27.09.2017 13:48   Catholic.by

27 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаюць успамін «апекуна міласэрнасці» св. Вінцэнта дэ Поля, заснавальніка Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў (лазарыстаў) і Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці (шарыткі).

У 2017 годзе айцы лазарысты і сёстры шарыткі адзначаюць 400-годдзе харызмы святога. Галоўнай справай жыцця св. Вінцэнта дэ Поля была дапамога бедным, хворым, дзецям-сіротам і катаржнікам.

Адной з галоўных заслуг святога з’яўляецца стварэнне сістэмы падрыхтоўкі святароў: дасемінарыйнай падрыхтоўкі і семінарый. Працай над стварэннем такой сістэмы ў Францыі ён займаўся з 1626 года да смерці. Сам ён заснаваў 18 семінарый і мноства школ і перадсемінарый. Яго сістэма хутка распаўсюдзілася і на суседнія з Францыяй краіны, што адыграла важную ролю ў паляпшэнні ўзроўню падрыхтоўкі душпастыраў і іх маральнага выхавання.

27 верасня ў мінскай парафіі Св. Апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў 18.00 пройдзе святая Імша з нагоды 400-годдзя харызмы св. Вінцэнта дэ Поля, падчас якой сёстры шарыткі будуць дзякаваць Богу за дар служэння.

Кангрэгацыя Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля была заснавала ў 1633 годзе ў Францыі. Пакліканне сясцёр шарытак — служэнне Богу праз клопат пра чалавека, патрабуючых, асабліва праз апеку над беднымі, сіротамі і пажылымі людзьмі.

У Беларусі сёстры шарыткі нясуць служэнне ў Брэсце, Шуміліне і Мінску.

Абноўлена 22.02.2018 10:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання