Пошук

06.03.2019 21:20   Тэкст: Кс. Міхал Бубен / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

5 сакавіка ў касцёле св. Сымона і св. Алены літоўская дыяспара Мінска ўшанавала св. Казіміра — галоўнага апекуна Літвы. З гэтай нагоды св. Імшу на літоўскай мове ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Імшу канцэлебравалі апякун літоўскай супольнасці ў Мінску кс. Міхал Бубен, пробашч парафіі святых Пятра і Паўла ў Іўі кс. Ян Гавецкі, які апякуецца літоўцамі ў Лідзе, і кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч.

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на асобе св. Казіміра, яго пабожнасці і мудрасці. Нягледзячы на тое, што гэты святы жыў стагоддзі таму, ён і сёння можа быць добрым прыкладам жыцця для сучасных маладых людзей, адзначыў іерарх.

Гаворачы пра важнасць асобы св. Казіміра, арцыбіскуп узгадаў падзею, якая адбылася ў Вільні 30 гадоў таму — перанясенне рэліквій святога з касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў віленскую катэдру.

У той час кс. Тадэвуш Кандрусевіч быў віленскім святаром, а кс. Ян Гавецкі — семінарыстам. Яна абодва прымалі ўдзел у шматтысячнай працэсіі вернікаў, якія выйшлі на вуліцы горада, каб быць на гэтай падзеі.

Пасля Імшы адбылася святочная сустрэча, на якой былі літоўскія стравы і песні, што пад акампанемент гітары і акардэона прадставілі вернікі з літоўскай дыяспары.

Імша на літоўскай мове рэгулярна адбываецца ў Мінску ўжо на працягу больш чым шасці гадоў.

Распачаў гэтую традыцыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Першым святаром, які апекаваўся супольнасцю, быў кс. Чэслаў Адамовіч, а з 2013 г. яго змяніў кс. Міхал Бубен. Імша адбываецца кожную трэцюю нядзелю месяца ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску ў 15.00.

Абноўлена 06.03.2019 23:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця