Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: katholisch.de — як працуе нямецкая сястра рэдакцыі catholic.by?
Беларусь
20.05.2014 11:05

16 штатных супрацоўнікаў, 12 тысяч інтэрнэт-наведванняў у дзень, свая тэлестудыя і святары-практыканты. Аб тым, як працуюць калегі з нямецкага сайта katholisch.de, у чарговай частцы новага праекта catholic.by «Хрысціянскае сёння» — пра хрысціянства ў Беларусі і за мяжой.

Навіне аб тым, што ў сайта katholisch.de ёсць сястра ў Беларусі, калегі з Германіі былі трохі здзіўленыя, але адрэагавалі з інтарэсам.

У ходзе размовы з журналістамі выявілася, што аб’ядноўвае рэдакцыі не толькі падабенства ў назвах. На дзіва, незалежна адна ад адной і працуючы ў розных краінах, рэдакцыі функцыянуюць амаль па аднолькавым прынцыпе і маюць падобную структуру.

Як выглядае праца katholisch.de? Ці адчуваюць калегі біскупскую цэнзуру і ў чым тут найбольшае адрозненне ад catholic.by? Гэтыя і іншыя тэмы ў гутарцы з адказным рэдактарам партала Стэфанам Цымерманам.


Katholisch.de і біскупская цэнзура

Сайт katholisch.de працуе з 2004 года. Першапачаткова рэдакцыя знаходзілася ў Кёльне і ў ёй працавала толькі тры журналісты. Сёння ў складзе katholisch.de ужо 16 чалавек, а рэдакцыя пераехала ў медыядом у Боне.

Пераезд адбыўся тры гады таму. Супрацоўнікі katholisch.de сёння працуюць у адным будынку поруч з журналістамі іншых каталіцкіх рэдакцый — нямецкага каталіцкага агенцтва навін (Katholische Nachrichtenagentur), хрысціянскага дадатка газеты «Die Zeit» — «Хрысціянін і свет» («Christ und Welt»), кіначасопіса «Кінаслужба» («Film-dienst») і інш.


Стэфан Цымерман, адказны рэдактар katholisch.de

Такое суседства, паводле слоў Стэфана Цымермана, мае свае плюсы. Пры katholisch.de працуе адмысловая відэастудыя, якая адказвае за live-трансляцыі святой Імшы, а таксама час ад часу займаецца выпускам спецыяльных відэасюжэтаў. Якраз на гэтыя здымкі відэарэдактары часам запрашаюць кампетэнтных экспертаў з рэдакцый каталіцкіх СМІ, якія поруч з katholisch.de працуюць у медыядоме.

«Супрацоўнікі katholisch.de стараюцца звяртаць асаблівую ўвагу на падачу навін, — распавядае Стэфан Цымерман. — З прычыны таго, што нас чытаюць як профі ў нашых тэмах, так і тыя, хто не з’яўляецца практыкуючым хрысціянінам і адпаведна не так шмат ведае пра Каталіцкі Касцёл, мы імкнёмся кожную навіну падаваць простай мовай.

Іншымі словамі, у сваёй працы арыентуемся на тое, каб задаволіць запыты абедзвюх катэгорый чытачоў».

Сярод нестандартных падыходаў у гэтым пытанні Цымерман называе папулярныя ў чытачоў комікс-серыі «Каталіцтва для пачаткоўцаў», а таксама асобны відэапраект, дзе ў выглядзе анкеты расказваліся біяграфіі нямецкіх іерархаў.

Заснавальнік katholisch.de – Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Германіі. Але ў адрозненне ад сваіх калег у Беларусі, нямецкая Канферэнцыя Біскупаў больш шматлікая.

У яе складзе амаль 70 (!) біскупаў, сярод якіх, аднак, толькі 27 з’яўляюцца дыяцэзіяльнымі (у Германіі 27 дыяцэзій; астатнія біскупы — дапаможныя). Ці часта епіскапат спрабуе аказаць уплыў на кантэнт katholisch.de?

«За шэсць гадоў, якія я працую ў рэдакцыі, з такім я сутыкаўся толькі тройчы, — кажа адказны рэдактар Цымерман. — Увогуле, вазьму на сябе смеласць і скажу, што ўплыву на падачу інфармацыі і цэнзуры з боку біскупаў у нас па сутнасці няма. Духавенства можа паўплываць на тую ці іншую публікацыю, але рэдка. Гэта адбываецца толькі ў выключных выпадках».

«Часам на сайце мы і ўвогуле падаём меркаванні, якія ў нечым могуць супярэчыць катэхізісу, але гэта толькі меркаванні – імкнучыся да аб’ектыўнасці, мы прэзентуем розныя пазіцыі, хоць яны і не заўсёды супадаюць з афіцыйнай пазіцыяй Касцёла», — заключае журналіст.

 

Праца па выхадных аплачваецца дадаткова

Штодзень katholisch.de публікуе да 18 арыгінальных матэрыялаў, сярод якіх навіны, аналітычныя артыкулы, а таксама відэаматэрыялы.

У штаце рэдакцыі — 16 чалавек, сярод якіх, акрамя пішучых журналістаў, таксама фатографы, тэхнічныя рэдактары, відэарэдактары, а таксама дзве сакратаркі і два дырэктары — фінансавы і выканаўчы (першы адказвае за прыбытак, другі – за кантэнт).

Ёсць у рэдакцыі свой піяр-менеджэр (пасаду ўвялі паўтара гады таму), а таксама “самая свежая” пасада, уведзеная ў верасні 2013-га, — адказны за сувязь з прэсай.

Прайсці журналісцкую практыку на партале таксама можна. Гэтую магчымасць часам выкарыстоўваць і духоўныя асобы. Сярод жа саміх супрацоўнікаў katholisch.de, гэтаксама як і сярод двух дырэктараў інтэрнэт-рэдакцыі, ні святароў, ні кансэкраваных асобаў няма.Не ўсе супрацоўнікі katholisch.de маюць журналісцкую адукацыю. Тут ёсць выпускнікі розных спецыяльнасцяў, сярод якіх таксама тэолагі і палітолагі.

Акрамя рэлігійных навін на сайце падаюцца тэксты сацыяльнай і культурнай тэматыкі. Ёсць адмысловая рубрыка, прысвечаная кіно.

«Асноўная частка навін — нашы арыгінальныя матэрыялы, штосьці перадрукоўваем з Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва, — распавядае Цымерман, — таксама супрацоўнічаем з нямецкай рэдакцыяй Ватыканскага радыё, парталамі нямецкіх дыяцэзій і італьянскімі інфармацыйнымі агенцтвамі».

Працоўны дзень рэдакцыі амаль нічым не адрозніваецца ад працы іншых рэдакцый СМІ: пяць дзён на тыдзень (з 9.00 да 17.30). Аднак адзін з супрацоўнікаў працуе па асаблівай змене (з 12.00 да 20.30) і абнаўляе ленту навін у вечаровы час.

У выхадныя дні на сайце працуе толькі адзін журналіст (каля шасці гадзін у дзень).


Адзін з працоўных сталоў у рэдакцыі katholisch.de

Праца па выхадных тут аплачваецца дадаткова. Гэта значыць, што журналіст, які працаваў у выхадны дзень, не бярэ сабе «адгул» падчас працоўнага тыдня. Але, па прызнанні Стэфана Цымермана, і такая практыка, магчыма, будзе ўведзена.


12 тысяч наведванняў у дзень супраць ранейшых 5 тысяч

У верасні 2012 года была запушчана бягучая інтэрнэт-версія сайта. Быў зменены дызайн і абноўлены тэхнічныя магчымасці. Сёння на katholisch.de у дзень заходзіць у сярэднім да 12-13 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў. У старой версіі сайт меў толькі пяць тысяч наведванняў у дзень. Улічваючы статыстыку, варта сказаць, што ў Германіі пражывае каля 80 мільёнаў чалавек, з якіх 24 мільёны – католікі.


У калідоры рэдакцыі katholisch.de

Функцыі каментавання матэрыялаў на katholisch.de няма, замест гэтага рэдакцыя выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі.

«Мадэрацыя каментароў забірае шмат часу і не заўжды з’яўляецца аператыўнай, — заўважае Стэфан Цымерман. — Мы вырашылі працаваць праз сацыяльныя сеткі — найперш праз фэйсбук і твітэр. Зваротную сувязь ад чытачоў мы атрымліваем пераважна адтуль.

Нашу старонку ў фэйсбуку ўжо ўпадабала каля 4,5 тысячы чалавек. Асобны акаўнт ёсць на Youtube і google+. Праца з сацыяльнымі сеткамі, аднак, таксама не простая, таму журналіст, які адказвае за яе, займаецца толькі гэтым».



Каментарый аўтара:

Гісторыя стварэння catholic.by вельмі падобная да той, пра якую распавядаюць нямецкія калегі. Толькі заснаваны саtholic.by быў крыху раней, у 2001 годзе. На жаль, далейшыя сцежкі, па якіх пайшлі інтэрнэт-праекты, супадаюць не ва ўсім.


Крэатыўны падыход у афармлення працоўнага месца

Калі чытаеш рэдакцыйную пошту, якая штодзень прыходзіць на саtholic.by, часта бывае так, што плачаш і ўсміхаешся адначасова. Тут, нягледзячы на хрысціянскую скіраванасць сайта, ёсць амаль усё: і спам, і парады, і гумар у тэкстах (калі аўтар замест «слова да вернікаў» піша «да венікаў»), і крыўды (за скарочаны тэкст або за тое, што рэдакцыя адхіліла дасланы аўтарам матэрыял, бо той жа тэкст быў дасланы яшчэ на тры каталіцкія сайты).

Здараюцца і крыўды на фатографа: чытач, які быў на Імшы, не знайшоў сябе ў выніковым рэпартажы на сайце. І гэта толькі крыўды ад чытачоў. Па той жа прычыне часам крыўдзяцца і духоўныя асобы...

Але гэта рэдакцыйная «кухня», пра якую не прынята гаварыць. Шмат працы, якую робяць журналісты, часта схавана ад чытацкага вока.

Не ўсе ведаюць пра няспраўджаныя ідэі, якія не атрымалі зацвярджэння ў заснавальнікаў; пра тое, што цэлы шэраг тэкстаў аўтары дасылаюць на catholic.by па-польску, часта без аўтарства, часам пад пільнай забаронай штосьці ў тэксце змяняць...

Некаторыя аўтары высылаюць на рэдакцыйную скрыню 1400 здымкаў, з якіх у рэпартаж трэба выбраць і апрацаваць 30 найбольш вартых. Журналісты вымушаныя часам працаваць без абеду, па вечарах і таксама ў выхадныя.

На жаль, на саtholic.by не працуе 16 чалавек, якія рабілі б усё хутчэй і больш зладжана. Сёння ў рэдакцыі акрамя дырэктара — тры пішучыя журналісты, адзін фатограф і адзін тэхнічны рэдактар — адзіны з усіх, хто працуе на саtholic.by з самага пачатку.

Але ў нас ёсць тое, што не дае канчаткова апусціць рукі. У catholic.by ёсць вы. Чытачы! Гэта, бадай, адзіны кампанент, у якім наша рэдакцыя ні ў чым не саступае katholisch.de. Чытачы, якія каментуюць, падказваюць, спрачаюцца, крыўдзяцца і даюць парады. І сatholic.by ўдзячны за гэта.

Рэдакцыя нагадвае, што ў сatholic.by таксама ёсць старонка ў фэйсбуку, дзе кожны можа выказаць сваё меркаванне. Будзем на сувязі!

Ілья Лапато

Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Чытайце таксама:«Хрысціянскае сёння»: рэпартаж са школы езуітаў у Вільнюсе

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.