Пошук

28.07.2020 17:52   Паводле: KAI / National Catholic Register / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Catholicsay.com

Пра малавядомыя аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі, якія адбываліся над копцкім касцёлам у Зэйтуне, прадмесці егіпецкай сталіцы Каіра, узгадвае амерыканскі часопіс National Catholic Register.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, журналіст гэтага часопіса распавядае пра тое, у якім грамадска-палітычным клімаце адбываліся гэтыя аб’яўленні, што мелі месца ў 1968–1971 гадах. Тады Марыя аб’явілася ў тым месцы, дзе, як лічыцца, 20 стагоддзяў таму спынялася Святая Сям’я з Немаўляткам Езусам падчас уцёкаў у Егіпет.

З 2 красавіка 1968 г. да 29 мая 1971 г. Маці Божая з’яўлялася заўсёды на змярканні, у сярэднім штотыдзень, на вяршыні купала копцкай святыні Найсвяцейшай Панны Марыі Зэйтунскай.

За гэты час цудоўную з’яву бачылі вялізныя натоўпы людзей. Светлую постаць нават удалося сфатаграфаваць.

Фота: Wikimedia.org
Паколькі аб’яўленні адбываліся ў пераважна мусульманскай краіне над копцкім касцёлам, католікі пра іх амаль не чулі. Аб’яўленні пакінулі без увагі таксама СМІ.

Аднак сярод соцень тысяч сведкаў аб’яўленняў Панны Марыі ў Зэйтуне былі не толькі копты, але таксама католікі, мусульмане і нават марксісты, да якіх належаў і тагачасны прэзідэнт краіны Гамаль Абдэль Насэр. Амерыканскі журналіст адзначае, што гэтая падзея значана паўплывала на гэтага егіпецкага палітыка, у прыватнасці, на яго адносіны да хрысціянаў.

У той час пасля паражэння Егіпта ў вайне з Ізраілем вызнаўцы Хрыста ў Егіпце цярпелі пераслед і пакутавалі ад нападаў. У краіне набіраў моц ісламскі фундаменталізм.

Разважаючы над тым, ці Марыя з’явілася ў той цяжкі час для таго, каб прынесці палёгку церпячым, аўтар публікацыі заўважае, што менавіта час аб’яўленняў у Зэйтуне быў пераломным момантам у перыяд ад шасцідзённай вайны да Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў і мірнай дамовы з Ізраілем, заключанай у 1979 годзе. З другога боку, гэта таксама быў час умацавання ісламскага фундаменталізму і руху «Братоў мусульманаў».

На чорна-белых фотаздымках відаць светлую постаць Маці Божай на вяршыні копцкага касцёла.

Сведкі казалі, што аб’яўленні пачыналіся з шару святла, які паступова прымаў форму постаці Панны Марыі. З гэтай прычыны яе пачалі называць Маці Божай Святла.

Гэта суправаджлася таксама іншымі з’явамі. Можна было ўбачыць вялікіх ззяючых галубоў (або анёлаў?), якія хутка ляцелі па начным небе над горадам, утвараючы крыж. Разам з тым у паветры адчуваўся салодкі водар кадзіла. Шмат сведкаў бачылі на небасхіле невытлумачальныя з’явы са святлом.

Фота: Pinterest.com

У той самы час адбывалася шмат цудоўных фізічных аздараўленняў ад слепаты, поліяміеліту, паралюшу, калецтваў, анкалагічных захворванняў і іншых невылечных хваробаў. Некаторыя мусульмане і вызнаўцы іншых рэлігій прымалі хрысціянства.

Тагачасны кіраўнік Копцкай Царквы (адной з дахалкідонскіх старажытных хрысціянскіх Цэркваў) Патрыярх Кірыл VI даручыў даследаваць гэтую справу. Было прызнана, што з’ява мела месца насамрэч.

За ёй назіралі таксама свецкія ўлады. Іх прадстаўнікі нават шукалі схаваныя электронныя прылады, якія, на іх думку, стваралі ўсе гэтыя эфекты. На некалькі дзясяткаў кіламетраў вакол месца аб’яўленняў нават адключалі электрычнасць, каб выявіць магчымую маніпуляцыю. Але, нягледзячы на гэта, Марыя тады зноў з’явілася.

Хоць аб’яўленні працягваліся некалькі гадоў, за ўвесь час Марыя не перадала ніякага выказанага словамі паслання. Можна было толькі бачыць Яе постаць у малітве. Яна пакланялася крыжу і благаслаўляла народ. Некалькі разоў, як сцвярджаюць відавочцы, Маці Божая ўсміхалася сабраным людзям або проста некалькі гадзін знаходзілася ў адным месцы ў атачэнні блакітна-белага святла і з німбам над галавою. Часам людзі бачылі Яе з Дзіцяткам Езусам, часам — з Езусам у дванаццацігадовым узросце, а часам — са святым Юзафам.

Яна таксама з’яўлялася з крыжам або аліўнай галінкай у руках — сімвалам міру і згоды.

Копцкі біскуп Марк паведамляў, што калі Марыя глядзела на натоўп, то, нягледзячы на вялізную колькасць людзей, адчувалася, што Яна глядзіць на кожнага паасобку.

Блогер і аўтар кнігі Unveiling the Apocalypse («Здымаючы покрыва з Апакаліпсісу») Эмет О’Рэган звярнуў увагу на тое, што 1968–1971 гады, калі адбываліся гэтыя аб’яўленні ў Егіпце, былі часам масавай легалізацыі абортаў. У красавіку 1968 года, у той жа час, калі пачалі адбывацца аб’яўленні, Вялікабрытанія прыняла ліберальнае абортнае заканадаўства. Неўзабаве тое самае зрабілі і Злучаныя Штаты Амерыкі.

«Гэта адчыніла дзверы для масавай разні нявінных немаўлят ва ўсім свеце. Гэта стала пачаткам ірадавай разні нявінных дзяцей на апакаліптычным узроўні», — робіць выснову аўтар артыкула ў National Catholic Register Браян Кранік. Ён заўважае падабенства паміж аб’яўленнямі ў Зэйтуне і беспрэцэдэнтнай перасцярогай Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме ў 1917 годзе, адразу ж перад тым, як кастрычніцкі бальшавіцкі пераварот у Расіі даў штуршок для распаўсюджвання нялюдскай камуністычнай ідэалогіі па ўсім свеце.

Фота: Pinterest.com

«Аднак у Зэйтуне не было ніякіх пасланняў, бачанняў і таямніц. Пасланнем Марыі стала толькі Яе ціхая прысутнасць у гэты час у гэтым месцы.

Найсвяцейшая Панна Марыя зноў прыйшла беспрэцэдэнтным чынам у Зэйтуне, магчыма, для таго, каб папярэдзіць свет пра новае зло, якое акурат выходзіла на волю — гэтым разам пра аборты. Магчыма, гэта была таксама перасцярога ў сувязі з ростам ісламскага фундаменталізму ў Егіпце», — выказвае свае меркаванні амерыканскі журналіст.

Абноўлена 29.07.2020 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа