашэннем Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага.

Кс. Дзмітрый Пухальскі
Канцлер курыі
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.