Каталіцкі універсітэт Лохі
юрыдычны факультэт
Маё імя Рэнато Андрэс Саманіего Бурнэо, мне 21 год. Я старэйшы сын у сям’і, а ўсяго нас сямёра дзяцей: Сант’яго, Фабіяна, Хуан-Пабло, Хасэ-Эліяс, Марыя-Худыта і яшчэ адзін, які моліцца за нас у небе. Цяпер мы ўсе тут разам з нашымі бацькамі Рэнато і Худытай.
Я нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і, веру перадалі мне бацькі, якія расказалі, што калі я толькі з’явіўся на свет, у мяне здараліся прыступы ўдушша, што сур’ёзна пагражала майму здароўю. Але ў гадавалым узросце я цалкам пазбавіўся ад хваробы, прычым лекары не маглі гэтага патлумачыць. Відаць, Бог меў для мяне пэўныя заданні. Гады ішлі, і паступова знікала дзіцячая нявіннасць. Пытанні, якія я сабе задаваў, і ілюзіі гэтага свету, што мяне запаланялі, сталі прычынаю майго адыходу ад Касцёла, і я перастаў звяртаць увагу на прысутнасць Бога ў маім жыцці. Я прадаў маё першародства і пагардзіў Божай абранасцю ў адносінах да сябе.
У пэўны момант я апамятаўся і вярнуўся да сапраўднага жыцця дзякуючы той любові, якую мае бацькі ніколі не пераставалі мне дарыць. Яны дапамаглі мне зразумець, што спадзяванні гэтага свету вельмі няпэўныя і амаль заўсёды зманлівыя, што мае задумы збываліся не маімі ўласнымі намаганнямі, але дзякуючы Божай ласцы, і што з Богам усё магчыма, таму што Бог «ахоплівае сабою ўвесь сусвет і можа нам даць тое, чаго мы сваімі ўласнымі сіламі ніколі не зможам дасягнуць». Такім чынам я зразумеў, што мы выбраныя для таго, каб быць святлом і соллю зямлі.
Я спадзяюся, што Бог завяршыць тую справу, якую сам распачаў ува мне. Валадар жыцця кліча мяне стаць сведкам Ягонай любові; мяне, які спазнаў, што такое змрок існавання і безнадзейнасць. Сам факт таго, што я сёння тут разам з усімі звяртаюся ў малітве да Марыі, Сталіцы Мудрасці, з’яўляецца для мяне нагодаю, каб ва універсітэце берагчы і без боязі абвяшчаць невымернасць хрысціянскай надзеі, каб у сваім сэрцы несці ў студэнцкія асяродкі прагу да таго, каб кожны чалавек жыў у любові і будаваў цывілізацыю любові як канкрэтны гістарычны знак надзеі.
Энма Эдыта Саласар Арэллана
Каталіцкі універсітэт Лохі
Факультэт інфарматыкі
«Той, хто мае надзею, жыве ў іншым свеце; яму дадзена новае жыццё… Ён можа спазнаць Бога, сапраўднага Бога. Гэта значыць атрымаць надзею». Чалавек — стварэнне прывілеяванае, бо штодзённа мае шчаслівую магчымасць новага жыцця і недасяжнай будучыні. Той, хто звязаў свой давер з чымсьці вялікім і сапраўдным, жыве жыццём ласкі, якое, можа, не заўсёды відаць звонку, але якое дзень пры дні расце ў сэрцы і прыносіць шчодрыя плады. Толькі Бог вялікі, толькі Ён сапраўдны і толькі да Яго мы павінна скіроўваць усю сваю надзею, бо толькі так яна можа мець мэту і сэнс.
Вера — гэта дар, якога трэба з пакораю чакаць і жадаць; дар, які многія, магчыма, не ўмеюць па-сапраўднаму цаніць і які Бог дае тым, хто пакорны сэрцам.
Мне і ўсім нам патрэбна мець надзею, але надзею на штосьці сапраўднае. Мы не можам марнаваць свайго часу на рэчы павярхоўныя, таму што павінны выканаць захапляльную і адначасова складаную місію: жыць па-сапраўднаму, імкнуцца да большых рэчаў, усведамляючы, што быццё патрабуе ад хрысціяніна здольнасці дзяліцца надзеяй, імкнення зрабіць гісторыю больш чалавечнаю і гатоўнасці з пакораю ахвяраваць сабою і сваімі ўласнымі планамі дзеля вышэйшай праўды і дзеля абяцання, якое вышэй за кожнае чалавечае чаканне.


