Пасля прывітальнага слова Мітрапаліта, прадстаўнікі дзяржаўных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі і з замежжа задалі арцыбіскупу Кандрусевічу шэраг самых разнастайных пытанняў. Між іншым, на прэс-канферэнцыі гаворка ішла пра магчымасць прыезду на Беларусь Святога Айца Бэнэдыкта XVI і падпісання канкардату паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь. Прадстаўнікоў прэсы цікавілі актуальныя пытанні з жыцця Касцёла ў нашай краіне, у прыватнасці актывізацыя дыялогу паміж Касцёлам і дзяржавай, а таксама Праваслаўнаю Царквою.
Падчас прэс-канферэнцыі Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў сустрэчу з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка, якая ядбылася 26 кастрычніка 2007 г. у рамках Міжнароднай канферэнцыі «Дыялог хрысціянства і іслама ва ўмовах глабалізацыі». «Прэзідэнт павіншаваў мяне з вяртаннем на Радзіму, і сказаў, што ведае пра існуючыя праблемы паміж дзяржаваю і Касцёлам, але нам трэба іх вырашаць» — сказаў Мітрапаліт.
Арцыбіскуп паведаміў, што пры ўзнікненні магчымасці падпісання канкардату паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь, ён усяляк будзе садзейнічаць гэтаму працэсу: «Гэта пагадненне зафіксавала б адпаведную пазіцыю Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Сёння я не магу дакладна сказаць, адбудзецца гэта ці не, але пры заключэнні гэтай дамовы Беларусь выйшла б на першыя пазіцыі ў былым Савецкім Саюзе. Бо наколькі мне вядома, канкардат падпісаны толькі паміж Ватыканам і Літвою. Нейкае пагадненне падпісана паміж Ватыканам і Казахстанам, але не канкардат. Калі б канкардат быў падпісаны, гэта было б вельмі добра».
Гаворачы пра ўзаемадзеянне паміж дзяржаваю і Касцёлам, Мітрапаліт падкрэсліў іх агульнае прызначэнне — «і дзяржава, і ўлады, і Касцёл прызначаны для людзей». Тадэвуш Кандрусевіч лічыць абавязковым супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла ў вырашэнні праблемаў, якія існуюць у сённяшнім грамадстве: «Не так даўно была распрацавана дзяржаўная праграма прадухілення самазабойстваў, якая прадугледжвае супрацоўніцтва ў гэтай галіне з Касцёлам і іншымі рэлігійнымі арганізацыямі. Актуальнымі для нашага грамадства з’яўлюцца таксама такія беды, як наркаманія, алкагалізм, зніжэнне нараджальнасці».
Арцыбіскуп Тадэвуш распавёў таксама пра свае адносіны з Праваслаўнай Царквою, супрацоўніцтва з якою плануе працягваць і на Беларусі: «Праваслаўная Царква — гэта наша сястра, я з вялікаю пашанаю адношуся да Беларускай Праваслаўнай Царквы. І мы павінны разам супрацьстаяць выклікам сучаснасці».
На пытанне адносна таго, наколькі магчыма адкрыццё семінарыі ў Мінску, арцыбіскуп Кандрусевіч адказаў: «Сёння праблема не ў тым, колькі мы маем семінарый, а ў тым, што на Беларусі мала пакліканняў. У нашай краіне дзейнічае дзве семінарыі: у Гродне і ў Пінску, якія могуць прыняць вялікую колькасць студэнтаў, але праблема ў пакліканнях. Іншая справа, што ў Мінску хацелася б мець тэалагічную школу ці факультэт». Мітрапаліт падкрэсліў, што такія школы разлічаны на свецкіх людзей, таму што Касцёлу патрэбны добрыя спецыялісты і ў выдавецкай дзейнасці: «Для таго, каб перакладаць Катэхізіс, папскія дакументы ці дакументы ІІ Ватыканскага Сабору, не дастаткова быць добрым перакладчыкам, трэба таксама мець добрыя тэалагічныя веды».
Напрыканцы прэс-канферэнцыі Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў усіх прадстаўнікоў СМІ на сваё кананічнае ўступленне на пасаду Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Архідыяцэзіяльны літургіст кс. доктар Ян Крэміс азнаёміў прысутных з праграмай урачыстасці.





