Пошук

10.05.2024 10:06   Тэкст: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

8 мая дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне сабраў прэзбітэрый Віцебскага Касцёла разам з манаскімі асобамі на чарговую сустрэчу на чале з пастырам дыяцэзіі біскупам Алегам Буткевічам.

Як паведаміў сайт Catholicnews.by, сабраныя напачатку абмяркоўвалі бягучыя пытанні парадку дня з прадстаўнікамі дыяцэзіяльнай курыі і біскупам, супрацоўнікамі каталіцкіх выдавецтваў, пасля чаго адбыліся тэматычныя канферэнцыі і супольныя малітвы.

Сёстры законныя разам з ксяндзом Анджэем Юхневічам ОМІ разважалі над тым, як плённа жыць Божым словам у штодзённым жыцці і як па прыкладзе Найсвяцейшай Панны Марыі дазволіць Божаму слову, каб яно нас фармавала.

Перад святарамі выступіў афіцыял Біскупскага суду дыяцэзіі, пробашч парафіі ў Лёзне ксёндз канонік Аляксей Ляшко, які на пачатку мая прадстаўляў Беларусь на Міжнароднай сустрэчы «Пробашчы для Сіноду», якая праходзіла ў Рыме.

Святар падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу і адчуваннем асаблівай прысутнасці там Духа Святога, а таксама пракаментаваў Ліст да пробашчаў, які напісаў Папа Францішак і які неўзабаве з’явіцца ў беларускім перакладзе.

Ксёндз Аляксей адзначыў, што ў ім Святы Айцец, між іншым, сфармуляваў тры прапановы, якія могуць натхніць жыццё і дзейнасць душпастыраў: запрашэнне жыць сваёй асаблівай харызмай служэння разнастайнымі дарамі, які сее Дух у народзе Божым; прапанова вучыцца і практыкавацца ў мастацтве распазнавання супольнасці; рэкамендацыя засноўваць усё на дзяленні і братэрстве паміж сабой і з біскупамі.

Сустрэчу працягнула адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цішыні, магчымасць споведзі, Маёвае набажэнства і канцэлебраваная святая Імша.

Паколькі сход духавенства і кансэкраваных асобаў адбываўся напярэдадні ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, біскуп Буткевіч у гаміліі разважаў над дзеяннем Духа Святога ў Касцёле.

«Вельмі часта гэтае дзеянне ў нас атаясамліваецца з харызмамі і рознымі дарамі: малітва мовамі, аздараўленне людзей, але Езус супакойвае нашыя думкі і кажа, што Дух Святы ёсць Тым, хто навучае і адкрывае праўду. І ты жывеш гэтай праўдай, якой з’яўляецца Езус», — падкрэсліў іерарх.

Пасля Імшы біскуп паведаміў пра мерапрыемствы і падзеі, запланаваныя на бліжэйшыя месяцы ў дыяцэзіі і ў Касцёле на Беларусі. Пастыр нагадаў, што 22 мая адбудзецца сустрэча катэхетаў у Віцебску, 1 чэрвеня — святкаванне Сусветнага дня дзіцяці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, працэсія Божага Цела ў Віцебску пройдзе 2 чэрвеня, а 5–6 ліпеня — Будслаўскі фэст; 11 ліпеня будзе праведзены адкрыты турнір па міні-футболе сярод міністрантаў у Мёрах, а з 19 па 21 ліпеня адбудзецца агульнабеларуская сустрэча моладзі ў Браславе.

Неўзабаве сваю працу ў дыяцэзіяльнай курыі і служэнні Касцёлу на Віцебшчыне завяршае айцец Клеменс Верт SІ, якога кіраўніцтва ордэна езуітаў скіроўвае ў Кыргызстан.

Біскуп Буткевіч шчыра падзякаваў святару за адданую і шчырую працу ў дыяцэзіі.

Акрамя таго, іерарх і яго бліжэйшыя супрацоўнікі павіншавалі сабратоў у святарстве, якія ў маі святкуюць памятныя даты. У гэтым месяцы 50 гадоў з дня нараджэння адзначае ксёндз канонік Эдвард Нарадоўскі, 35 гадоў святарства адзначаюць ксёндз Зянон Шчонхар MS і ксёндз Альфрэд Пяхота MS, срэбраны юбілей святарскага жыцця разам з дыяцэзіяй адзначаюць ксёндз Чэслаў Курэчка МІС і айцец Браніслаў Дашкевіч ОР, 20 гадоў з часу пасвячэння адзначаюць ажно чатыры святары: ксёндз канонік Віктар Місевіч, ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, айцец Яраслаў Славамір Банасяк OFMConv і ксёндз Генадзь Рэйшэль, а яшчэ трое святароў адзначаюць дзесяцігоддзе святарства: ксёндз канонік Аляксей Ляшко, ксёндз Іван Кароткін і айцец Павел Мажэйка ОР.

З нагоды 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі словы падзякі за шматгадовае служэнне Касцёлу на Віцебшчыне, кветкі і невялікія падарункі атрымалі ўсе прысутныя законныя сёстры і брат.

Абноўлена 10.05.2024 10:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.