Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Ян Хрысціцель быў у разгубленасці — Езус аб’явіўся сярод грэшнікаў
Слова Папы
18.01.2017 09:13

«Ян у разгубленасці, таму што Езус аб’явіўся неверагодным чынам: сярод грэшнікаў, прымаючы хрост, як і яны, нават за іх. Але дух асвятляе Яна і дае яму зразумець, што так здзяйсняецца Божая справядлівасць, здзяйсняецца Ягоны план збаўлення», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 15 студзеня.

Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

У цэнтры сённяшняга Евангелля (Ян 1, 29–34) — наступныя словы святога Яна Хрысціцеля: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету» (пар. Ян 1, 29). Словы, што суправаджаюцца позіркам і жэстам рукі, якія паказваюць на Яго — на Езуса.

Уявім сабе гэтую сцэну. Мы знаходзімся на беразе Ярдану. Ян хрысціць; вакол яго шмат народу, мужчын і жанчын рознага ўзросту, якія прыйшлі сюды, да ракі, каб прыняць хрост з рук гэтага чалавека, які многім з іх нагадваў Іллю, вялікага прарока, што за дзевяць стагоддзяў да гэтага ачысціў ізраэльскі народ ад ідалапаклонства і навярнуў яго да сапраўднай веры ў Бога Запавету, у Бога Абрагама, Ісака і Якуба.

Ян абвяшчае, што наблізілася Валадарства Нябеснае, што вось-вось аб’явіцца Месія і што трэба рыхтавацца, навяртацца і паводзіць сябе справядліва; ён пачынае хрысціць у Ярдане, каб даць людзям канкрэтны сродак пакаяння (пар. Мц 3, 1–6). Гэтыя людзі прыходзілі, каб каяцца ў сваіх грахах, дзеля пакаяння, каб распачаць новае жыццё. Ён ведае, Ян ведае, што Месія, Памазанец Божы, ужо блізка, а знакам, каб распазнаць Яго, будзе тое, што на Ім спачне Святы Дух; гэта Ён прынясе сапраўдны хрост, хрост у Святым Духу (пар. Ян 1, 33).

І вось ён, гэты момант: Езус прыходзіць на бераг ракі, сярод людзей, сярод грэшнікаў — як і мы ўсе. І вось Яго першае публічнае дзеянне, першая справа, якую Ён робіць, пакінуўшы свой дом у Назарэце ва ўзросце трыццаці гадоў: Ён ідзе ў Юдэю, да Ярдану і прымае хрост ад Яна. Мы ведаем, што адбылося, мы святкавалі гэта ў мінулую нядзелю: на Езуса сыходзіць Святы Дух у выглядзе галубкі, а голас Айца абвяшчае Яго ўмілаваным Сынам (пар. Мц 3, 16–17). Гэта знак, якога чакаў Ян. Гэта Ён! Езус Месія. Ян у разгубленасці, таму што Ён аб’явіўся неверагодным чынам: сярод грэшнікаў, прымаючы хрост, як і яны, нават за іх. Але дух асвятляе Яна і дае яму зразумець, што так здзяйсняецца Божая справядлівасць, здзяйсняецца Ягоны план збаўлення: Езус Месія, Кароль Ізраэля, але не ўладаю гэтага свету, а менавіта як Баранак Божы, які бярэ на сябе і здымае грэх свету.

Так Ян паказвае Яго народу і сваім вучням. Таму што Ян меў вялікае кола вучняў, якія выбралі яго сваім духоўным правадыром, і менавіта некаторыя з іх і сталі першымі вучнямі Езуса. Мы добра ведаем іх імёны: Сымон, пазней названы Пятром, ягоны брат Андрэй, Якуб і ягоны брат Ян. Усе яны былі рыбакамі, усе паходзілі з Галілеі, як і Езус.

Дарагія браты і сёстры, навошта мы так доўга затрымліваемся на гэтай сцэне? Таму што яна вырашальная! Гэта не байка. Гэта вырашальны гістарычны факт! Гэтая сцэна вырашальная для нашай веры; яна вырашальная таксама для місіі Касцёла. Касцёл ва ўсе часы пакліканы рабіць тое, што зрабіў Ян Хрысціцель — паказваць Езуса людзям, кажучы: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету»! Ён — адзіны Збаўца! Ён — Пан, пакорны сярод грэшнікаў, але гэта Ён, Ён: няма іншага, магутнага, які прыходзіць; не, не, гэта Ён!

Гэта словы, якія мы, святары, штодзённа паўтараем падчас Імшы, калі паказваем народу хлеб і віно, пераісточаныя ў Цела і Кроў Хрыста. Гэты літургічны жэст прадстаўляе ўсю місію Касцёла, які не абвяшчае сябе самога. Бяда, бяда калі Касцёл абвяшчае сам сябе; ён тады губляе курс, не ведае, куды ідзе! Касцёл абвяшчае Хрыста; не нясе сябе, а нясе Хрыста. Таму што Ён і толькі Ён збаўляе свой народ ад граху, вызваляе яго і вядзе да зямлі сапраўднай свабоды.

Панна Марыя, Маці Баранка Божага, няхай дапаможа нам верыць у Яго і ісці за Ім.

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.