Разам з беларускімі студэнтамі, якія сабраліся ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас тэлемосту маліліся арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, старэйшы беларускі іерарх кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, духавенства, моладзь з усіх беларускіх дыяцэзій і шматлікія вернікі. Тыя з іх, якія не змясціліся ў архікатэдры і ў крыпце, што пад касцёлам, удзельнічалі ў малітве дзякуючы вялікаму манітору, усталяванаму на двары перад святыняю. Нягледзячы на дождж, вернікі на вуліцы, якіх было не менш за тысячу, не разыходзіліся на працягу ўсяго тэлемосту, што працягваўся дзве гадзіны. Трансляцыя гістарычнага тэлемосту, забяспечаная Белдзяржтэлерадыёкампаніяй, была арганізавана таксама ў мінскім касцёле св. Яна Хрысціцеля, пры якім пад апекаю святароў з салезіянскай супольнасці дзейнічае адзіны ў Мінску моладзевы цэнтр. Падчас трансляцыі адбываўся сінхронны пераклад на беларускую мову. Усяго ў Мінску ў тэлемосце ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Уладальнікі спадарожнікавых антэнаў маглі глядзець яго таксама ў прамым эфіры хрысціянскага канала Telepace.
Тэлемост распачаўся спевам на ўваход «Хрыстус учора, сёння і заўсёды, і на ўсе вякі вечныя», словы якога ўзятыя з паслання да Габрэяў. Пасля гэтага ў залу Паўла VI у Ватыкане быў унесены крыж, які моладзь пэўны час адаравала ў цішыні, а потым Папскі вікарый Рыма кардынал Камілло Руіні прывітаў усіх удзельнікаў тэлемосту, сабраных у Таледа (Іспанія), Апарэсідзе (Бразілія), Лохе (Эквадор), Неапалі (Італія), Гаване (Куба), Мехіка (Мексіка), Авіньёне (Францыя), Вашынгтоне (ЗША), Бухарэсце (Румынія) і Мінску (Беларусь).
Першаю часткаю тэлемосту стала вігілія, падчас якой моладзь у святле Божага слова і энцыклікі Бэнэдыкта XVI Spe salvi разважала над тэмаю «Разам будаваць цывілізацыю любові». Дзякуючы спадарожнікавай сувязі студэнты, аб’яднаныя адзінаю вераю ў Езуса Хрыста, змаглі пачуць сведчанні сваіх аднагодкаў з розных краінаў еўрапейскага і амерыканскага кантынентаў.
Сведчанні двух іспанскіх студэнтаў з Таледа былі прысвечаны хрысціянскай веры і надзеі (тэкст сведчанняў тут >>>), а студэнт з бразільскага універсітэта ў Сан-Паўлу казаў пра тое, што студэнты-хрысціяне павінны быць у сваім асяроддзі сведкамі надзеі (тэкст сведчання тут >>>), пасля чаго маладыя бразільцы выканалі песню «Іншае чалавецтва». У ёй яны спявалі перш за ўсё пра тое, што іх хвалюе, бо насілле, спажывальніцтва, абыякавасць і іншыя праблемы захліснулі сучаснае чалавецтва. Але моладзь ведае іншае чалавецтва, што складаецца з людзей, не сквапных да матэрыяльных дабротаў, якія не імкнуцца да поспеху за кошт бліжніх, якія ўмеюць прабачаць, заўважаць патрэбы іншых людзей і нават ахвяраваць за іх сваё жыццё. Маладыя людзі вераць у гэтае іншае чалавецтва — чалавецтва, якое дае ім надзею, якое верыць у любоў.
У сведчаннях двух студэнтаў з Эквадора прагучала ўпэўненасць у тым, што хрысціяне — студэнты і выкладчыкі — павінны быць сапраўднымі будаўнікамі цывілізацыі любові ў вышэйшай школе (тэкст сведчанняў тут >>>).
На заканчэнне вігіліі студэнт з Рыма падвёў яе вынік. «Сёння мы пераканаліся, — сказаў ён, — што магчыма разам пабудаваць цывілізацыю любові ў вышэйшай школе. Давяраючы сябе Марыі, Сталіцы Мудрасці, паўторым наш адказ „так“ Богу, які з’яўляецца Любоўю, Прыгажосцю, Дабрынёю і Праўдаю».
Асноўнаю часткаю тэлемосту стала супольная малітва еўрапейскіх і амерыканскіх студэнтаў з Бэнэдыктам XVI. Пры ўваходзе ў залу Паўла VI Святога Айца сустрэў спеў, словы якога ўзятыя з Евангелля паводле святога Яна: Tu es Petrus — Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой.
Успамінам сямі дароў Святога Духа малітву распачаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі іерарх сказаў:
— Дарагія браты і сёстры, каб быць сапраўднымі будаўнікамі цывілізацыі любові ў навучальных установах, вы павінны вярнуцца ў Вячэрнік, дзе знаходзяцца сабраныя апосталы (пар. Лк 24, 49) і моляцца разам з «Маці» Марыяй, чакаючы абяцанага Святога Духа. Як нагадвае нам Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні на ХХІІІ сусветны дзень моладзі ў Сіднэі, з гэтага вобразу Касцёла, які нараджаецца, кожная з прысутных тут студэнцкіх супольнасцяў павінна няспынна чэрпаць натхненне, таму што плён асветы ў навучальных установах магчымы толькі тады, калі супольнасці, якія ў іх дзейнічаюць, будуць мець «адно сэрца і адзін дух» (пар. Дз 4, 32) і будуць здольнымі сведчыць пра любоў і радасць, якімі Святы Дух напаўняе сэрцы вернікаў (пар. Дз 2,42). Няхай Марыя, з’яднаная з намі ў малітве ў гэтым Вячэрніку, спадарожнічае вам на шляху студэнцкага жыцця і вымольвае для ўсіх студэнтаў новага спаслання дароў Святога Духа.
Пасля гэтага ўступу студэнт з Мінска заклікаў Святога Духа, назваўшы Яго першы дар — дар мудрасці: «Прыйдзі, Духу Святы, Духу мудрасці. Ты, які адкрываеш малым людзям глыбіню боскай любові, навучы нас з пакораю прыслухоўвацца да Твайго слова і ўчыні Тваімі сапраўднымі супрацоўнікамі». У малітоўнай засяроджанасці студэнты з розных краінаў заклікалі Трэцюю Асобу Найсвяцейшай Тройцы, пералічваючы адзін за адным астатнія шэсць дароў Суцяшальніка: дары розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. Пасля кожнага закліку гучаў спеў старажытнага гімна Святому Духу Veni Creator Spiritus.
Разважанне хвалебных таямніцаў святога Ружанца распачалося спевам прывітання Багародзіцы Salve, Mater misericordiae, пасля чаго Святы Айцец і моладзь з розных краінаў — кожны на сваёй мове — па чарзе узносілі малітвы, з якіх, як вяночак з прыгожых ружаў, складаецца цудоўнае марыйнае набажэнства Каталіцкага Касцёла. Першую хвалебную таямніцу — Змёртвыхпаўстанне Хрыста — чыталі студэнты з Гаваны. 10 гадоў таму Кубу з апостальскім візітам наведаў Слуга Божы Ян Павел ІІ, які паўсюль заклікаў людзей не гасіць у сэрцах агню Святога Духа. І ў гэты вечар кубінская моладзь у першай ружанцовай таямніцы прапанавала памаліцца за ўсіх студэнтаў, якія прымуць Яго дары ў сакрамэнце канфірмацыі.
З Кубы малітоўная эстафета перайшла на еўрапейскі кантынент, да італьянскіх студэнтаў, сабраных у Неапалі, якія маліліся другую таямніцу Ружанца — Унебаўшэсце Хрыста. Інтэнцыяй гэтай таямніцы была малітва за тое, каб студэнты навучыліся супрацоўнічаць у справе пабудовы цывілізацыі любові праз асветніцкую дзейнасць у сваіх навучальных установах і былі творчымі ў любові, трывалымі ў прынятых абавязках, смелымі ў сваіх ініцыятывах, памятаючы пра неабсяжнасць даляглядаў любові, якія ахопліваюць увесь свет.
І зноў Амерыка: трэці дзесятак Ружанца, прысвечаны Спасланню Духа Святога, у якім удзельнікі тэлемосту прасілі нябеснага Айца заўсёды напаўняць сваім Духам сапраўднай мудрасці ўсе навучальныя ўстановы, каб яны былі асяродкамі шчырага студэнцкага супрацоўніцтва паміж амерыканскім і еўрапейскім кантынентамі, чыталі мексіканскія студэнты.
Чацвёртую таямніцу правялі студэнты са Старога Свету, з краіны, якую называюць старэйшаю дачкою Касцёла — Францыі. Успамінаючы Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, моладзь узнесла просьбу, каб прыклад Унебаўзятай заўсёды заахвочваў юнакоў і дзяўчат да актыўнай культурнай дзейнасці ў навучальных установах і каб праз гэта асвета стала сапраўднаю сувяззю і адзінствам, што нараджаецца з глыбіні таямніцы Бога і чалавека.
Апошнюю, пятую таямніцу Ружанца — Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі — чыталі студэнты, сабраныя ў сталіцы Злучаных Штатаў Амерыкі Вашынгтоне. У гэтай таямніцы памаліліся за ўдзельнікаў ХХІІІ сусветнага дня моладзі ў Сіднэі, які запланаваны на ліпень гэтага года. У Валадаркі зямлі і неба ўдзельнікі малітоўнага тэлемосту прасілі, каб на дні моладзі студэнты адчулі, што калі ім не стае ўласных сілаў для таго, каб ствараць гісторыю, Дух Святы сам іх перамяняе, надзяляе іх сваёю моцай і чыніць поўнымі місіянерскага запалу сведкамі ўваскрослага Хрыста.
Ружанцовая малітва завяршылася спевам марыйнага гімна Salve Regina — «Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці» — і традыцыйнай Ларэтанскай літаніяй, якую чыталі румынскія студэнты з Бухарэста.
Пасля Ружанцу Святы Айцец звярнуўся да студэнтаў з кароткаю прамоваю (прапануем поўны тэкст прамовы Бэнэдыкта XVI >>>), падчас якой прывітаў удзельнікаў малітоўнага тэлемосту з розных краінаў на іх родных мовах. Па-беларуску Папа сказаў:
— Дарагія студэнты мінскіх універсітэтаў! Сардэчна вас вітаю. Даручаю вашаму роздуму Энцыкліку аб надзеі і заахвочваю вас будаваць цывілізацыю любові. У жыцці прымайце правільныя рашэнні ды дзеянні, поўныя веры і евангельскае адвагі.
На заканчэнне тэлемосту група прадстаўнікоў студэнцтва атрымала з рук Бэнэдыкта XVI энцыкліку Spe Salvi, пасля чаго Папа звярнуўся да моладзі з такімі словамі:
— Дарагія студэнты, я ўручаю вам тэкст энцыклікі Spe Salvi. Станавіцеся мужнымі і адданымі дзеячамі цывілізацыі любові, развівайце новае міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва паміж вашымі навучальнымі ўстановамі і будзьце сведкамі перамяняючай сілы Евангелля ў сучаснай культуры вашых кантынентаў. Няхай Пан Бог суправаджае вас на вашым шляху, па якім вас вядзе прыклад многіх братоў, што на працягу гісторыі ў вучобе і ў навуцы мудра і разважліва паказвалі асветніцкія перспектывы, якія служаць развіццю чалавечай асобы.
Пасля таго, як тэкст энцыклікі, прысвечанай хрысціянскай надзеі, Тадэвуш Кандрусевіч уручыў прадстаўнікам беларускага студэнцтва, а кіраўнікі мясцовых супольнасцяў зрабілі тое самае ва ўсіх краінах, з’яднаных тэлемостам, Святы Айцец удзяліў усім, хто ў гэты вечар маліўся разам з ім, сваё апостальскае благаслаўленне.


