|
З 26 ліпеня па 2 жніўня 2009 г. у Браславе (Віцебская дыяцэзія) ужо ў другі раз адбываліся пленэр-рэкалекцыі. Сёлета мерапрыемства праходзіла пад назвай «Мяккія нябёсы».
Словам «пленэр», як вядома, называюць маляўнічую тэхніку адлюстравання аб’ектаў пры натуральным святле і ў натуральных умовах, гэта значыць маляванне на прыродзе, на вольным паветры. Пленэр менавіта так з французскай мовы і перакладаецца — «вольнае паветра». Рэкалекцыі — гэта час, які чалавек прысвячае разважанням на духоўную тэматыку. Гэта практыка, якая дае магчымасць спыніцца і падумаць пра штосьці, што губляецца ў паўсядзённасці. Вельмі трапна дае азначэнне рэкалекцыям такі метафарычны выраз як «канікулы з Богам». Спалучыць мастацтва і рэлігію, творчасць і духоўнасць, малітву і жывапіс — вось мэта, якую ставілі арганізатары мерапрыемства ў Браславе.
Пленэр-рэкалекцыі — гэта, з аднаго боку, творчая лабараторыя, у межах якой творчыя людзі рознага ўзросту і з розных мясцін маюць магчымасць сустрэцца, падзяліцца вопытам, прадэманстраваць свой патэнцыял і пераняць штосьці карыснае ад сумеснай працы. З іншага боку, гэта магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і прыродай Браслаўшчыны на экскурсіях, прадугледжаных у праграме «Мяккіх нябёсаў». І, безумоўна, гэтае мерапрыемтсва з’яўляецца для яго ўдзельнікаў унікальнай магчымасцю хоць не надоўга абстрагавацца ад штодзённых заняткаў, спыніцца і паразважаць пра сябе і сваё месца ў гэтым свеце, вярнуцца да духоўнага пачатку.
Ідэя правядзення пленэр-рэкалекцый належыць студэнтцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Алене Агаце Рышкевіч. Арганізатарамі мерапрыемства сталі айцы-сальватарыяне. За рэкалекцыйную частку сустрэчы адказныя а. Казімір Рышкевіч SDS і а. Міхал Ермашкевіч OP. Мастацкім кіраўніком пленэра ў гэтым годзе стала Ніна Чураба, член Беларускага саюза дызайнераў, выкладчык кафедры дызайна Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Сёлета «Мяккія нябёсы» сабралі каля 30 удзельнікаў з Браслава, Віцебска, Смаленска, Полацка, Гродна, Баранавіч, Ліды, Глыбокага, Мінска, Мёраў. У асноўным гэта студэнты мастацкіх спецыяльнасцяў (найбольш прадстаўнікоў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа і Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава).
Падсумаваннем «Мяккіх нябёсаў» стала прэзентацыя прац удзельнікаў пленэра (жывапіс, малюнак, графіка, калаж і фотаздымак), якая адбылася 2 жніўня ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў.
Дз. Калядаў 







Фота кс. Казіміра Рышкевіча SDS
|