- Малітва да Маці Божай Фацімскай
- Малітва ахвяравання сябе Маці Божай
- Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі
- Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай
- Малітва да Маці Божай Будслаўскай
- Малітва да Маці Божай Лагішынскай
- Малітва да Маці Божай Берасцейскай
Малітва да Маці Божай Фацімскай
Наша Фацімская Пані Ружанцовая, Ты праз траіх пастушкоў параіла нам замілаванне да малітвы, асабліва да малітвы ружанцовай, а таксама заахвоціла захоўваць сапраўдны дух пакаяння як сродак вечнага збаўлення. Просім Цябе, дапамажы нам, каб мы ў духу вернай паслухмянасці Тваім Мацярынскім парадам адшукалі дарогу да Неба і належным чынам Цябе перапрашалі. Амэн.
Малітва ахвяравання сябе Маці Божай
Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю.
Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго. І заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.
Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі
О Маці Божая Нястомнай Дапамогі, з вялікім даверам прыходжу сёння да Твайго святога абраза, каб прасіць Тваёй дапамогі. Не спадзяюся на свае заслугі ані на свае добрыя ўчынкі, але толькі на бязмежныя заслугі Пана Езуса і на Тваю неспасцігальную Мацярынскую любоў.
Ты глядзела, о Маці, на раны Адкупіцеля і на кроў Ягоную, што пралілася на крыжы дзеля нашага збаўлення. Сын Твой, які паміраў, даў нам Цябе за Маці. Ці ж не будзеш Ты для нас, як сведчыць Твой цудоўны тытул, Нястомнай Заступніцай?
Таму, о Маці Божая Нястомнай Дапамогі, праз балесную муку і смерць Твайго Боскага Сына, праз невыказныя цярпенні Твайго Сэрца, о Заступніца, вельмі горача малю Цябе, каб выпрасіла мне ў свайго Сына тую ласку, якой вельмі жадаю і якая мне так патрэбна (назваць просьбу).
Ты ведаеш, о Маці благаслаўлёная, як хоча Езус, Адкупіцель наш, удзяліць нам усялякіх пладоў Адкуплення. Ты ведаеш, што гэтыя скарбы былі аддадзеныя ў Твае рукі, каб Ты іх нам раздзяляла. Таму, о найласкавейшая Маці, выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса тую ласку, аб якой у гэтай малітве пакорна прашу, а я з радасцю буду праслаўляць Тваю міласэрнасць праз усю вечнасць. Амэн.
Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай,
Маці Міласэрнасці
Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці Міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю Мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Амэн.
Малітва да Маці Божай Будслаўскай
Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збавіцелю, вернымі Табе і Касцёлу.
З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі.
Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь, дарослых, а асабліва хворых, церпячых, слабых, адзінокіх, старых, пакінутых, сірот і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.
Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі.
Тваёй абароне аддаемся, святая Маці Божая. Амэн.
Малітва да Маці Божай Лагішынскай,
Каралевы Палесся
Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся, глянь на нас ласкава і выслухай нашую пакорную малітву.
Найлепшая наша Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты дапамагаеш нам, што выціраеш нашыя слёзы, што заўсёды знаходзішся побач з намі.
Даручаем Тваёй Матчынай апецы Святога Айца, духавенства і верны люд Божы. Абяцаем быць вернымі Твайму Сыну, Пану нашаму Езусу Хрысту, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.
Малітва да Маці Божай Берасцейскай
Маці Божая Берасцейская, Пані выратавання, поўная ласкі і міласэрнасці, Маці пакінутых, суцяшальніца расчараваных, шлях блукаючых, успамога тых, хто патрабуе апекі, Маці Няспыннага Паратунку, будзь ласкава паспяшыць на дапамогу нам. Спашлі духа Божай ласкі ў нашыя нячулыя сэрцы. Знішчы бязвер’е і сумненні ў нашых сем’ях, пакажы любоў і радасць жыцця з Богам. Маці Божая Берасцейская, заступіся за нас. Амэн.
Увага!
Усе тэксты малітваў ўзятыя па спецыяльным дазволе з малітоўніка «Ойча наш» (2-е выд., выпр. і дап. – М.: “Pro Christo”, 2004), які быў падрыхтаваны выдавецтвам “Pro Christo” у супрацоўніцтве з Мінска-Магілёўскай мітрапалітальнай камісіяй па перакладу літургічных і рэлігійных тэкстаў.
У гэтым выданні змешчаныя тэксты Святой Імшы, выпраўленыя згодна з выданнямі «Missale Romanum. Editio typica tertia» (Roma, 2000) і «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі» (Мінск, 2004) адпаведна, з дазволу Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Раздзел «Святы Ружанец» прыведзены ў адпаведнасць з новым складам набажэнства, абвешчаным у Апостальскім лісце Яна Паўла ІІ «Rosarium Virginis Mariae» (Рым, 2002). Усе малітвы, а таксама тэрміны і назвы, якія ўжываюцца ў малітоўніку, былі прыведзеныя ў адпаведнасць з зацверджанымі ўзорнымі тэкстамі.
Перадрук забаронены!


