Маладыя вернікі мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля аднавілі абяцанні жыць у чысціні да сакрамэнту сужэнства | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.12.2009 14:02

8 снежня 2009 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, маладыя вернікі парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат), якія з’яўляюцца членамі Руху чыстых сэрцаў, аднавілі абяцанні жыць у чысціні да сакрамэнту сужэнства.

У гэты дзень юнакі і дзяўчаты прыносілі Богу ў дар жаданне кахаць чыстай любоўю і намер змагацца за чысціню сваіх душаў і целаў. «Аддаю Табе, Пане, маю памяць, розум, душу, цела разам з маёй сексуальнасцю і абяцаю не пачынаць сексуальнага сужыцця да часу прыняцця сакрамэнту сужэнства», — такія словы абяцання прамовілі маладыя людзі, стоячы перад алтаром.

Падчас набажэнства вернікі разважалі над пакліканнем кожнага чалавека: імкнуцца да святасці, а значыць — да любові. Любоў жа павінна панаваць у штодзённасці кожнага чалавека: мужа, жонкі, бацькі, маці, святара, сястры законнай, жанчыны, мужчыны, дзіцяці, бабулі...

 

 
© 2003-2024 Catholic.by