У Камаях ушанавалі памяць арганіста Браніслава Руткоўскага | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.06.2014 14:04

1 чэрвеня ў камайскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля адзначалі 50-годдзе з дня смерці арганіста, педагога, арганізатара фестываляў арганнай музыкі Браніслава Руткоўскага - ураджэнца вёскі Камаі, які асвойваў ігру на аргане ў мясцовым касцёле і ўсё жыццё прысвяціў музыцы. На свяце сабралося шмат гасцей, Імшу ў інтэнцыі Браніслава Руткоўскага і яго родных узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што арганіст – чалавек, які спевамі славіць Бога, а той, хто спявае, моліцца двойчы.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі. Прафесар Кракаўскай музычнай школы Марэк Стэфаньскі выконваў творы, якія іграў Браніслаў Руткоўскі. Канцэрт вяла музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Савіцкая.

Праграма працягнулася на плябаніі. Да святочнага стала старшыня сельсавета Генадзь Урбанайць запрасіў пляменніцу Браніслава Руткоўскага Яніну Сівіцкую. Намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай працы Юрый Кісялёў у гонар свята ўручыў ёй падарунак.

Госці ўручылі падарункі таксама пробашчу парафіі ксяндзу Яцэку Хутману з нагоды дня народзінаў, высока ацаніўшы ў сваіх прамовах яго працу па абнаўленні касцёла і тэрыторыі. Парку перад касцёлам рашэннем райвыканкама было прысвоена імя Б. Руткоўскага. Прамоўцы выказалі вялікую ўдзячнасць кс. Яцэку Хутману не толькі за ўшанаванне памяці знакамітага арганіста, але і за ўсю працу па захаванні спадчыны, гісторыі, за любоў да Беларусі.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by