Пошук

15.12.2023 18:03   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

15 снежня ў катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.

Пры гэта паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.

Агонь, які нагадвае, што хутка пачнуцца поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння, быў перададзены біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.

Звяртаючыся да прысутных у велічнай катэдральнай святыні, іерарх адзначыў, што сёлета акцыя перадачы агню адбываецца пад дэвізам «Ствараць мір».

Біскуп падкрэсліў, што «Пан Бог пасяляе мір у чалавечых сэрцах, таму ад кожнага з нас залежыць, ці дойдзе гэты дар усюды, куды павінен дайсці».

Усіх, хто будзе перадаваць агонь далей, біскуп Кашкевіч заахвоціў дзяліцца гэтым дарам, каб правесці святы Божага Нараджэння ў міры, а таксама несці надзею тым, хто адчувае яе недахоп.

«Будзем вестунамі міру найперш у нашых сем’ях і дамах, на месцах вучобы і працы. Будзем уносіць мір у нашы асяроддзі праз свае словы і ўчынкі, — заклікаў іерарх. — Няхай гэты агонь пагасіць усе канфлікты і ўсялякае напружанне, спрэчкі і непаразуменні, каб кожны чалавек на зямлі мог адчуваць бяспеку, любоў, павагу і разуменне».

Карыстаючыся нагодай, біскуп выказаў удзячнасць арганізатарам урачыстасці, тым, хто прынёс у Гродна Бэтлеемскі агонь як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да людзей у таямніцы свайго Нараджэння, і тым, хто панясе яго далей па Гродзеншчыне і па ўсёй Беларусі.

Іерарх заклікаў несці разам з гэтым агнём пасланне міру, каб свет рабіўся месцам надзеі.

Потым усе ахвотныя маглі запаліць ад Бэтлеемскага агню знічы, каб занесці яго святло ў свае дамы і сем’і. Такім чынам, на працягу кожнага дня да Божага Нараджэння кожны можа ўзяць гэты сімвал з сабой, каб адзначаць святы ў духоўнай лучнасці з зямлёй Збаўцы.

 

Абноўлена 15.12.2023 20:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа