Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэктар семінарыі ў Пінску: «Наша задача — дапамагчы распазнаць пакліканне, а не змушаць юнакоў ісці ў семінарыю»
Беларусь
08.02.2016 11:26

Колькасць студэнтаў, якія прыходзяць на першы курс, сёння невялікая, але спроба параўноўваць колькасць семінарыстаў з той лічбай, якая была, 20 гадоў таму — адназначна памылка, лічыць кс. Андрэй Рылка, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Пакліканне і лічбы

«Па-першае, гэта праблема сацыялагічная, якая існуе ў свеце, і сітуацыя ў еўрапейскіх сучасных грамадствах: секулярызацыя і свецкасць. Па-другое, гэта дэмаграфічны крызіс. І яшчэ адзін аспект — звышнатуральны чыннік: справа паклікання да святарства — вельмі далікатная. Мы не можам змушаць, не можам прывабліваць да святарства нейкай знешняй прыгажосцю.

Наша задача — распазнаць, ці сапраўды малады чалавек мае ад Бога гэта пакліканне, ці гатовы ён прысвяціць служэнню сваё жыццё. Потым, калі хтосьці мае гэта пакліканне, трэба даць час на яго распазнанне. Можа быць такая сітуацыя, што сёння мы маем невялікую колькасць семінарыстаў, але заўтра гэта можа змяніцца», — патлумачыў рэктар.

У адрас Каталіцкага Касцёла не першы год гучаць пытанні аб невялікай колькасці святароў-выпускнікоў беларускіх семінарый. Але, лічыць рэктар, лепшай за прэтэнзіі ў бок духоўных школ была б дапамога — і не толькі словам, але і справай.

Патрэба ў дыялогу

«Нам не хапае сустрэчы і дыялогу. Замест таго, каб каментаваць у той ці іншы бок працэсы, якія адбываюцца ў семінарыі, лепш было б, калі б непасрэдна пыталіся ў семінарыі, якія працэсы там адбываюцца, калі б нейкі чыноўнік замест крытыкі запытаў, чым ён можа дапамагчы; вось гэта было б канструктыўна і лепш спрыяла б развіццю дыялогу паміж Касцёлам і чыноўнікамі, дзяржавай.

Таксама, думаю, было б добра, каб яны лепш пазнавалі працэсы, якія адбываюцца ў Касцёле. А то часам здаецца, што знешне нешта крытыкуецца, а тое, што робіцца — не заўважаецца. А робіцца шмат», — сцвярджае святар.


Кіраўніцтва духоўнай семінарыі ў Пінску не губляе надзеі на такі канструктыўны дыялог. А тое, што ад новага пакалення святароў залежыць лёс душпастырскага служэння ў Беларусі, у каталіцкіх школах разумеюць, як нідзе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.