Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Адшукаць правільны адказ — няпростае заданне»: рэпартаж з рэкалекцый для юнакоў па распазнанні паклікання ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.01.2016 12:38

У свае 17 гадоў Віталій Гурэц ужо прыняў рашэнне, якое можа змяніць усё яго жыццё. Сёлета хлопец заканчвае будаўнічае вучылішча і рыхтуецца да паступлення ў семінарыю. Каб яшчэ раз паразважаць над сваёй дарогай, юнак прыехаў на свае чарговыя рэкалекцыі па распазнанні паклікання — восьмыя па ліку.

«Кожныя рэкалекцыі пакідаюць духоўны след у маім жыцці, — гаворыць Віталій. — Зразумець пакліканне — значыць ведаць, дзе ты прынясеш найбольшую карысць і дзе будзеш сапраўды шчаслівы».

Віталій Гурэц з Ваўкавыска — адзін з 38 удзельнікаў рэкалекцый, якія ў пачатку студзеня прайшлі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У рэкалекцыях прынялі ўдзел падлеткі і маладыя людзі ад 13 да 24 гадоў.

«Тут прыгожа і цікава, шмат малітвы. А да раскладу дня можна і прывыкнуць»

«Рэкалекцыі не маюць за мэту завербаваць юнакоў у святары. Зусім не, — адзначае прэфект семінарыі кс. Андрэй Лішко. — Хлопцы не прыехалі сюды стаць ксяндзамі, яны прыехалі слухаць голас Бога. Уменне ж слухаць павінна дапамагчы разабрацца ў пакліканні. Рэкалекцыі могуць даць штуршок у распазнанні паклікання. Хлопцы ўбачаць, чым жыве семінарыя, як тут жывуць навучэнцы».

Ягор Мілоста і Даніэль Данілаў з Каробчыц якраз дзеля гэтага і прыехалі. Яны сябруюць і дапамагаюць пры алтары ў сваёй парафіі. Рудавалосаму Ягору толькі 14 гадоў, яго сябар маладзейшы на год, аднак кожны з хлопцаў на рэкалекцыях невыпадкова — іх вабіць святарства.



«Нам вельмі падабаецца атмасфера ў семінарыі, тут прыгожа і цікава. Шмат малітвы, падчас якой можна паразважаць на сваім жыццём і пакліканнем», — расказваюць хлопцы. «У сваёй парафіі мы гуляем у футбол, хакей, тэніс — магчыма, гэта прыдасца пасля ў семінарыі, мы хацелі б калі-небудзь таксама згуляць у футбол як святары, — усміхаюцца яны.

Ягор і Даніэль дадаюць, што іх аднакласнікі збольшага ўжо дзеляцца планамі пра будучую прафесію. Так сярод знаёмых ёсць будучыя вадзіцелі, парыкмахеры, выхавацелі, праграмісты... Нават адна будучая законная сястра.

«Мы ж разважаем над пакліканнем да святарства. Тут, у семінарыі, пачуваемся вельмі ўтульна. Што датычыць непрывычнага раскладу дня — то гэта не галоўнае, да гэтага можна і прывыкнуць», — не па гадах сур’ёзна адказваюць падлеткі.

«У войску заўжды падымаўся перад пад’ёмам, каб памаліцца»

Па-іншаму разважае пра святарства 24-гадовы Віталій Варонік з парафіі Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне. За плячыма ў маладога чалавека — служба ў войску і праца выкладчыкам у вучылішчы.

«Я паходжу з піярскай парафіі, і мне вельмі падабаецца працаваць з моладдзю, падабаецца дапамагаць святарам пры алтары, падабаецца быць блізка Бога. Я прыехаў сюды, каб зразумець: святарская дарога — гэта маё ці не. Такі апошні крок...»



«Самае складанае — пачуць правільна голас, які ёсць унутры, і зразумець яго», — заключае хлопец.

Адмысловым выпрабаваннем веры стала для Віталія служба ў войску: «Я служыў на мяжы — лічы, у лесе, — адкуль там касцёл?.. На некаторых заставах быў адмысловы куток з іконамі, але не паўсюль. У войску не было магчымасці рэгулярна наведваць святую Імшу, але я стараўся маліцца раніцай і вечарам.

Зранку заўжды падымаўся перад пад’ёмам, каб паспець памаліцца. Вельмі выручаў малітоўнік, які перад маім ад’ездам мне прэзентавалі айцы піяры з роднай парафіі».
Віталій Варонік адзін з найстарэйшых па ўзросце сярод удзельнікаў рэкалекцый. Іншым у асноўным ад 14 да 17.

Пётр Шацілаў з Гродна (парафія Маці Божай Міласэрнасці, мк-н Вішнявец) — яшчэ адзін «ветэран» рэкалекцый. Першы раз на духоўныя разважанні ён прыехаў у 2006-м годзе. Сёння маладому чалавеку 23 гады, але кропку ў сваім жыццёвым пакліканні ён яшчэ не паставіў.

«Адшукаць правільны адказ — няпростае заданне. Я яшчэ ў пошуку, — кажа Пётр і дадае: — Хлопцы пераважна маладзейшыя за мяне, але я нармальна сябе адчуваю з імі. Рэкалекцыі — гэта таксама і пошук сяброў, аднадумцаў».



Пагаварыць хлопцам сапраўды ёсць пра што. І не толькі пра пакліканне. Пераважная большасць удзельнікаў рэкалекцый — міністранты. Пётр Шацілаў, напрыклад, на службе пры алтары ўжо 16 гадоў.
 
Адкуль прыходзіць пакліканне?

Што азначае быць міласэрным і якія ўчынкі з’яўляюцца ўчынкамі міласэрнасці для душы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў адмысловых канферэнцыях для ўдзельнікаў рэкалекцый рыхтавалі шасцікурснікі семінарыі — дыяканы Анджэй Ганчар, Дзяніс Бразінскі і Андрэй Скамарошка.

Асаблівую ролю падчас канферэнцый дыяканы ўдзялялі ролі і важнасці малітвы. Гаварылася і пра тое, наколькі важная сёння міласэрнасць, якая ідзе з любові. Асобна адзначалася і ўменне прабачаць: «Калі мы не прабачаем, мы не можам звацца хрысціянамі. Дар прабачэння трэба развіваць, молячыся да Святога Духа».

Калісьці дыяканы Андрэй, Дзяніс і Анджэй таксама прыязджалі ў семінарыю на рэкалекцыі, сёння яны на апошнім курсе вучобы. Якой была іх дарога паклікання?


На фота: дыяканы Дзяніс Бразінскі, Андрэй Скамарошка і Анджэй Ганчар

Анджэй Ганчар перад тым, як паступіць у семінарыю, пяць разоў прыязджаў сюды на рэкалекцыі. Спачатку за кампанію — разам з сябрамі, затым ужо сам, разважаючы над сваім пакліканнем да святарства. Прыглядаўся і да манаскага жыцця, тройчы быў на рэкалекцыях у кляштары францішканаў.

«Я тут, можа, і не быў бы, калі б не рэкалекцыі, якія заўсёды былі для мяне часам духоўнай падтрымкі, — прыгадвае дыякан. — Вялікую ролю адыграў у фармаванні майго паклікання прыклад кс. Валерыя Быкоўскага, які стаў для мяне сапраўдным духоўным бацькам».

Дыякан лічыць, што ад працы святара ў парафіі залежыць і прыход у семінарыю новых навучэнцаў.

«Юнак павінен разлічваць на падтрымку святара, на яго параду. Бо часам хапае аднаго разу, каб зразумець, што гэта тваё. Або наадварот...»
Дыякан Дзяніс Бразінскі таксама лічыць, што прыклад святара і яго адкрытасць да размовы вельмі важныя для хлопцаў, якія разважаюць над сваім пакліканнем. Дыякан і сам, будучы на практыцы, стараўся дапамагчы парадай кожнаму, хто звяртаўся да яго.

«Асабліва радуе, калі пасля тваёй практыкі на рэкалекцыі ў семінарыю прыязджаюць новыя твары — міністранты з той парафіі, дзе ты працаваў. Значыць, тыя размовы і парады былі не дарма».

Дыякан прыгадвае, што вельмі чакаў заканчэння школы, каб пайсці нарэшце ў семінарыю. Жаданне стаць святаром ён адчуў вельмі рана.

«Яшчэ ў дзяцінстве я разумеў, што хачу стаць святаром, і гэтае жаданне ўзмацнялася з кожным годам. Таму пытання “Куды ісці?” пасля школы не стаяла. Уплыў фармацыі, аднак, уплываў на маё сталенне, і з гадамі я дарастаў у сваім пакліканні. За гэты час здараліся і крызісы, але сутнасць святарства ў маім бачанні не змянілася, змяніўся падыход ва ўспрыманні святарства», — адзначыў дыякан.



Дыякан Андрэй Скамарошка ў школьныя гады быў міністрантам у пабернардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа, які знаходзіцца пры семінарыі. А таму і магчымасцяў наведваць семінарыю ў яго было больш.

Як прыгадвае дыякан, вялікую ролю ў фармаванні яго паклікання адыграў кс. Андрэй Радзевіч, былы духоўны айцец гродзенскай семінарыі — размовы пра духоўнасць з ім шмат у чым паўплывалі на светаўспрыманне будучага семінарыста.

«Мы размаўлялі на тэму паклікання, і гэтыя размовы вельмі дапамагалі ў эмацыйным і духоўным плане, — прызнаецца дыякан. — Перад паступленнем у семінарыю я збольшага ведаў, што мяне чакае. Жыццё тут — асаблівае, са сваім рэгламентам і правіламі. Усё арганізавана такім чынам, каб ты працаваў над сваім фармаваннем і жыў Божай праўдай».

Дыякан дадае, што кожная парафіяльная практыка дапамагае яму зразумець, наколькі духоўна ён падрыхтаваны да святарскага жыцця.

Чым абумоўлены крызіс пакліканняў?



16-гадовы Уладзіслаў Крэчак з Ваўкавыска прызнаецца, што вопыт рэкалекцый дапамагае яму разабрацца ў сабе:

«На гэтых рэкалекцыях семінарысты і дыяканы дзеляцца тым, як зразумелі сваё пакліканне. Слухаючы іх, я пачынаю верыць у сябе. З маім пакліканнем усё не так проста. Спачатку я думаў ісці ў манахі, але жыццё дыяцэзіяльнага святара мяне таксама вабіць...»

Сёння ў духоўнай семінарыі ў Гродне вучыцца каля 30 чалавек. Як прыгадвае ксёндз Валерый Быкоўскі, адзін з былых духоўных айцоў семінарыі, у часы яго вучобы колькасць семінарыстаў даходзіла да 140 (!) чалавек.



Адной з асноўных прычын крызісу пакліканняў святар называе адсутнасць рэлігійнай адукацыі ў сем’ях.  

«Першая прычына — недахоп рэлігійнай адукацыі ў сям’і, далей — крызіс маральных каштоўнасцяў. Але мы забываемся, што кліча ў першую чаргу Пан Бог. Мы самі не можам паўплываць на пакліканне, мы можам толькі стварыць умовы для падтрымкі таго, хто пакліканы», — заключае святар.

«Важная не колькасць пакліканняў, а тое, каб кожнае пакліканне было праўдзівым, — дадае прэфект семінарыі кс. Андрэй Лішко. — Хтосьці адчувае ў сабе жаданне быць святаром, а хтосьці — не. Сэнс рэкалекцый у тым і ёсць, каб паказаць, што ёсць розныя пакліканні».
Прэфект зазначае, што семінарыя — гэта не толькі «месца», але яшчэ і «час», час сталення і фармацыі: «Пакліканне — як кветка. Кожны дзень ты працуеш над тым, каб вецер не пахіснуў яе. Нездарма і з лацінскай мовы слова “семінарыя” можна перакласці як “школа раслін”».

«Галоўнае, каб чалавек шукаў»: новае пакаленне і яго пакліканне

Наймалодшаму ўдзельніку рэкалекцый Уладзіславу Вішнеўскаму толькі 10 гадоў. Арганізатары рэкалекцый пайшлі яму на ўступку, зрабіўшы выключэнне і дазволіўшы прыехаць — апекай над меншым заручыліся міністранты з яго парафіі. Нягледзячы на ўзрост, менавіта святарства хлопчык лічыць сваёй дарогай у будучыню.


На фота: 10-гадовы Уладзіслаў Вішнеўскі — другі злева побач з Уладзіславам Крэчакам (першы злева) і Віталіем Гурцом (трэці злева)

«Я тут, бо таксама хачу стаць святаром, калі вырасту, — дзеліцца Уладзіслаў. — Мне тут усё падабаецца. Я шмат даведаўся ад дк. Анджэя пра міласэрнасць. А яшчэ ён расказваў пра сваё дзяцінства і пра тое, як прыйшоў у семінарыю. Гэта вельмі запомнілася...»

«Радуе, што многія задумваюцца над выбарам жыццёвай дарогі, не чакаючы 11-га класа школы, каб вырашыць, кім стаць, — лічыць дк. Дзяніс Бразінскі і дадае, што ва ўмовах змены пакаленняў ён рады той разважлівасці, якую бачыць ва ўдзельнікаў рэкалекцый: галоўнае, яны ўжо сёння шукаюць Бога.

Змена пакаленняў, на думку кс. Валерыя Быкоўскага, з’ява натуральная. Але, як падкрэслівае святар, важна дарастаць у сваім пакліканні і развівацца.

«Кожнае пакліканне да Бога — гэта дар, — заключае кс. Валерый Быкоўскі. — Гэты дар можа быць незразумелым для свету, але для самога чалавека ўсё будзе зразумелым. Вельмі важна ў хвіліны няўпэўненасці проста прыйсці да Найсвяцейшага Сакрамэнту і пагаварыць з Богам у цішыні».

«Рэкалекцыі па распазнанні паклікання з’яўляюцца тым часам, каб спыніцца і паразважаць, кім я хачу быць і кім ёсць для мяне Хрыстус», — упэўнены Уладзіслаў Малышко, студэнт першага курса семінарыі.

Семінарыст паходзіць з той жа парафіі, што і Віталій Гурэц, які налета будзе паступаць у семінарыю. Магчыма, на іх і раўняецца 10-гадовы Уладзіслаў Вішнеўскі, які таксама родам з парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску.

***

Час ідзе, змяняюцца пакаленні. І толькі голас Бога, як і дзве тысячы гадоў таму, кліча за сабой хлопцаў, каб назаўсёды змяніць іх жыццё. «І сказаў ім: "Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей". Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім» (Мц 4, 19–20).

Ці не гэтае «адразу» самае цяжкае ва ўрыўку евангеліста Мацвея?

 Ілья Лапато, Гродна-Мінск,
фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.