Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На сустрэчы ў Івянцы іерархі адказалі на пытанні моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2013 14:52

27 ліпеня, у другі дзень Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы, адбыўся дыялог моладзі з біскупамі. З маладымі вернікамі размаўлялі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка.

Мітрапаліт, кажучы пра Сусветны дзень моладзі, які праходзіць у Рыа-дэ-Жанэйра, нагадаў, што падчас яго папа Францішак заклікаў моладзь паставіць у цэнтр свайго жыцця Хрыста. «Гэта будзе, магчыма, самая вялікая евангелізацыя. Тады мы станем сапраўды жывымі старонкамі Евангелля», — сказаў арцыпастыр.

«Меч раніць цела, а слова — душу. Няхай Божае слова параніць вас у пазітыўным сэнсе, каб вы заўсёды „хварэлі“ Езусам Хрыстом!» — пажадаў Мітрапаліт.

«Сустракаючыся ў розных парафіях з моладдзю, што ўдзельнічала ў сустрэчах у Івянцы, я бачу, што пасля гэтага яна сапраўды актыўна ўключаецца ў жыццё сваёй супольнасці», — сказаў біскуп Антоні Дзям'янка.

Моладзь задала іерархам пытанні.

Удзельнікі сустрэчы цікавіліся, чаму некаторыя святары ў наш час пакідаюць сваё служэнне і для чаго патрэбны цэлібат. «Святар павінен наследаваць Хрыста, які не быў жанатым. Такім чынам святар можа лепш аддацца свайму служэнню», — адказаў біскуп Дзям'янка. Іерарх узгадаў словы апостала Паўла аб тым, што добра робіць той, хто жэніцца, але той, хто не жэніцца, паступае яшчэ лепш, і адзначыў, што пячатку святарства нельга зняць, нават калі святар пакідае служэнне, і такі адыход — трагедыя як для святара, так і для жанчыны, якая звязвае з ім жыццё. «Вытрымка ў цэлібаце патрабуе моцнай веры», —  адзначыў біскуп, дадаўшы, што важнай тут з'яўляецца і малітва за святара.

Моладзь пыталася аб пакліканні да кансэкраванага жыцця і аб тым, як зразумець, ці з'яўляецца такое пакліканне сапраўдным. «Пакліканне да святарства або кансэкраванага жыцця — не выбар прафесіі, але служэнне, — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Гэта таямніца, але і дар для чалавека». У гэтым выбары, як дадаў арцыпастыр, трэба даверыцца Богу.

Таксама маладыя вернікі цікавіліся, як Касцёл ставіцца да тэорыі эвалюцыі Дарвіна. «Касцёл не адмаўляе эвалюцыю, але пачатак усяму стварэнню дае Бог», — падкрэсліў, адказваючы на пытанне, Мітрапаліт.

Гучалі пытанні пра адпусты і іх сэнс. Мітрапаліт Кандрусевіч паведаміў, што на час сустрэчы моладзі ў Івянцы ёсць магчымасць атрымаць поўны адпуст.

Моладзь пыталася і пра тое, хто з'яўляецца галоўным у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, ці дае Касцёл у нейкіх выпадках развод, у чым розніца паміж рыма-католікамі і грэка-католікамі, як Касцёл ставіцца да перамены веры.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.