Пошук

20.06.2019 08:13   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: mercy.e-monsite.com

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста прапануем духоўнае разважанне св. Тамаша Аквінскага на тэму збавеннага сакрамэнту Эўхарыстыі з сённяшняй літургічнай Гадзіны чытанняў.

О дзівосная і цудоўная гасціна!

Адзінародны Божы Сын, жадаючы даць нам удзел у сваім бостве, прыняў нашую натуру, каб, стаўшыся чалавекам, учыніць людзей багамі.

Больш за тое, усё, што Ён прыняў ад нас, цалкам прызначыў для нашага збаўлення. Ахвяраваў сваё цела Богу Айцу як уміласціўленне за нас. Сваю кроў праліў дзеля нашага адкуплення і абмыцця, каб мы, выкупленыя з няшчаснай няволі, былі ачышчаныя ад усіх грахоў.

Ілюстрацыйная выява: catholictradition.org

Але каб памяць пра такое вялікае дабрадзейства жыла ў нас заўсёды, Ён пакінуў сваім верным у постаці хлеба і віна сваё Цела як спажытак і Кроў як напой.

О дзівосная і цудоўная гасціна, збавенная і поўная ўсялякай слодычы! Што ж можа быць яшчэ больш цудоўным?

Ужо не мяса казлоў і цяльцоў, як у Старым Запавеце, але сам Хрыстус, праўдзівы Бог, ахвяруецца як спажытак.

Ілюстрацыйная выява: WordPress.com

Ніводзін іншы сакрамэнт не з’яўляецца больш збавенным; ён знішчае грахі, памнажае цноты, шчодра насычае душу духоўнымі дарамі.

У Касцёле Эўхарыстыя цэлебруецца як за жывых, так і за памерлых, каб дапамагаць усім, бо была ўстаноўлена дзеля дабра ўсіх.

Урэшце, ніхто не можа выказаць слодычы гэтага сакрамэнту. Праз яго пазнаецца смак духоўнай радасці каля самай крыніцы; праз яго ўшаноўваецца памяць непараўнальнай любові, засведчанай Хрыстом падчас Мукі.

Ілюстрацыйная выява: truecrosschurch.org

Каб веліч гэтай любові найдасканалей была ўпісана ў сэрцы вернікаў, пасля спажыцця Апошняй Вячэры разам са сваімі вучнямі, калі намерваўся перайсці з гэтага свету да Айца, Хрыстус устанавіў гэты сакрамэнт як вечны ўспамін сваёй Мукі, як спаўненне даўніх прадказанняў, як найбольшую сваю справу, і пакінуў як асаблівае суцяшэнне для тых, хто смуткуе з прычыны Ягонага адыходу.

Св. Тамаш Аквінскі. Opusculum 57, in festo Corporis Christi, lect. 1–4. © Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Абноўлена 20.06.2019 08:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця