Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сталі вядомы падрабязнасці візіту папы Францішка ў Фаціму
Святы Айцец
21.03.2017 10:31

20 сакавіка ў Ватыкане прадставілі афіцыйную праграму візіту папы Францішка ў марыйны санктуарый у Фаціме (Партугалія). Пілігрымка пройдзе 12 і 13 мая ў 100-гадовы юбілей аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі.

Прыбыццё Святога Айца на авіябазу ў Монтэ-Рэаль запланавана на 16.20 па мясцовым часе. Тут 12 мая адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання і прыватная сустрэча з прэзідэнтам краіны. Папа Францішак наведае таксама капліцу ваеннай авіябазы, а затым на верталёце адправіцца ў Фаціму.

Прылёт запланаваны на 17.35 на мясцовы стадыён, адкуль Пантыфік «адкрытым» аўтамабілем адправіцца непасрэдна ў марыйны санктуарый.

Тут, у Капліцы аб’яўленняў, ён застанецца некаторы час на прыватнай малітве, пасля чаго благаславіць свечкі, звернецца да вернікаў з кароткай прамовай і далучыцца да ружанцовай малітвы.

Наступны дзень, 13 мая, пачнецца для Папы з сустрэчы з прэм’ер-міністрам Партугаліі. Затым ён наведае базыліку Маці Божай Ружанцовай. У 10.00 перад фацімскім санктуарыем распачнецца цэлебрацыя галоўнай святой Імшы, якую ўзначаліць Пантыфік.

Пасля Імшы адбудзецца абед з удзелам мясцовага епіскапату. Вылет Святога Айца з авіябазы ў Монтэ-Рэаль запланаваны на 15.00 пасля афіцыйнай цырымоніі развітання. У 19.05 Папу чакаюць у рымскім аэрапорце Ciampino.

Папа Францішак стане чацвёртым Пантыфікам пасля Паўла VI, Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, які наведае марыйны санктуарый у Фаціме.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.