Пошук

26.03.2024 13:22   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

23 сакавіка ў Гродне адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях, які прайшоў па вуліцах горада. У набажэнстве ўзялі ўдзел сотні вернікаў на чале з біскупам Гроджзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у мінулыя гады Крыжовы шлях не праводзіўся па прычыне пандэміі каранавірусу.

Сёлета вернікі зноў выйшлі на вуліцы горада над Нёманам, каб, удзельнічаючы ў гэтым набажэнстве напярэдадні Пальмовай нядзелі, якая распачынае Вялікі тыдзень, яшчэ раз перажыць апошнія хвіліны зямнога жыцця Езуса Хрыста.

Крыжовы шлях распачаўся ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.

Святыня была напоўнена вернікамі гродзенскіх парафій, якія сабраліся, каб ушанаваць Муку Езуса, а таксама каб вучыцца жыць і паміраць паводле Божай волі, верна і адважна несці жыццёвы крыж, які дае Бог.

На пачатку арганізатары набажэнства заклікалі прысутных ахвяраваць свой удзел у ім за душы памерлых, асабліва за ўсіх ахвяраў войнаў і тэрарыстычных актаў, а таксама за навяртанне грэшнікаў.

Потым удзельнікі рушылі за Езусам, які нёс крыж па вуліцах горада. Крыжовы шлях уключаў 14 прыпынкаў, на якіх вернікі ўспаміналі падзеі, звязаныя з жыццём Хрыста, разважалі пра Яго велізарны боль і пакуты.

Сёлета ўдзел у набажэнстве стаў для людзей выпрабаваннем, бо ўвесь час на яго працягу ішоў дождж.

Нягледзячы на непагадзь, на кожным прыпынку Крыжовага шляху адбывалася невялікае прадстаўленне, якое дапамагала ўдзельнікам глыбей засяродзіцца на пакутах Езуса і задумацца над сваім жыццём і паводзінамі.

Падрыхтаваць інсцэніраванае набажэнства біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч папрасіў вернікаў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы. У пастаноўцы было задзейнічана каля 40-а чалавек на чале з бераставіцкім пробашчам ксяндзом Вальдэмарам Слотам CSsR. Хоць сярод выканаўцаў няма прафесійных акцёраў, яны стварылі адпаведныя вобразы, гістарычныя касцюмы, глыбока ўвайшлі ў ролі евангельскіх персанажаў.

Удзельнікі Крыжовага шляху прайшлі вуліцамі горада да найстарэйшай гродзенскай святыні — касцёла Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскі), дзе набажэнства завяршылася.

Біскуп Кашкевіч, які ішоў сярод удзельнікаў, падзякаваў за тое, што да Крыжовага шляху, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, далучылася так шмат людзей, падзякаваў за любоў да Касцёла і Езуса Хрыста.

Таксама іерарх выказаў удзячнасць парафіянам з Вялікай Бераставіцы за працу падрыхтоўкі набажэнства.

На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне на плённае перажыванне Вялікага тыдня.

 

Абноўлена 26.03.2024 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця