Пошук

06.11.2017 11:16   svjazep.org

4 лістапада ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі і яго рэформа ўсходнеславянскага манаства. Служэнне Ордэна базыльянаў на беларускіх землях 1617 – 2017».

Канферэнцыя праходзіла пад патранатам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі і Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

Навуковую падтрымку канферэнцыі выказалі Генеральны архіў Ордэна базыльянаў у Рыме, Цэнтр навуковых даследванняў Collegium Suprasliense у Супраслі (Польшча) і Духоўны цэнтр Synergeia pro Oriente Christiano у Бары (Італія).

Удзел у канферэнцыі прынялі як айчынныя, так і замежныя навукоўцы з Італіі, Польшчы, Украіны і Расіі, а таксама духоўныя асобы, у тым ліку святары і манахі-базыльяне. На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Баранавіцкага райвыканкама.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дырэктар каледжа кс. Юрый Дрозд. Ад імя Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прысутных прывітаў прарэктар па навуковай рабоце Уладзімір Клімук.

Тэматыка дакладаў ахоплівала шырокі спектр пытанняў, звязаных з дзейнасцю мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага і гісторыяй Ордэна базыльянаў на беларуска-ўкраінскіх землях. У прыватнасці, доктар Антоніо Калізі (г. Бары, Італія) і протаіерэй Стэфан Батрух (г. Люблін, Польшча) у сваіх дакладах прааналізавалі навучанне св. Васіля Вялікага аб хрысціянскім духоўным жыцці, што пакладзена ў аснову манаскай традыцыі базыльянаў.

Адзін з галоўных даследчыкаў жыцця і дзейнасці мітрапаліта Руцкага – іераманах Парфірый Підручны (Рым, Італія) – разгледзеў, якія ідэі аб рэформе манаства ва Усходняй Царкве вылучыў у свой час Язэп Руцкі і ў якой ступені гэтыя ідэі былі рэалізаваны.

Вялікую цікавасць выклікала выступленне беларускага даследчыка, кандыдата гістарычных навук, намесніка дырэктара НАРБ Дзяніса Лісейчыкава. На падставе новых архіўных дакументаў ён зрабіў спробу рэканструяваць раннія гады жыцця мітрапаліта Язэпа і ўказаў пры гэтым на шэраг існуючых на сёння ў гістарыяграфіі міфаў, звязаных з яго біяграфіяй. Айцец Яўген Усошын прысвяціў свой даклад пытанню ролі базыльянаў у гісторыі Мінска.

Канферэнцыя ў Баранавічах стала добрай пляцоўкай для абмену думкамі і грунтоўнага абмеркавання ў сяброўскай атмасферы дакладаў, якія прагучалі на ёй.

Завяршылася канферэнцыя святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх звярнуў увагу прысутных на духоўную веліч постаці мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага і параўнаў яго з вядомым каталіцкім святым Каралем Барамеем, памяць якога ўзгадвалася ў гэты дзень – 4 лістапада.

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых артыкулаў.

Абноўлена 07.11.2017 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.