Пошук

10.01.2019 14:41   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: www.president.gov.by, Уладзіслаў Несцяровіч, Эльвіра Палінеўская, Алег Глекаў, кс. Юрый Санько / Catholic.by
Фота Уладзіслава Несцяровіча

9 студзеня ў Палацы Рэспублікі ў Мінску адбылося ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2018 г. Сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі Касцёла на Беларусі.

Па выніках мінулага года былі прысуджаны чатыры прэміі «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод іншых, прэмія была прысуджана калектывам Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай спадчыны.

 

Такім чынам, прадстаўнікі Касцёла на Беларусі ўжо ў шосты раз атрымалі прэстыжную ўзнагароду ад кіраўніка дзяржавы.

У 2005 г. пробашч парафіі св. Ганны ў в. Мосар кс. Ёзас Булька стаў першым беларускім каталіцкім святаром, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Гэтай прэміяй у розныя гады былі таксама адзначаны і іншыя прадстаўнікі мясцовага Касцёла: біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін (2006 г.), рэжысёр Юрый Гарулёў (2006 г.), дырэктар віцебскага аддзялення Caritas Віталій Кульпекша (2013), пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы кс. Чэслаў Курэчка МІС (2016 г.).

Па выніках 2018 г. прэмія «За духоўнае адраджэнне» была ўручана Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у склад якой ўвайшлі кс. д-р Ян Крэміс, д-р Марына Пашук, кс. ліц. Валерый Быкоўскі, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Лашук, кс. Францішак Кісель, маг. Антон Кузьміч, Марыя Барткова.

Праца калектыву ўключала ў сябе не толькі карпатлівую працу ў галіне перакладу тэкстаў Бібліі, але і актыўны ўдзел членаў групы ў сімпозіумах, канферэнцыях, круглых сталах і выставах.

Адной з апошніх навукова-культурных падзей стала выстава «Беларусь і Біблія», якая прайшла ў верасні–кастрычніку мінулага года ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Каталіцкі Касцёл тады выступіў кампетэнтным партнёрам і актыўным удзельнікам навуковых круглых сталоў, што сабралі прадстаўнікоў розных канфесій, прафесій і узростаў, якія прыехалі з блізкага і далёкага замежжа. Уласная пазіцыя і абгрунтаванасць навуковых высноў у сферы біблейскай герменеўтыкі выклікалі павагу ў сусветнай навуковай супольнасці.

Праца секцыі з’яўляецца прыкладам у сферы праявы ініцыятываў развіцця духоўных каштоўнасцяў. Вынікам гэтай працы стала яе прызнанне кіраўніком дзяржавы.

Падчас цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2018 г., прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове адзначыў:

«Лаўрэаты прэміі „За духоўнае адраджэнне“ — людзі, якіх аб’ядноўвае высакароднае імкненне зрабіць свет больш добрым і прыгожым.

Калі ўдумацца глыбей, то само паняцце „духоўнае адраджэнне“ для беларускага народа не проста прыгожая метафара — гэта гімн лёсу беларускага народа.

Шмат выпрабаванняў выпала на долю нашай роднай зямлі. Але яна заўжды адраджалася і пачынала квітнець яшчэ больш. Стагоддзямі выхоўваўся і гартаваўся наш нацыянальны характар. Мы сталі больш мудрымі, талерантнымі, а самае галоўнае — больш моцнымі ў сваёй веры ў дабрыню», — сцвердзіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што ва ўмовах, калі свет губляе духоўныя арыенціры, мы імкнемся захаваць унутраную чысціню.

«І гэта адбываецца не само па сабе, а дзякуючы асабістаму прыкладу і актыўнай дзейнасці цудоўных людзей з велічнымі ідэямі, высакароднымі імкненнямі. Людзей шчырых і бескарыслівых у сваіх справах.

Іх праца не вымяраецца лічбамі і нейкімі эканамічнымі паказчыкамі. Яна не мае цаны і, безумоўна, заслугоўвае прызнання дзяржавы на самым высокім дзяржаўным узроўні, павагі і ўдзячнасці ўсяго беларускага народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Даведка

Прэмія «За духоўнае адраджэнне» заснавана ў 1997 годзе.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь уручае пяць прэмій «За духоўнае адраджэнне».

Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» прысуджаецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

Фота www.president.gov.by

На саісканне прэміі могуць вылучацца дзеячы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры, аховы здароўя, адукацыі, навукі, сацыяльнай абароны, сродкаў масавай інфармацыі, прыёмныя бацькі, апекуны, свяшчэннаслужыцелі, іншыя асобы, а таксама аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы работнікаў.

Работы саіскальнікаў прэміі павінны быць абнародаваны (публічна паказаны, выкананы, апублікаваны або ўведзены ў эксплуатацыю) на працягу двух гадоў да завяршэння тэрміну вылучэння (да 1 кастрычніка года, за які прысуджаецца прэмія).

Прэмія прысуджаецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанай iм службовай асобай.

Лаўрэату прэміі ўручаецца Дыплом лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Такім чынам, Беларусь дае сведчанне сваёй выключнай і непаўторнай духоўнай культуры, а мясцовы Каталіцкі Касцёл прымае актыўны ўдзел у гэтым працэсе.

Прызнанне гэтага на сусветным узроўні пацвярджае і той факт, што 28 лістапада 2018 г. Будслаўскі фэст быў уключаны ў спіс духоўнай (нематэрыяльнай) спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

Абноўлена 10.01.2019 21:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця