Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў Бібліі слухачам катэхез пры парафіі ў Маладзечне | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.03.2017 16:23

13 сакавіка ў парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне слухачы катэхез для дарослых атрымалі Бібліі з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага.

Катэхезы пры парафіі арганізуе «Неакатэхуменальны шлях», які дзейнічае ў касцёле св. Казіміра з 2006 года. На сёння яго ўдзельнікі аб’яднаныя ў тры вялікія супольнасці.

Раз на год праходзяць заняткі па катэхезе, якія служаць глыбокаму пазнанню сваёй рэчаіснасці і сваіх адносін з Богам і людзьмі.

Шмат гадоў такімі катэхезамі кіравалі катэхеты з Польшчы, але ўжо трэцi год гэта робяць удзельнікі першай неакатэхуменальнай супольнасці ў Маладзечне. Катэхезы доўжацца каля паўтара месяца і заканчваюцца Літургіяй Пакуты, якая ўключае ў сябе споведзь, Літургію Слова з уручэннем Біблій, канвівенцыю (ад іт. «канвівэрэ» — жыць супольна), падчас якой удзельнікі вучацца глыбока ўглядацца ў сваё жыццё пры дапамозе Божага слова і давяраць сваё жыццё і канкрэтныя праблемы Богу.

Сёлета катэхезы пачаліся на пачатку лютага. На працягу многіх тыдняў іх слухачы з дапамогай Святога Пісання пазнавалі, як Бог дзейнічаў у жыцці ізраэльскага народа і як Божае слова пралівае святло на жыццё сучаснага чалавека, адказваючы на яго праблемы.

Сімвалічнае ўручэнне Біблій азначала, што ўдзельнікі катэхез імкнуцца жыць Божым словам, змешчаным у Святым Пісанні, хочуць слухаць яго і даваць магчымасць Богу дзейнічаць праз яго ў сваёй штодзённасці.

Падчас гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі таксама заклікаў падпарадкаваць сваё жыццё Божаму слову, каб Святое Пісанне стала штодзённай Кнігай жыцця для сабраных.

Вольга Фралова, фота бр. Францішка Букі OFMCap

 
© 2003-2024 Catholic.by