Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Віншаванне на Вялікдзень Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра
Іерархі
16.04.2017 04:02

Дарагія браты і сёстры ў Беларусі,

Хрыстус, наша надзея, уваскрос; і няма ні ў кім іншым збаўлення (пар. Дз 4, 12). Гэтымі словамі з кнігі Дзеяў Апосталаў усіх вас ад шчырага сэрца віншую са святам Уваскрасення Пана.

Уваскрасенне Езуса становіцца для кожнага з нас крыніцай аздараўлення, надзеі і суцяшэння. Лек ад смерці сапраўды існуе. Хрыстус з’яўляецца дрэвам жыцця, якое зноў становіцца дасягальным для нас.

Калі трымаемся Яго, то знаходзімся ў жыцці. Пасхальнае  віншаванне ўносіць новую перспектыву ў нашае існаванне, як людское, так і хрысціянскае: перспектыву, пазначаную не смерцю, а жыццём; не канфліктам, а супакоем; не індывідуальным эгаізмам, а салідарнасцю; не хлуснёй і падманам, а бляскам праўды, святла і чысціні. Вялікдзень будзе сапраўды добрым і плённым, калі наша грахоўнае жыццё накіруецца і навернецца да Бога.

Аддаленасць і абыякавасць у адносінах да Бога з’яўляюцца трагічнымі хваробамі, якія руйнуюць нашую рэчаіснасць і ўсялякую надзею на будучыню.

Прыгожае імя, якое анёлы даюць Уваскросламу: той, які жывы! У гэтым і ёсць цэнтр нашай веры і нашага існавання: Хрыстус жыве цяпер і тут. Не толькі Яго вучэнне і Яго ідэі, але Яго асоба: калі Ён жывы, Ён кліча нас, дакранаецца да нас, мы можам адчуць Яго дыханне, Ён сее радасць і любіць нас вернай і абсалютнай любоўю. Не сімвалічна, не на паказ, не ідэалізавана, але па-сапраўднаму.

«Калі Хрыстус не ўваскрос, — кажа Пісанне, — то вера ваша марная»: тая вера, якая ўжо дзве тысячы гадоў падтрымлівае незлічонае мноства мужчын і жанчын, надае сэнс іх жыццю, матывуе іх на вялікія справы, на штодённае служэнне, адкрываючы іх на надзею.

Таксама і Беларусь павінна адкрыцца на велікодную надзею, якая прыходзіць да нас ва ўваскрослым Хрысце: на надзею і духоўнае аднаўленне, як умову для любога іншага аднаўлення; на надзею ў дзейснае грамадскае сяброўства, якое можа забяспечыць упэўненасць для нашай моладзі; на надзею на прымірэнне адрознасцей; на надзею на жыццё багатае такімі вартасцямі, як дабро і братэрства.

Нашыя няўдачы, расчараванні і горыч, якія, здаецца, сігналізуюць крах усяго, асветлены надзеяй. Акт любові крыжа пацвярджаецца Айцом, і зіхатлівае святло ўваскрасення ўсё ахінае і перамяняе. Са здрады можа нарадзіцца сяброўства, з адмаўлення — прабачэнне, з нянавісці — любоў.

Усіх шчыра віншую са святам Вялікадня, няхай кожны дзень вашага жыцця будзе напоўнены велікоднай надзеяй!

+ Габар Пінтэр, Арцыбіскуп
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію
16.05 12:13На завяршэнне сімпозіума ў Жодзіне Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў з дакладам пра тэалогію фацімскіх аб’яўленняў
03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
02.05 16:05Мітрапаліт Кандрусевіч: Прыйшоў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школах