Пошук

13.02.2018 09:56   Падрыхтаваў: Ілья Лапато / Catholic.by
Журналіст Віктар Хурсік — аўтар даследавання пра Магдалену Радзівіл

Пра асобу Магдалены Радзівіл і яе ролю ў беларускай культуры Catholic.by гутарыць з журналістам і даследчыкам Віктарам Хурсікам.

Віктар Хурсік — аўтар кнігі пра Магдалену Радзівіл. Падтрымаць выданне кнігі можна на краўдфандынгавай платформе ulej.by.

— Віктар Уладзіміравіч, кім была Магдалена Радзівіл: што вядома пра яе паходжанне і сувязь з Беларуссю?

— Магдалена — са старажытнага беларускага роду Завішаў, які, на жаль, пакуль яшчэ недастаткова даследаваны ў сучаснай гістарычнай навуцы.

А між тым, ён даў беларусам шмат слаўных імёнаў, сярод якіх — маршалак ВКЛ, мінскі стараста і ваявода Крыштаф Завіша, які падтрымліваў зносіны з рускім імператарам Пятром І; герой руска-беларускай вайны 1792 года палкоўнік Ян Караль Завіша і яго брат Казімір Завіша, на долю якога выпаў клопат пра абарону беларусаў у першыя гады рускай прысутнасці; нарэшце, Магдалена — дачка Яна Завішы — буйнейшага землеўладальніка Міншчыны, слыннага археолага і палеантолага канца ХІХ стагоддзя.

Усё гэта — яе гістарычная  повязь з Беларуссю. Але была яшчэ і духоўная.

Магдалена нарадзілася ў Варшаве, але ў сям’і беларуса. Бацька і яго асабістая абслуга прывілі Магдалене любоў да гістарычнай радзімы, да Беларусі.

— Вядома, што пэўны час Магдалена Радзівіл жыла ў Мінску побач з Чырвоным касцёлам. Якія яшчэ мінскія адрасы і месцы ў Беларусі, дзе яна бывала, варта ведаць?

— Магдалена наведвала Мінск даволі часта. Спынялася звычайна ў гатэлі «Еўропа», аднак у 1912–1914 гадах яна была ўцягнута ў вір палітычнага жыцця і, каб збіраць салоны і прымаць гасцей, ёй былі патрэбныя свае апартаменты.

Фота Магдалены з архіва Віктара Хурсіка. Ахоўваецца аўтарскім правам. Выкарыстанне — з дазволу даследчыка.

У 1913 годзе мясцовы банкір Эмануіл Абрампальскі прапанаваў ёй першы паверх у доме побач з Чырвоным касцёлам па вул. Захар’еўскай, 33 (сёння — вул. Савецкая, 17), які пабудаваў і куды перасяліўся сам.

На першым паверсе Магдалена заняла сем пакояў.

Тут ладзіліся сустрэчы прыхільнікаў мірнага законнага шляху здабыцця беларусамі незалежнасці, дзе прысутнічалі мінскія банкіры, урадоўцы, урачы, дэпутаты Расійскай Думы Скірмунт, Лядніцкі і нават старэйшы і аўтарытэтнейшы член Дзяржсавета Расіі Эдвард Вайніловіч.

Дом Абрампальскага ў Мінску. Фота з архіва Віктара Хурсіка

Гэты дом па Захар’еўскай, 33 мае сёння ўсе падставы стаць домам-музеем Магдалены Радзівіл.

Гэтак жа могуць быць мемарыялізаваны былая сядзіба Магдалены ў Жорнаўцы (Асіповіцкі раён) і запаведнае гістарычнае «гняздо» Завішаў у Кухцічах (сёння  пасёлак Першамайск, Уздзенскі раён).

Сярод варшаўскіх адрасоў варта выдзеліць былы палац Яна Завішы па вул. Бялянскай (палац Пшэбендоўскіх), дзе нарадзілася Магдалена, і дом па вул. Фоксаль, 3, які яна набыла ў 1900 годзе, дзе пэўны час жыла перад эміграцыяй і дзе таксама збірала свае салоны.

Старонка з кнігі Віктара Хурсіка

Зразумела, нельга забываць і пра месца яе жыхарства ў прытулку Святой Альжбеты ў швейцарскім Фрайбургу, дзе яна адышла ў вечнасць; дом у Каўнасе і іншыя еўрапейскія месцы, якія яе прытулялі.

— Як ушанавана памяць пра Магдалену Радзівіл у іншых краінах?

— На вялікі жаль, імя Магдалены Радзівіл згасла разам з яе сыходам.

У Каўнасе ёсць збор карцін, якія яна падарыла разам з іншымі каштоўнасцямі, але, наколькі я ведаю, яе імя ніяк ні ў Каўнасе, ні ў Вільнюсе не ўшанавана.

А ў свой жа час за гэты дар і значную матэрыяльную падтрымку літоўцаў яна атрымала вышэйшую ўзнагароду Літвы — ордэн Гедыміна.

— Вы працавалі з асабістым архівам Магдалены Радзівіл. Якія цікавыя рэчы адзначылі б у ім як даследчык?

— Архіў Магдалены Радзівіл — гэты звыш тысячы адзінак захоўвання: лісты, рахункі, справаздачы. На маю думку, найбольшую каштоўнасць для Беларусі ўяўляюць лісты да яе розных асоб.

Ёсць у іх асабістае, але ёсць і грамадскае.

Каштоўнасць уяўляюць дакументы, датычныя Грэка-Каталіцкай Царквы, перапіска са святарамі, у тым ліку біскупам О’Руркам.

Усе атрыманыя паведамленні носяць адбітак вялікай павагі да яе. Ёсць лісты і паштоўкі дзіцячым почыркам ад унукаў, ёсць словы падзякі ад слуг, словы ўдзячнасці ад варшаўскіх парафіянак-літвінак, якім, знаходзячыся за мяжой, пакінула касцёл Дзіцятка Езуса па вул. Манюшкі, пабудаваны за ўласны кошт.

Прашэнне Магдалены Радзівіл аб набыцці пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла. Ілюстрацыя з кнігі Віктара Хурсіка.

Ёсць і цікавыя факты, якія дапамагаюць скласці ўяўленне пра тое, які характар быў у Магдалены.

У 1897 годзе ў Варшаву павінен быў прыехаць цар Мікалай ІІ з жонкай.

Горад віраваў, прымаліся меры бяспекі, але галоўная інтрыга — прыём у гонар высокіх гасцей. Каго паклічуць і як патрапіць? Маці Магдалены — былая фрэйліна — прыкладае намаганні і разам са сваёй старэшай дачкой Марыяй і яе мужам Міхалам трапляюць у спіс. Колькі ж радасці! З заміраннем сэрца яны падыходзяць да Іх Імператарскай Вялікасці (!). Міхалу звальваецца прыдворнае званне камергера, галава кругам...

Магдалена на гэты фарс ехаць адмовілася.

Пасля смерці бацькі яна стала ўладальніцай і гаспадыняй маёнткаў у Кухцічах і Жорнаўцы. У гэтыя маёнкі на Міншчыне яна канчаткова пераехала, страціўшы першага мужа.

Неяк яна прывезла туды выдадзены за свой кошт катэхізіс, надрукаваны лацінкай на беларускай мове.

Чарнасоценская прэса ўсчала гвалт, што Магдалена распаўсюджвае катэхізіс на польскай мове (у сутнасць лацінкі не ўнікаючы), а польскія нацыяналісты ў Мінску з той жа нагоды абвінавацілі яе ў патуранні рускім, паколькі катэхізіс быў напісаны на «русском наречии».

— Адкуль у Вас з’явіўся інтарэс да жыццёвага лёсу Магдалены Радзівіл?

— Я нарадзіўся ў мясцінах, дзе яна жыла і дзе пабудавала чыгунку. Паколькі я — сын чыгуначніка, спачатку мяне зацікавіла гісторыя будаўніцтва гэтай дарогі.

Я даведаўся, што будаўніцтва праходзіла дзякуючы Магдалене Радзівіл.

Мая першая грунтоўная публікацыя пра Магдалену з’явілася ў газеце «Звязда» ў 1999 годзе. З таго часу ішла праца па назапашванні матэрыяла.

На вялікі жаль, матэрыялы маёй першай кнігі «Белы лебедзь у промнях славы. Магдалена Радзівіл» (2001) часта выкарыстоўваюць, не згадваючы аўтара.

За гэты час ніякіх новых даследаванняў пра Магдалену не з’явілася. І гэта ў час найвялікшай грамадскай запатрабаванасці імя гэтай асобы! Часам людзям хочацца звону, а не малітвы.

— І гэта цікавасць з часам перарасла ў напісанне кнігі?..

— Кніга стваралася не адзін год. Маёй мэтай было даць шырокі дакументальны матэрыял, на падставе якога кожны чытач можа сам вызначыць веліч гэтай асобы.

Значную частку кнігі займаюць дакументы пра род Магдалены з Завішаў Радзівіл.

Тут генеалагічнае дрэва, каляровая галерэя партрэтаў, дакументы, якія датычацца гісторыі роду і змагання за праўду, якое яго прадстаўнікі вялі з Вялікім князем, рускімі імператарамі і ўрадоўцамі.

Вялікую каштоўнасць уяўляе зварот мінскай шляхты да Станіслава Аўгуста за некалькі дзён да ўваходу рускіх войскаў у 1792 годзе, даклад Казіміра Завішы Вялікаму князю пра тагачасную ваенную сітуацыю і здраду.

Старонка з кнігі Віктара Хурсіка

Для напісання кнігі я наведаў архівы Санкт-Пецярбурга і Кракава, замаўляў дакументы з Літвы і Масквы, не адзін дзень правёў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Мною прагледжана процьма крыніц у сеціве. Я ў кантакце з праўнукам Магдалены Адамам Замойскім. Я ішоў шляхам сваёй гераіні і прасякнуў яе патрыятызмам. Кнігу я ствараў сэрцам.

— Што здзівіла Вас як даследчыка найбольш?

— У даследаваннях здзівілі дзве рэчы — высокая адукаванасць Магдалены і яе прыроджаная сціпласць. Яна ведала рускую, польскую, беларускую, англійскую, нямецкую мовы. Але перавагу перад іншымі аддавала французскай.

Яна чытала на гэтых мовах кнігі і выдатна разбіралася ў літаратуры. Яна вельмі добра ведала гісторыю рэлігіі і розных напрамкаў хрысціянства. Больш за тое, пры існаванні ў той час атэістычных павеваў яна імкнулася захоўваць веру і прыкладала шмат намаганняў па адраджэнні Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Пры гэтым як пры жыцці ў маёнтках, так і ў падарожжах кола яе асабістыя патрэбы былі вельмі сціплымі. Маючы неабмежаваныя магчымасці для шыку, яна была незапатрабавальнай як у строях, так і ў ежы, ніколі не кідала грошы на вецер, была ашчаднай, як сялянка.

— Збіраючы матэрыял для кнігі, Вы працавалі і з тэстамэнтам Магдалены Радзівіл. Што ў ім?

— Яе тэстамэнт такі ж сціплы, як і яна сама. Першы раз яна склала яго ў 1940 годзе.

Усё там звычайна: жыла ў каталіцкай веры, просьба пахаваць, дзе вызначыла, размеркаванне невялічкага капіталу сярод родных.

Мяне найбольш уразіла тое, як яна распарадзілася часткай сваіх фотаздымкаў. Яна не пакінула іх ні дачцэ, ні ўнукам, а, відаць, як таемнае і нерадзеленае каханне, прасіла перадаць сваёй духоўнай сяброўцы, сястры мужа Габрыэле (Элі) Радзівіл.

«Здымкі Мікалая і Белай Русі перадайце Элі», — запісала яна. Гэта была вельмі дарагая для яе частка жыцця, якая не была ўспрынята тагачасным атачэннем.

— Парэшткі Магдалены Радзівіл перапахаваюць у Мінску. Якое культурнае значэнне гэта будзе мець для Беларусі?

— Гэта сведчыць аб тым, што беларусы адчулі сябе нацыяй і з пашанай аднесліся да чалавека, які на пачатку ХХ стагоддзя не шкадаваў сілаў і грошай, каб пракласці шлях да незалежнасці Беларусі.

Тут будуць перапахаваны парэшткі Магдалены Радзівіл. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску. Фота Марыны Валасар

У краінах Еўропы, далёкіх і блізкіх, імя Магдалены Радзівіл атаясамлівалася з воляй літвінаў да адраджэння дзяржаўнасці, пра яе пісала прэса, пра яе гаварылі ў колах, набліжаных да расійскага імператара, і пры дварах еўрапейскіх дзяржаў.

Перапахаванне праху — гэта перш за ўсё прызнанне заслуг самой Магдалены Радзівіл перад нашай краінай, а таксама прыняцце еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія яна вызнавала ў змаганні за незалежнасць: асветніцтва, палітычнае паразуменне беларусаў, добрыя адносіны з суседнімі краінамі.

Ну і канешне ж, перапахаванне — гэта дэманстрацыя таго, што мы прынялі і працягваем такі шлях развіцця.

Абноўлена 13.02.2018 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця