Пошук

25.08.2020 14:55   Паводле: Вog.news / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: The Catholic Leader

Нацыянальная выканаўчая рада Папуа Новай Гвінеі ўхваліла прапанову афіцыйна аб’явіць краіну хрысціянскай у адпаведнасці з Канстытуцыяй. Рашэнне было прынята на падставе таго, што большасць грамадзянаў вызнае хрысціянства, і моцнага ўплыву Касцёла на грамадства.

Пра гэта паведамляе Вog.news са спасылкай на Post Courier.

Прэм’ер-міністр краіны Джэймс Марапэ сказаў, што ў Новай Гвінеі функцыянуюць больш за 20 розных хрысціянскіх дэнамінацый.

«Уплыў Касцёла на працягу многіх гадоў прывёў да трансфармацыі грамадства па ўсёй краіне і фактычна замяніў некаторыя культурныя вераванні, у той час як частка грамадства аб’яднала культуру з рэлігіяй», — адзначыў палітык.

Марапэ таксама заявіў, што Цэрквы прапануюць ад 60 да 80 працэнтаў сацыяльных паслугаў у краіне.

Па яго словах, «царкоўным сеткам давярае большасць людзей».

Разам з тым, дадаў прэм’ер, хоць у прэамбуле да Канстытуцыі гаворыцца, што Папуа Новая Гвінея заснавана на двух асноўных прынцыпах — «культурнай спадчыне і хрысціянстве», — у 45-м артыкуле Канстытуцыі прызнаюцца і іншыя рэлігіі.

«Кожнаму чалавеку даецца свабода рэлігіі і права вызнаваць яе да таго часу, пакуль гэта не перашкаджае свабодзе іншых, але гэтая свабода не з’яўляецца поўнай свабодай. Яна можа рэгулявацца або абмяжоўвацца ўрадам у мэтах абароны, грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, дабрабыту і грамадскага здароўя ў адпаведнасці з патрабаваннямі раздзелу 38», — патлумачыў Марапэ.

Ён адзначыў, што раздзел 55 усталёўвае роўнасць грамадзян незалежна ад рэлігійных поглядаў. Таму, паводле папярэдняй ацэнкі, любая папраўка, якая аб’яўляе Папуа Новую Гвінею хрысціянскай краінай, не будзе мець сур’ёзных канстытуцыйных наступстваў.

Прэм’ер заўважыў, што зацвярджэнне Нацыянальнай выканаўчай радай прапановы аб прызнанні Папуа Новай Гвінеі хрысціянскай краінай пакуль паспрыяе яе доўгатэрміноваму міру і бяспецы.

Афіцыйна большасць насельніцтва гэтай краіны з’яўляюцца хрысціянамі: католікі (27%), лютэране (19,5%), Аб'яднаная Царква (11,5%), адвентысты сёмага дня (10%).

Абноўлена 25.08.2020 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа