Каталіцкі біскуп Рэйк’явіка Давід Тэнцэр OFMCap прыляцеў у Беларусь на ўрачыстасць у Докшыцы, дзе 4 мая двое беларусаў з ордэна капуцынаў атрымаюць прэзбітэрскае пасвячэнне.
Напярэдадні іерарх даў інтэрв’ю Catholic.by, у якім расказаў пра каталіцкіх святароў Ісландыі, а таксама пра тое, чым мясцовыя лютэране адрозніваюцца ад католікаў.
Рэйк’явік – Мінск. Адлегласць у 4 тысячы кіламетраў
У Ісландыі людзей з Беларусі біскуп амаль не сустракаў, калі не лічыць жонкі аднаго парафіяніна — эмігранта з Польшчы. Гэтым веды пра Беларусь і заканчваюцца. Але хіба і мы амаль ніколі не сустракалі ў Беларусі людзей з Ісландыі. Да гэтага дня.
— Як выглядае Каталіцкі Касцёл у Ісландыі?
— Католікі складаюць у нас 4,5 працэнта ўсіх вернікаў у краіне. І гэта лічба большая, чым у іншых скандынаўскіх краінах.
У Ісландыі жыве ўсяго 310 тысяч чалавек, з якіх 12 500 — зарэгістраваныя католікі. У нас, калі чалавек хоча належаць да Каталіцкага Касцёла, ён павінен зарэгістравацца. Калі гэтага не зрабіць, то дзяржавай ён будзе ўспрымацца як няверуючы.
— Гэта датычыцца кожнага веравызнання?
— Так, прынамсі, для таго, каб правесці нейкую афіцыйную сустрэчу, вернікі павінны зарэгістравацца.
Пераважная большасць ісландцаў — лютэране. Афіцыйна — больш за 80 працэнтаў насельніцтва, неафіцыйна — больш за 90 працэнтаў.
Ёсць нават Лютэранская Царква Ісландыі, якая лічыцца дзяржаўнай Царквой у краіне. Так склалася гістарычна.
Гэта звязана з тым, што паміж Лютэранскай Царквой і Ісландыяй раней ставіўся знак роўнасці: ісландзец — значыць лютэранін.
Фармальна прэзідэнт Рэспублікі Ісландыя з’яўляецца кіраўніком Царквы. Але толькі фармальна.
Сёння прэзідэнтам краіны з’яўляецца католік, які выйшаў з Каталіцкага Касцёла. Думаю, ён пайшоў на гэта свядома, бо калі б прадстаўляў каталіцкія каштоўнасці, яго проста не выбралі б... А цяпер ён фармальна ўзначальвае Пратэстанцкую Царкву.
— Ці можна сказаць, што ў Ісландыі ўзрастае секулярызацыя ў грамадстве?
— Дазвол на аборты або гомасексуальныя саюзы ўжо даўно легалізаваныя. У лютэран іншае стаўленне да веры. Для іх вера — штосьці індывідуальнае, нават востра індывідуальнае.
Калі чалавек не ходзіць у касцёл, гэта не значыць, што ён дрэнны лютэранін. Гэта значыць толькі тое, што ён не ходзіць у касцёл.
У Славакіі, напрыклад, па-іншаму. Там лютэране па нядзелях наведваюць набажэнсты. (Біскуп Тэнцэр паходзіць са Славакіі — Рэд.)
У Ісландыі свецкія лютэране прымаюць у жыцці Царквы куды большы ўдзел, чым духоўныя асобы. Калі ідзе падрыхтоўка да сакрамэнту канфірмацыі, то святар не клапоціцца аб тым, каб сакрамэнт прыняло як мага больш вернікаў. Гэта задача свецкіх.
Лютэране Ісландыі маюць сваю парафіяльную раду, якая займаецца ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі.
Пробашч толькі ўдзельнічае ў тых мерапрыемствах, якія арганізоўвае парафіяльная рада, сам ён гэтымі пытаннямі не займаецца. У нас, католікаў, часта наадварот — усёй падрыхтоўкай найперш займаюцца святары.
«Ісландцы сталі лютэранамі за адзін дзень»
— Ці праўда, што каталіцкія структуры з’явіліся ў Ісландыі толькі ў ХХ стагоддзі?
— Не. Ісландыя была, відаць, адзінай краінай свету, дзе першымі грамадзянамі былі католікі.
Спачатку гэта быў пусты і незаселены востраў. Першымі яго жыхарамі сталі каталіцкія манахі з Ірландыі і Шатландыі, якія маглі жыць тут у ізаляцыі ад знешняга свету.
Потым сюды прыйшлі вікінгі, якія ўсё знішчылі. Але ў 1000 годзе яны афіцыйна прынялі хрысціянства і сталі лічыць яе сваёй афіцыйнай рэлігіяй.
Пазней былі створаны дзве дыяцэзіі, заснавана 13 кляштараў (жаночых і мужчынскіх). Найбольш было бэнэдыктынаў і аўгустынцаў.
Так доўжылася да 1550 года, калі кароль Даніі прыняў лютэранства і навязаў яго ўсім сваім падначаленым. Афіцыйна Ісландыя ніколі не ўваходзіла ў Дацкае Каралеўства, але Данія заўсёды імкнулася прэтэндаваць на гэту астраўную краіну.
Кіраўнік Даніі замовіў забойства двух каталіцкіх біскупаў Ісландыі. Так за адзін дзень ісландцы сталі лютэранамі...
Новым біскупам быў прызначаны не каталіцкі святар, а лютэранскі пробашч — без аніякага біскупскага пасвячэння ад Папы Рымскага. У той момант іерархі згубілі апостальскую пераемнасць і ўжо не маглі лічыцца сапраўднымі біскупамі.
Але многае і сёння засталося вельмі падобным у гэтых дзвюх хрысціянскіх традыцыях — парадак набажэнстваў і нават літургічнае адзенне, якое выкарыстоўваецца падчас малітваў.
— Ці можна сказаць, што сучасны Касцёл Ісландыі — гэта Касцёл мігрантаў?
— У нас 13 тысяч католікаў, з якіх толькі тры тысячы — мясцовыя. Астатнія 10 тысяч — мігранты.
Ёсць прыклады і змешаных сем’яў. Напрыклад, хлопец ісландзец закахаўся ў дзяўчыну з Польшчы. Часцей за ўсё, калі дзяўчына веруючая, яны бяруць шлюб у Касцёле. Там жа будуць ахрышчаныя і дзеці.
У лютэран жа, у адрозненні ад католікаў, касцёльны шлюб неабавязковы.
Часта ў змешаных сем’ях бацька–лютэранін разам з усёй сям’ёй гэтаксама прыходзіць у нядзелю ў касцёл. І такіх сем’яў тут вельмі шмат. Большасць жа эмігрантаў-католікаў у Ісландыі — палякі.
Ва ўсёй Ісландыі сёння 7 парафіяльных касцёлаў (чытай: парафій), але ёсць і непарафіяльныя касцёлы.
Магу сказаць, што Касцёл у Ісландыі актыўна развіваецца. Штогод у нас каля 20 пахаванняў і 120 хростаў. Гэта дынамічны і малады Касцёл. На святой Імшы амаль не сустрэнеш пажылога чалавека.
Кожную нядзелю ў касцёлах праходзіць Імша не толькі па-ісландску, але і па-польску, па-іспанску, па-англійску і нават па-літоўску.
Англійская мова не дзяржаўная, але папулярная асабліва сярод моладзі. Дзеці мігрантаў, якія выраслі ў Ісландыі, вельмі добра размаўляюць па-ісландску. Пакаленне іх бацькоў ужо не.
«Ніводзен пробашч у Ісландыі не атрымлівае заробку. Усіх утрымлівае біскупская курыя»
— Як у Ісландыі выглядае справа з мясцовымі пакліканнямі?
— Адзін мясцовы хлопец цяпер у ордэне капуцынаў — пакуль праходзіць фармацыю.
Затое магу дакладна сказаць: у свеце няма ніводнай законнай сястры, якая была б ісландкай.
Дыяцэзіяльных святароў, ураджэнцаў Ісландыі, ва ўсім свеце толькі двое. Сваіх семінарый у нас няма.
Калі ж ў нашу дыяцэзію звяртаюцца кандыдаты да святарства, мы накіроўваем іх на вучобу ў краіны іх паходжання, каб яны потым вярнуліся і служылі ў Ісландыі. Сёння гэта два клерыкі, якія вучацца ў семінарыі ў Плоцку і паралельна вучаць мову.
Ніводзін пробашч у Ісландыі не атрымлівае заробку. Усіх утрымлівае біскупская курыя на ахвяраванні вернікаў і дабрачынную дапамогу з Германіі. Там ёсць арганізацыя Bonifatiuswerk, якая падтрымлівае каталіцкую місію на Поўначы.
— Як наладжана праца з моладдзю?
— У нас няма канкрэтных структур, якія займаліся б працай з моладдзю. Усё пакуль на этапе станаўлення. Але хапае валанцёраў. Напрыклад, у нас працуе пастаральны асістэнт, якога мы нанялі для арганізацыі душпастырства. Яшчэ адзін чалавек займаецца катэхізацыяй.
Штогод мы арганізоўваем сустрэчу каталіцкай моладзі на Пальмовую нядзелю, тады ўсе з’язджаюцца ў Рэйк’явік, бо гэта адзінае зручнае месца для правядзення такіх сустрэч.
У праграме не толькі духоўная частка (адарацыя, Ружанец, Крыжовы шлях), але і спартыўная. Яшчэ робім дыскусію, падчас якой моладзь можа штосьці спытаць у біскупа. Яшчэ пяць гадоў таму на такіх сустрэчах было каля 30 дзяўчат і хлопцаў, а апошні раз ужо каля ста.
Таксама запрашаем гасцей, якія могуць падзяліцца сведчаннем. Сёлета на сустрэчы мы штодня маліліся на ружанцы, а на заканчэнне — запусцілі ў неба паветраныя шарыкі ў форме ружанца.
Жанчына, якая праводзіць у нас катэхезу, былая сцюардэса. Пазней ёй званілі яе калегі-пілоты і казалі, што над Грэнландыяй сустрэлі наш ружанец у небе (усміхаецца — заўв. аўт.).