Візіт аd limina — дзень пяты | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
16.12.2009 17:07

16 снежня 2009 г. біскупы Беларусі, якія з 11 снежня прабываюць у Апостальскай Сталіцы з нагоды візіту да Апостальскіх парогаў, наведалі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству і Найвышэйшы Трыбунал Апостальскай Сігнатуры.

Кіраўніцтва Кагрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў высока ацаніла працу Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і дакументаў Касцёла пры ККББ. Беручы пад увагу матэрыяльныя цяжкасці, якімі нярэдка суправаджаецца выданне літургічных тэкстаў у нашай краіне, было прапанавана звярнуцца ў справе друку Літургіі гадзін для свецкіх па дапамогу да Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі. У сувязі з рознамоўнасцю вернікаў Беларусі было падкрэслена, што трэба імкнуцца да таго, каб забяспечыць цэлебрацю набажэнстваў на мовах, якімі карыстаюцца вернікі. Пры гэтым, як адзначалася ў ходзе сустрэчы, трэба памятаць, што літургія з’яўляецца цэнтрам усяго рэлігійнага жыцця.

Затым біскупы сустрэліся з прадстаўнікамі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Кіраўніцтва рады адзначыла добры стан экуменічных адносінаў у Беларусі і выказала ўдзячнасць Богу і ўсім удзельнікам гэтага дыялога. Пры гэтым была звернута ўвага на патрэбу развіцця персанальных адносін паміж духоўнымі і свецкімі асобамі розных веравызнанняў. Было падкрэслена, што Праваслаўная Царква таксама імкнецца да супрацоўніцтва ў галіне абароны хрысціянскіх каранёў Еўропы і агульных для хрысціян маральных каштоўнасцяў. Адзначалася важнасць наведвання разнастайных мерапрыемстваў нават тады, калі падчас іх выказваюцца меркаванні, што разыходзяцца з навучаннем Касцёла, з той мэтай, каб адпаведна прадставіць яго пазіцыю. Таксама падкрэслівалася неабходнасць экуменічнай катэхізацыі вернікаў.

Каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Папскай рады з прапановай падрыхтаваць спіс хрысціянскіх канфесій, у якіх існуе сапраўдны сакрамэнт хросту, каб такім чынам аблегчыць душпастырства ў справе сужэнстваў. Менавіта ад наяўнасці хросту залежыць тое, ці неабходна прасіць дазвол на шлюб.   

Пасля іерархі наведалі Найвышэйшы Трыбунал Апостальскай Сігнатуры. Кіраўніцта Трыбуналу дало добрую ацэнку касцёльным судам у Мінску і Гродне, разам з тым адзначыўшы, якія пытанні яшчэ патрабуюць удасканалення. Таксама ў выніку сустрэчы было прапанавана магчымае вырашэнне асобных выпадкаў, якія датычаць сакрамэнту сужэнства.

 
© 2003-2024 Catholic.by