Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Viva-Будслаў: Спёка, залева і шчаслівыя пілігрымы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.07.2013 16:37

Юбілейныя ўрачыстасці распачаліся ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. З 13.00 у Будслаў пачалі ўваходзіць пілігрымы, якіх вітаў кусташ санктуарыя а. Віктар Бурлака OFM.

Яшчэ зранку неба ў Будславе было ясным. Прыпякала сонца і здавалася, што ўвесь дзень будзе такім жа сонечным. Законныя сёстры шчыравалі з кветкамі на галоўным алтары, тэлежурналісты здымалі падрыхтоўчы працэс, ля святыні свае палаткі ўладкоўвалі гандляры рэлігійнай літаратуры і сувеніраў. 

І толькі ластаўкі, кружачы над зямлёй, давалі зразумець: будзе дождж. Першыя пілігрымы ў Будслаў прыехалі на роварах з Лагойска, за імі — аўтобусныя пілігрымы з Жытоміра. Сярод пешых пілігрымаў першымі ў Будслаў дайшлі пілігрымы з Полацка, затым шматлікая пілігрымка з Маладзечна…

Сонца прыпякала спіны пілігрымаў і яны радасна спявалі, нібы і не было гэтых дзён дарогі і стомы. А пасля ўдарыла залева! Перад ім у Будслаў яшчэ паспелі прыйсці ўдзельнікі поснай пілігрымкі з мінскага Чырвонага касцёла.

Дождж распачаўся імгненна, нарастаючы з кожнай хвілінай і ператвараючыся ў залева. Моцны вецер, здавалася, быў здольны паваліць з ног..

Моцны дождж не спыніўся і падчас уваходу ў Будслаў пілігрымак з Мінска, Нарачы, Ракава... Пілігрымы былі мокрыя да ніткі, але радасныя. Іх шлях — ужо мінуў.

У 16.00 удзельнікі юбілейнай пілігрымкі «Ракаў-Будслаў» унеслі ў Нацыянальны санктуарый копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая здзяйсняла перэгрынацыю па дыяцэзіях Беларусі. Амаль дзевяцімесячная перэгрынацыя па ўсіх дыяцэзіях Беларусі завяршылася!

Апошнім прыпынкам копіі абраза Маці Божай перад прыбыццём у Будслаў стала Вілейка. Адтуль 2 ліпеня ў санктуарый вырушыла пілігрымка-працэсія, удзельнікі якой неслі абраз у Даўгінава. Менавіта з Даўгінава, як 400 гадоў таму, абраз накіраваўся з у Будслаў.

Таксама 5 ліпеня ў Будслаў прыбылі рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па парафіях нашай краіны. Перэгрынацыя пад дэвізам «Маё пакліканне — гэта любоў» пачалася 1 чэрвеня і завершыцца 28 жніўня. Першая перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы распачалася ў 1947 г. па парафіях Францыі. Рэлікварый з парэшткамі святой уяўляе сабой аздоблены масіўны саркафаг і прыбыў у Беларусь з кляштара кармэлітаў босых у Лізьё (Францыя). 

Пілігрымкі да санктуарыя ў Будславе адбываюцца кожны год і збіраюць тысячы вернікаў. 1 ліпеня з мінскага архікатэдральнага касцёла вырушыла ўжо 23-я па ліку пешая пілігрымка «Мінск — Будслаў». На наступны дзень на прыпынку маршрута ў Вішнёўцы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч па традыцыі сустрэўся з удзельнікамі пілігрымкі, дзе цэлебраваў для іх літургію.

3 ліпеня ад мінскага Чырвонага касцёла пасля Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч, вырушыла ў Будслаў пілігрымка на роварах. Удзельнікаў пілігрымкі прывітаў і благаславіў таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У роварнай пілігрымцы прынялі ўдзел вернікі з розных месцаў Беларусі.

У той жа дзень з Мінска ў Будслаў выйшла т.зв. «посная» пілігрымка — на хлебе і вадзе. Ішла ў Будслаў і адмысловая салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка з удзелам беларускай і расійскай моладзі. 5 ліпеня з Шарашова ў Будслаў вырушыла і III аўтамабільная пілігрымка.

Анастасія Грышан, Ілья Лапато OCDS

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.