Браслаўская Валадарка Азёр стане дзевятым каранаваным абразом у Беларусі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.08.2009 12:21
Каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, якая адбудзецца 22 жніўня 2009 г. у Браславе (Віцебская дыяцэзія), стане падзеяй, якая збярэ духавенства і тысячы вернікаў з Беларусі  і з-за мяжы. Ускладанне каронаў здзейсніць кардынал Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльнскі (Германія).

На каранацыю прыбудуць яшчэ два кардыналы: Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі кардынал Казімір Свёнтэк і іерарх Рыма-каталіцкага Касцёла ў Латвіі кардынал Яніс.

Чакаецца, што пры алтары збяруцца каля 20 біскупаў. Акрамя беларускіх іерархаў прыбудуць таксама біскупы з Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Германіі, Польшчы, магчыма, з Італіі і ЗША. З прамовай да ўсіх прысутных звернецца Апостальскі Нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

Запрашэнне на гэтую ўрачыстасць, як паведаміў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, было адрасавана і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, а таксама шматлікім прадстаўнікам улады.

У сувязі з тым, што Маці Божая Браслаўская з’яўляецца Валадаркай Азёраў, каранацыю абраза плануецца здзейсніць на яхце, размешчанай каля галоўнага алтара. Гэта будзе сімвалізаваць давер заступніцтву Валадаркі Азёраў.

З 21 па 22 жніўня перад абліччам Маці Божай Браслаўскай будзе адбывацца малітоўнае чуванне пад дэвізам «Малітоўная сустрэча культур у Валадаркі Азёраў». Цікавым і пазнавальным абяцае быць прадстаўленне культур — латышскай, літоўскай, украінскай, польскай.

Падрабязная праграма набажэнстваў >>>

Выява Маці Божай Браслаўскай стане першым каранаваным абразом у Віцебскай вобласці і дзевятай — у Беларусі. Да гэтага кароны былі ўскладзены на восем абразоў: Маці Божая Жыровіцкая (1730 г.), Маці Божая Бялыніцкая (1761 г.), Маці Божай Берасцейскай (1996 г.), Маці Божай Лагішынскай (1997 г.), Маці Божай Будслаўскай (1998 г.), Маці Божай Кангрэгацкай у Фарным гродзенскім касцёле (2005 г.), Маці Божай Гудагайскай (2007 г.), Маці Божай Тракельскай (2009 г.).

На працягу апошніх двух месяцаў абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў зходзіцца на рэстаўрацыі ў Мінску. Апошні раз яго рэстаўрацыю праводзілі ў 70-х гг. мінулага стагоддзя. Да рэстаўрацыі абраз змяшчаўся у галоўным алтары браслаўскага касцёла і адкрываўся толькі падчас набажэнстваў.

Кароны на абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў былі зроблены ў Кракаве паводле праекта мастака кс. Антонія Паланяка SDS. 18 лютага 2009 г. на плошчы Святога Пятра іх асвяціў Папа Бэнэдыкт XVI.

 
© 2003-2024 Catholic.by