Пошук

15.06.2018 15:37   Catholic.by
© avveniredicalabria.it

14 чэрвеня ўрачыстай Вячэрняй (Нешпарамі) у катэдры св. Мікалая ў горадзе Лунгра (Калабрыя, Італія) распачалася ХХІ штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы. На форуме, у якім бяруць удзел больш за 50 усходніх каталіцкіх біскупаў і духоўных асобаў — прадстаўнікоў 12 Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы, Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляе Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС.

У сустрэчы ў Лунгра бяруць удзел прадстаўнікі Італа-Албанскай Царквы, Царквы візантыйска-славянскага абраду ў Балгарыі, Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Чэхіі, Апостальскага Экзархату для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Казахстане, Мукачаўскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Румыніі, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Сербіі і Чарнагорыі, Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (Украіна, Вялікабрытанія і Ірландыя, Германія, Італія, украінскія супольнасці ў свеце), Грэка-Каталіцкай Царквы ў Венгрыі, Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Армянскай Каталіцкай Царквы (Еўропа), Сіра-Малабарскай Царквы ў Вялікабрытаніі, Сіра-Каталіцкай Царквы ў Еўропе.

Сёлетняя сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы ў Калабрыі праходзіць па запрашэнні Данато Алівэр’ё, біскупа епархіі Лунгра для італа-албанцаў кантынентальнай Італіі.

«Чым больш нашыя Усходнія Каталіцкія Цэрквы будуць самімі сабой, тым больш пераканаўчым будзе нашае сведчанне. Чым больш яснай будзе наша прыналежнасць да хрысціянскага Усходу, тым больш плённай і каштоўнай будзе наша камплементарнасць адносна заходняй традыцыі і тым больш прысутным будзе скарб хрысціянскага Усходу ў сэрцы Царквы».

Менавіта такія выклікі ў духу Другога Ватыканскага Сабору і ў згодзе з Кодэксам канонаў Усходніх Цэркваў сфармуляваў біскуп Данато Алівэр’ё, тлумачачы мэту сустрэчы.

На думку іерарха, гэтая сустрэча з’яўляецца важнай падзеяй, таму што яна сабрала разам усіх кіраўнікоў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, прысутных у Еўропе, каб дапамагчы лепш зразумець тое, чаго ўся Царква чакае ад усходніх хрысціянаў у поўнай еднасці з Апостальскім Пасадам. «Гэтыя сустрэчы ўзбагачаюць усіх нас і ўмацоўваюць нас як Усходнія Каталіцкія Цэрквы, дапамагаюць глыбей усвядоміць наш асаблівы ўнёсак, нашу тоеснасць у экуменічным кантэксце, у надзеі, што гэта прывядзе да пераадолення непаразуменняў і напружанасці», — падкрэсліў біскуп Данато Алівэр’ё.

На пачатку сустрэчы прагучалі таксама выступленні кардынала Леанардо Сандры, прэфекта Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, кардынала Анджэло Баньяска, Старшыні Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), і Апостальскага Нунцыя ў Італіі арцыбіскупа Эміля Паўла Чэрыга.

Рабочыя пасяджэнні ўдзельнікаў сустрэчы працягваюцца 15–16 чэрвеня дакладамі і дыскусіяй пра ролю біскупа, у прыватнасці, у кантэксце некаторых аспектаў новага шлюбнага працэсу. Абмеркаванні датычацца таксама Літургіі і яе абнаўлення ў вернасці ўласнай тоеснасці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і ў здольнасці аднаўляць жыццё чалавека.

Сустрэча завершыцца ў нядзелю 17 чэрвеня Боскай Літургіяй у катэдры св. Мікалая ў Лунгра.

* * *

Ва ўлонні Каталіцкай Царквы (Касцёла) існуюць Памесныя Цэрквы, якія называюць таксама Цэрквамі sui iuris (свайго права, або абраду) і якія знаходзяцца ў поўнай еднасці (communio) з Рымскай Царквой, але якія адрозніваюцца ад лацінскай Каталіцкай Царквы рознымі формамі літургічнага культу і народнай пабожнасці, сакрамэнтальнай дысцыплінай (удзяленнем Святых Тайнаў), кананічнай дысцыплінай (юрыдычнымі прадпісаннямі), тэрміналогіяй і багаслоўскімі традыцыямі.

Першая сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы адбылася ў 1997 г. у Венгрыі пры падтрымцы і спрыянні кардынала Акіле Сільвестрыні, тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, які хацеў стварыць прастору, у якой біскупы гэтых Цэркваў, асабліва зраненых атэістычнымі рэжымамі, «маглі ўсё больш ясна знаходзіць сваю ролю ў сённяшняй Еўропе і атрымліваць асалоду ад любові і павагі за іх гісторыю вернасці Царкве і Папу, за што яны заплацілі высокую цану» (з уступнага Слова кардынала Акіле Сільвестрыні да Актаў першай сустрэчы).

Абноўлена 15.06.2018 17:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця