Пошук

26.03.2024 16:52   Паводле: Brewiarz.рl / Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Езус і Добры Разбойнік. Фрагмент. Мастак Брэйдзі Барт / bradi-barth.org

У дзень 25 сакавіка Рымскі Мартыралог — галоўны збор святых Каталіцкага Касцёла — успамінае Добрага разбойніка, які быў кананізаваны самім Езусам.

Святы Добры Разбойнік, якога апокрыфы называюць Дысмас (у старажытнарускай традыцыі Рах) — адзін з двух злачынцаў, павешаных на крыжах побач з Езусам. Ён — увасабленне таго, хто блукаў гадамі, каб перад самай смерцю прыняць найлепшае рашэнне ў сваім жыцці.

Звесткі пра яго падае святы Лука ў сваім Евангеллі (гл. Лк 23, 39–43). Калі другі злачынец, укрыжаваны разам з Езусам, абражаў Збаўцу, Дысмас папракнуў яго, сказаўшы, што яны справядліва паміраюць за свае злачынствы, але Езус не зрабіў нічога дрэннага. Пасля ён звярнуўся да Езуса з просьбай узгадаць яго, калі Той прыйдзе ў сваё Валадарства. І Езус паабяцаў Добраму Разбойніку — як яго называюць з таго часу — што ўжо сёння ён будзе з Ім у раі.

Гэта быў першы канкрэтны акт кананізацыі, які Хрыстус здзейсніў на крыжы.

Пра Добрага Разбойніка пісалі многія Айцы Касцёла і святыя. Яго імя — Дысмас — паходзіць з апакрыфічных твораў. Усходні Касцёл нават ушаноўвае яго як мучаніка. У Балонні ў касцёле святога Віталіса і ў базыліцы святога Стэфана пакланяліся часткам крыжа, на якім памёр Добры Разбойнік. Пілігрымы, якія скіроўваліся на Святую Зямлю, часта наведвалі мястэчка Латрум каля Эмаўса, назва якога перакладаецца з лаціны як «злодзей», што нагадвае асобу Добрага Разбойніка.

Добры Разбойнік з’яўляецца сімвалам Божай Міласэрнасці; яго прыклад паказвае, што нават у апошні момант жыцця можна навярнуцца да Бога. Святы Дысмас з’яўляецца заступнікам Галіпалі (Апулія, Італія), злачынцаў і грэшнікаў, якія пакаяліся, зняволеных, паміраючых, асуджаных на смерць і тых, хто просіць аб ласцы добрай смерці, а таксама турэмных капеланаў.

Гэта ўзор дасканалага жалю за грахі.

У іканаграфіі Добры Разбойнік прадстаўлены ў выглядзе юнака або сталага ці нават старога мужчыны ў насцёгнавай павязцы або кароткай туніцы. Атрыбуты святога Дысмаса — крыж, ланцуг, дубіна, меч або нож.

Лічыцца, што ніжняя дыяганальная бэлька праваслаўнага крыжа сімвалізуе двух асуджаных злачынцаў, укрыжаваных разам з Хрыстом. Яе правае плячо, узнятае ўгору, паказвае на неба, куды пайышоў Добры Разбойнік, а апушчанае ўніз левае плячо паказвае пекла, куды трапляе той, хто не пакаяўся.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця