Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экуменічнае набажэнства ў мінскай архікатэдры: «Нашмат больш таго, што яднае, а не таго, што раз’ядноўвае»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.01.2016 02:16

На завяршэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян 23 студзеня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло ўжо традыцыйнае экуменічнае набажэнства, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў.

З боку Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў набажэнстве прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Набажэнства пачалося з урачыстай працэсіі, падчас якой былі прынесены прадметы-сімвалы: Біблія, бохан хлеба, соль, вада і свечка.

Біблія — кніга кніг. Хлеб усіх яднае, ён змолаты з розных зярнятак і ўтварае адно цэлае. Соль захоўвае прадукты і надае ежы смак (свет сёння мае патрэбу ў солі хрысціянства). Вада - знак жыцця, і запаленая свечка — сімвал Уваскрослага Хрыста.

Распачынаючы набажэнства, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што «сёння мы сабраліся тут, каб сведчыць разам пра наша хрысціянства»: «Мы ўсе верым у адно і тое ж Евангелле».

Экуменічнае набажэнства ўключала ў сябе супольную малітву да Святога Духа, малітвы паяднання, чытанне ўрыўкаў з Евангелля, рэспансарыйны псальм, а таксама прамову кожнага прадстаўніка хрысціянскай Царквы ці супольнасці.


«Сёння сумесная малітва важная для ўсіх»


У сваіх выступленнях прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў гаварылі пра важнасць яднання з мэтай абвяшчэння Евангелля.



Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, які кіруе аддзелам адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Праваслаўнай Царквы, у сваім звароце адзначыў важнасць наследавання Божага слова ў жыцці кожнага хрысціяніна:

«Мы ўсе, хрысціяне, з’яўляемся дабравеснікамі, мы ўсе прынялі Хрыста Бога і павінны несці гэтую добрую вестку — святло Хрыста — іншым людзям».

Як дадаў святар, кожны хрысціянін сваім жыццём павінен сведчыць пра Бога, а яго ўчынкі павінны быць згоднымі з Евангеллем — Божым вучэннем.

«Евангелле прыходзіць у нашае жыццё і перамяняе яго. Калі ўсе хрысціяне будуць ісці з такім пасылам у жыцці, то ўсе будуць у адным і будуць ісці адзін за адным», — заключыў протаіерэй.
Салідарным з а. Аляксандрам Шымбалёвым у сваёй прамове быў і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які заахвоціў да штодзённага разважання над Божым словам, адзначаючы важнасць Бібліі.



«Сёння сумесная малітва важная для ўсіх. Гістарычна цяжка было ўявіць, што хрысціяне збяруцца на малітву разам», — падкрэслівае і пастар Уладзімір Татарнікаў з Гродна, які кіруе ў горадзе над Нёманам евангельска-лютэранскай супольнасцю.

Пастар заклікаў выступаць разам супраць выклікаў, з якімі ў сучасным свеце сутыкаецца Беларусь, а таксама падкрэсліў важнасць маліцца адзін з адным і адзін за аднаго: «Нашмат больш таго, што нас аб’ядноўвае, а не таго, што раз’ядноўвае».


Для хрысціяніна існуюць толькі Божыя стандарты

Пра важнасць сумеснага прапаведвання Евангелля гаварыў і выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў.

«Хрысціянства — гэта супольнасць у адзінстве, — падкрэсліў Ігар Міхайлаў. — Прызначэнне хрысціян у тым, каб распавядаць пра Хрыста і каб Евангелле з’явілася ў іншых людзей не толькі на кніжных паліцах, але і ў душы».

Ігар Міхайлаў нагадаў, што сваё служэнне хрысціянін пачынае, калі дзеліцца з іншымі дарам веры, які спазнаў сам, і распавядае пра яго дзеянне ў сваім жыцці.



«Нам, хрысціянам, патрэбны агонь Святога Духа. Свет гіне без Хрыста, без любові да Бога, таму мы павінны быць тым святлом, якое сведчыць пра Яго», — дадае намеснік старшыні Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў епіскап Аляксандр Лотараў.

Епіскап Аляксандр Лотараў заклікаў шукаць Божы твар і прыводзіць у свой дом Хрыста: «Вакол нас жывуць тысячы людзей, якія не ведаюць пра Хрыста. Мы не можам маўчаць, ведаючы, што тысячы ідуць у пекла, так і не спазнаўшы Бога».


Слова ў хрысціян адно

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваю чаргу прыгадаў урывак Евангелля на гэты дзень пра сейбіта і зерне:

«Добры гаспадар яшчэ з восені рыхтуе глебу да пасеву, так павінна быць і з Божым словам. Заданне Касцёла — рыхтаваць грунт для абвяшчэнне Евангелля. На які грунт трапляе Божае слова? Як чалавек успрымае яго?»

Арцыбіскуп дадаў, што слова ў хрысціян адно, таму «трэба аб’яднаць высілкі, каб гаварыць ва ўнісон».



«Міжхрысціянскі дыялог павінен рэалізоўвацца ў штодзённым жыцці (...). Гэта нялёгкая справа, але яна неабходна, калі мы хочам захаваць хрысціянства перад націскам секулярызму і адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, — адзначыў іерарх. — Не трэба баяцца, што можам нешта страціць. Наадварот, разам даючы сведчанне нашаму хрысціянству і абвяшчаючы Евангелле, мы ўзаемна абагачаемся».

Поўны тэкст слова тут››

Арцыпастыр зазначыў, што падзелы паміж хрысціянамі з’яўляецца перашкодай у евангелізацыі. «Наша хрысціянскае жыццё павінна быць адкрытым адно да аднаго, бо кожны з нас — гэта частка містычнага цела Хрыста. Наказ Езуса да ўзаемнай любові не павінен быць другасным», — сказаў іерарх.

Мітрапаліт падкрэсліў, што, абвяшчаючы Евангелле разам, «мы толькі абагачаемся». «Місія хрысціяна — у сеянні Евангеллі. Мы абвяшчаем не саміх сябе, а Хрыста, таму вельмі важна імкнуцца да еднасці», — падсумаваў іерарх.

Запальванне сімвалічнай свечкі ад аднаго пасхала прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў стала завяршальным этапам набажэнства. Прысутныя перадалі адзін аднаму сімвалічны знак супакою і атрымалі благаслаўленне ад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Ілья Лапато,
фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.