Мітрапаліт Кандрусевіч: Касцёл негатыўна ставіцца да стварэння каталіцкай партыі | Друк |
Іерархі
02.05.2017 15:31

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 мая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ з дакладам пра ўзаемадзеянне Касцёла і дзяржавы, выказаўся пра ўдзел духоўных асобаў у палітычным жыцці краіны.

Іерарх адзначыў, што Касцёл не павінен умешвацца ў кіраванне дзяржавай, пакідаючы за сабой «права маральнай ацэнкі яе дзейнасці ў галіне правоў чалавека і збаўлення душ».

Арцыбіскуп дадаў, што, паводле вучэння Касцёла, свецкія вернікі могуць займацца палітыкай «з мэтай хрысціянскага сведчання і апоры на маральныя каштоўнасці ў кіраванні дзяржавай». У той жа час духоўныя асобы павінны пазбягаць палітычнай залежнасці, каб «гарантаваць сабе поўнае і сапраўднае абвяшчэнне праўды».

Кажучы пра магчымасць стварэння каталіцкіх партый, Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў цытату Папы Рымскага Францішка, які адказваў на падобнае пытанне 29 красавіка гэтага года падчас пералёту з Каіра ў Рым.

«Касцёл таксама негатыўна адносіцца да ідэі заснавання каталіцкай партыі. Той, хто думае аб заснаванні каталіцкай партыі, з’яўляецца чалавекам, які жыве ў мінулым стагоддзі», — працытаваў Пантыфіка іерарх.


Ілья Лапато, фота кс. Кірыла Бардонава

 
© 2003-2024 Catholic.by