Пошук

06.11.2023 12:25   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: кс. Павел Эйсмант / Grodnensis.by / Catholic.by

1 і 2 лістапада арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Адэльск (дэканат Гродна-Захад) і Гродна, каб узначаліць святыя Імшы і правесці набажэнства на могілках.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, ва ўрачыстасць Усіх Святых, 1 лістапада, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску — на малой радзіме арцыбіскупа заслужанага іерарха — сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Усіх сардэчна прывітаў пробашч адэльскай парафіі ксёндз канонік Віктар Мыслюк.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што святасць залежыць не ад кананізацыі, а ад жыцця чалавека, кананізацыя — толькі афіцыйнае пацвярджэнне святасці, і шмат людзей з’яўляюцца святымі без гэтага пацвярджэння.

Іерарх распавёў, што менавіта таму Касцёл вызначае адзін дзень, 1 лістапада, каб праслаўляць не аднаго святога, а ўсіх разам — вядомых і невядомых.

Арцыбіскуп нагадаў, што длоя таго, каб стаць святым, неабходна жыць згодна з Божым законам. На жаль, адзначыў ён, у сучасным свеце ўсё больш распаўсюджваецца спакуса выкарыстоўваць Бога для апраўдвання сваіх злых учынкаў. Часамі, па словах іерарха, чалавек нават абвінавачвае Бога ў тым, што грашыць, і кажа, што Бог павінен сцерагчы яго ад зла, бо ён веруючы. У выніку нават з’явілася формула: выкарыстаць Бога ці быць выкарыстаным Богам; адно вядзе ў пекла, другое — у неба.

Арцыбіскуп разважаў таксама аб тым, што ў сучасным свеце модным з’яўляецца слова «сэлебрыці», што азначае «славуты»: паэты, артысты, спартоўцы і іншыя — людзі, якія знаходзяцца на першых старонках газет і часопісаў, экранах тэлевізараў і ў інтэрнэце, людзі, пра якіх гаворыць свет.

У сувязі з гэтым арцыбіскуп узгадаў, што 25 гадоў таму памерлі Маці Тэрэза з Калькуты і англійская прынцэса Дыяна, якія абедзве былі вельмі славутымі і якіх ліберальныя медыя амаль што зраўноўвалі. 

«Мы не маем права нікога судзіць, бо гэта Божая справа. Але з упэўненасцю можам сказаць, што адна была жанчынай вялікай святасці, а другая — вялікай славы», — сказаў іерарх і дадаў, што Дыяна зрабіла вельмі шмат у сваім жыцці, асабліва ў галіне дабрачыннасці, аднак, падкрэсліў арцыбіскуп, святасць — гэта нешта большае, чым філантропія, чым і вызначалася Маці Тэрэза з Калькуты.

Учынкі міласэрнасці Маці Тэрэзы былі натхнёныя васьмю благаслаўленнямі Езуса, яна жыла імі радыкальна — дапамагала бедным так, як гэта чыніў Езус, шукаючы не сваёй, а Божай славы.

«Таму нельга блытаць святасць са славай — далёка не заўсёды славуты чалавек з’яўляецца святым», — сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што, аднак, былі і такія, якія адначасова былі і славутымі, і святымі: тая ж Маці Тэрэза з Калькуты — Нобелеўскі лаўрэат і святая. 

Маці Тэрэза не выкарыстоўвала Бога ў сваіх мэтах, а дазволіла Яму выкарыстаць сябе як інструмент міласэрнасці. Яна прыклад адрознення паміж тым, што значыць выкарыстаць Бога, і тым, што значыць быць выкарыстаным Ім», 

— патлумачыў іерарх.

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў браць прыклад з вядомых і невядомых святых, якія яднаюцца з вернікамі і моляцца за іх, «каб выбраць такую жыццёвую дарогу, на якой Бог будзе выкарыстоўваць нас, каб мы сталі святымі».

Увечары арцыбіскуп эмэрыт узначаліў набажэнства на могілках Адэльска, якое пачалося працэсіяй за памерлых.

У разважаннях арцыбіскуп засяродзіў увагу прысутных на тым, як важна памятаць аб сваіх каранях, сваіх продках, без якіх не было б нас. Ён адзначыў, што найлепшая памяць — малітва аб супакоі іх душаў.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што памяць аб продках адыгрывае ролю якара ў сённяшні час, калі пануе мода на «прэміяльнасць», калі людзі забываюцца пра вечнасць і канцэнтруюцца на справах гэтага свету.

Па яго словах, у святле біялагічнай праўды смерць з’яўляецца паражэннем, аднак у святле праўды Уваскрасення яна з’яўляецца перамогай, бо смерць не мае апошняга слова.

Вера ў Змёртвыхпаўстанне ператварае могілкі з месца дэманаў у месца анёлаў, якія чакалі ў грабніцы Езуса жанчын-міраносіц. 

«Хрыстус ахвяруе вечнае жыццё ўсім, хто верыць у Яго», — падкрэсліў іерарх і дадаў, што гэтую праўду вельмі добра адлюстроўвае надпіс на браме адных могілак: Janua Vitae  — «Брама жыцця» — гэта азначае, што на могілкі трэба глядзець як на каралеўства не памерлых, а жывых.

Менавіта таму, патлумачыў арцыбіскуп, Касцёл моліцца за памерлых з надзеяй, што жыццё пераможа.

Такім чынам успамін усіх памерлых аб’ядноўвае жывых і памерлых — Касцёл, які пілігрымуе і церпіць, каб павялічыць Касцёл, які трыумфуе.

«Некаторыя з нашых памерлых яшчэ не гатовыя ўвайсці ў радасць неба і знаходзяцца ў чыстцы, аднак Божая міласэрнасць бязмежная і мы дзякуючы сваім малітвам выпрошваем у Бога ласку іх вызвалення з чыстца», — дадаў іерарх.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі таксама паведаміла, што ва ўспамін усіх памерлых, 2 лістапада, арцыбіскуп эмэрыт узначаліў святую Імшу у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Разам з іерархам маліліся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і прэзбітэры на чале з пробашчам катэдральнай парафіі ксяндзом канонікам Янам Кучынскім.

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на тым, што урачыстасць Усіх Святых і успамін ўсіх памерлых вернікаў дапаўняюць адно другое.

Па яго словах, яны нівелююць розніцу паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, разбураюць бар’ер, які аддзяляе зямное жыццё ад вечнасці, і дазваляюць лепш спацігнуць праўду веры ў еднасць святых. Свет жывых дзякуючы гэтым святам уваходзіць у свет памерлых і наадварот, сказаў іерарх, параўнаўшы гэта з дарогай двухнапрамкавага руху.

Арцыбіскуп адзначыў, што памерлыя ўваходзяць у нашае жыццё, каб прыгадаць пра яго нетрываласць, бо час зямнога жыцця абмежаваны. Таму вернікі не могуць жыць згодна з вядомым у старажытным Рыме прынцыпам Carpe diem — «Выкарыстоўвай сённяшні дзень, бо заўтрашняга можа не быць», — надыдзе час, калі трэба будзе пакінуць усё — багацце, славу, тытулы і ўсё іншае, і застануцца толькі духоўныя каштоўнасці.

Па словах іерарха, з чыста чалавечага пункту гледжання смерць — паражэнне чалавека: ён столькі працуе і церпіць, і для чаго, калі ўсё трэба пакінуць, аднак у святле Евангелля веруючым неабходна глядзець на смерць праз прызму праўды Уваскрасення, якая дае надзею на вечнае жыццё.

«З гэтым перакананнем мы, жывыя, ідзем на могілкі, каб памаліцца за чыстцовыя душы, якія самі сабе не могуць дапамагчы, але Касцёл дае такую магчымасць нам. Мы можам атрымаць адпусты, ахвяраваць іх за памерлых і такім чынам дазволіць ім перайсці з чыстца ў неба»,

— нагадаў іерарх.

Ён заклікаў вернікаў не змарнаваць гэтай магчымасці, каб міласэрны Бог адарыў нашых памерлых радасцю вечнага шчасця ў небе.

Пасля Эўхарыстыі адбылася жалобная працэсія, на пачатку якой арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў надпіс на адных могілках: «Усё, чаго я дасягнуў у сваім жыцці, дасягнуў дзякуючы таму, што стаяў на плячах свайго таты». Так, нашыя продкі паклалі падмурак нашаму жыццю, і за гэта нашчадкі павінны быць ім удзячныя і маліцца за іх, сказаў іерарх.

Абноўлена 07.11.2023 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.