— Ксёндз Ігар, на якім этапе знаходзіцца будаўніцтва касцёла?
— Будаўніцтва касцёла ідзе наперад. Ужо падыходзім да верхняй часткі будынка — даху. Распачалі будаваць апошні паверх трохпавярховага будынка, які будзе прымыкаць да касцёла, дзе будуць знаходзіцца дадатковыя памяшканні, жылыя памяшканні для святароў, а таксама офісная частка. Ужо збудаваны цокальны паверх касцёла, але яшчэ шмат мантажных прац, шмат працы з метала-бетоннымі канструкцыямі, таксама трэба калоны выводзіць. Гэта даволі марудная праца, якая каштуе шмат. Але, дзякуй Богу, праца не спыняецца. На пытанне, калі будзе пабудаваны касцёл, я заўсёды адказваю: як Бог дасць, як благаславіць нашым ахвярадаўцам. Шчыра кажучы, хацелася б больш хуткіх тэмпаў працы, але многае залежыць ад фінансавання. Я таксама спадзяваўся на ніжэйшыя кошты. Важна адзначыць, што на сённяшні дзень касцёл будуецца ў асноўным на ахвяраванні таварыства салезіянаў.
— Напэўна, узводзіць святыню дапамагае таксама малітва. Ці ёсць пэўная малітва, якая штодзень чытаецца ў гэтай інтэнцыі?
— Асаблівым чынам мы ахвяруем будаўніцтва нашага касцёла святому Юзафу. Як некалі сказала святая Тэрэза ад Езуса, ёсць шмат святых, да якіх звяртаюцца ў пэўных патрэбах, а да святога Юзафа можна звяртацца ў любой патрэбе. Кожную раніцу парафіяне моляцца Ружанец у інтэнцыі будаўніцтва і будаўнікоў. Пасля кожнай святой Імшы таксама чытаецца малітва да святога Юзафа: «У цябе, святы Юзэфе, шукаем мы паратунку ў нашай нядолі...». Кожную суботу мы молімся за нашых ахвярадаўцаў і просім для іх Божага благаслаўлення. Вось такая, можна сказаць, духоўная падтрымка ўсёй гэтай справы.
— Думаю, што кожны з парафіянаў хацеў бы ўнесці пэўны ўклад у гэтую справу. Некаторыя не маюць магчымасці дапамагчы матэрыяльнымі сродкамі, можа, ёсць такія людзі, якія ахвяруюць свае цярпенні ў інтэнцыі будаўніцтва святыні?
— Пакуль што я не чуў, каб хтосьці сказаў: вось я ахвярую свае цярпенні ў інтэнцыі будаўніцтва касцёла. Людзі, якія не ў стане дапамагчы матэрыяльна, ахвяруюць малітву. Некаторыя шмат дапамагаюць сваёю працай. Цяпер адсутнічае такая магчымасць, каб касцёл будавала парафія, як гэта было раней, калі вернікі збіраліся і разам працавалі, будуючы сваю святыню. Існуе спецыяльны кантроль на будоўлі, таму людзі без адпаведнай кваліфікацыі не могуць працаваць. Такім чынам, хтосьці ахвяруе грошы, хтосьці ахвяруе працу, хтосьці ахвяруе цярпенні, а хтосьці малітву. Аднак пры касцёле заўсёды ёсць магчымаць дапамагчы іншай працай. Напрыклад, дзяжурства ў суботу і нядзелю. У гэтыя дні на будоўлі няма працаўнікоў, таму існуе неабходнасць пільнаваць будаўнічую пляцоўку, каб на яе тэрыторыі, часам, не здарыўся няшчасны выпадак. Мы нясём за гэта адказнасць. Ёсць людзі, якія ахвяруюць свой час і пільнуюць касцёл. Гэта так званая валанцёрская праца, дзякуючы якой вызваляюцца пэўныя сродкі, якія б мы мусілі плаціць наёмнаму вартаўніку. (...) Ёсць пэўныя людзі, якія дапамогуць аплаціць пэўны матэрыял. А вось, каб ахвяравалі свае цярпенні ў інтэнцыі будаўніцтва касцёла, я яшчэ не чуў. Я ведаю, што ёсць шмат малітвы, вельмі многа людзей моляцца за гэтую справу, таму дзякую Богу, дзякую ўсім, хто моліцца.
— Ксёндз Ігар, як душпастыр, які запавет Вы хацелі б пакінуць будучым пакаленням, тым, хто будзе ўтвараць жывы Касцёл у гэтым месцы?
— Гэтае пытанне мяне турбавала на працягу ўсёй Імшы, якую я толькі што цэлебраваў. Гледзячы на міністрантаў, якія маліліся разам з намі святы Ружанец, думаў пра пакліканні. Я заўсёды вельмі шмат думаю пра пакліканні. Справа ў тым, што пакліканняў няма. Калі мы — не толькі ксёндз, дыякан, клерык, які павінен быць асаблівым місіянерам і аказваць духоўную дапамогу міністрантам, але таксама і вернікі, — не будзем місіянерамі ў сваім пакліканні, то, як кажуць, грош цана ўсяму нашаму хрысціянству. Касцёл — гэта перадусім місійная арганізацыя. Таксама неабходна шмат малітвы. Перад тым, як што-небудзь рабіць, мы павінны памаліцца ў інтэнцыі задуманай справы, каб на ўсё было Божае благаслаўленне. Будучым пакаленням хачу сказаць: каб парафія жыла, трэба выконваць запавет Езуса Хрыста — «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле, і хрысціце ў імя Айца і Сына, і Духа Святога». Ідзіце і абвяшчайце! Не чакайце, што хтосьці да вас прыйдзе. Узгадаем святога апостала Паўла, год якога мы сёлета святкуем. Пераследуючы хрысціянаў, ён хадзіў і шукаў іх. Настолькі ён быў адданы сваёй веры, настолькі быў моцны ў юдаізме. Пасля таго, як адбылося яго навяртанне, ён таксама не бяздзейнічаў. Ён ішоў у свет, быў вялікім місіянерам. Таму святы Павел лічыцца адным з найвялікшых Апосталаў. Найвялікшым, безумоўна, мы лічым святога апостала Пятра, але ў параўнанні з усімі Апосталамі святы Павел — гэта апостал-місіянер, Апостал Божага слова. Аднойчы атрымаўшы Божае слова, ён нястомна нёс яго іншым. Такім чынам, апостал Павел з’яўляецца для нас добрым прыкладам у дбайным распаўсюджванні Божага слова.
Што датычыць будаўніцтва касцёлаў, галоўнае, каб было каму будаваць і не здарылася так, каб пачалі прадаваць святыні, як адбываецца часам на Захадзе. Безумоўна, неабходна вялікая ўпартасць, натхненне, чаго я жадаю тым святарам, якія таксама стараюцца пабудаваць касцёл.
На сённяшні дзень я вяду будаўніцтва таксама ў Бараўлянах. У Раўбічах ужо ў другі раз даводзіцца збіраць неабходную дакументацыю на будаўніцтва парафіяльнага цэнтра. Збудаваў невялікую капліцу ў маёй роднай вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна. У суседняй вёсцы ад капліцы толькі руіны засталіся. Гляджу і сэрца баліць, малю Бога, каб і тут аднавіць. Нават знайшоўся чалавек, які дапаможа. Я ўжо зрабіў для сябе выснову: працу трэба распачынаць, а Бог з грашыма дапаможа. Ужо столькі цудаў было! Трэба працаваць, але так, каб гэта было не на хвалу будаўнічага, а на хвалу Бога. Калі мы будзем будаваць, каб паказаць сябе, наш будынак разваліцца. Толькі на хвалу Пану Богу. Я заўсёды кажу: «Божачка, на Тваю хвалу, глянь на ўсё гэта!»
Падрыхтавала Валянціна Крутая