З 17 па 21 лютага Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці здзяйсняе візіт у Сірыю і Турцыю як выраз блізкасці Святога Айца Папы Францішка да народаў, пацярпелых у выніку нядаўняга разбуральнага землятрусу, што стаў прычынай шматлікіх чалавечых ахвяраў.
Як паведаміла сірыйскае інфармацыйнае агенцтва SANA, у нядзелю 19 лютага ў катэдры Маці Божай для мэлькіцкіх католікаў у Старым горадзе Алепа адбылася Боская Літургія за супакой душаў ахвяраў землятрусу. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Жорж Масры, пастыр мэлькіцкай каталіцкай епархіі Алепа. Адбыліся малітвы за супакой душаў ахвяр землятрусу і аб здароўі для пацярпелых. У Літургіі ўзялі ўдзел Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Сірыі кардынал Марыё Дзенары, а таксама шматлікае духавенства.
«Сёння я перадаю вам благаслаўленне і любоў Яго Святасці Папы Францішка перад абліччам гэтай катастрофы, бо мы ўпэўнены, што сірыйскі народ, які перажыў велізарныя цяжкасці і пераадолеў іх, гэтаксама пераадолее наступствы разбуральнага землятрусу», — сказаў арцыбіскуп Гуджэроцці журналістам.
Напярэдадні ватыканскі іерарх наведаў школу ў Алепа, якая была ператворана ў прытулак для пацярпелых.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці паразмаўляў з імі, выслухаўшы тое, што гэтым людзям давялося перажыць, і выказаў ім словы падтрымкі і суцяшэння ад сябе асабіста і ад імя Папы Францішка.
Святы Айцец ужо на наступны дзень пасля трагедыі перадаў сродкі на пераадоленне наступстваў стыхіі ў краіне, якая знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Са Святога Пасаду працягвае паступаць дапамога пацярпелым ад землятрусу.